Яна ляжала на сьпіне ды плакала, бо нагу скруціла проста невыносна, ад любога яе руху, нават ад плачу, калена працінаў такі боль, што ёй стала цяжка дыхаць, а ў ступаку ўжо адгукалася рэха гэтага болю, ажыўляючы схаваныя там іголкі, – Вераніка ціха плакала й баялася пахітаць галавой, а Гілюк мітусіўся над ёй і прыгаворваў нешта неразборлівае. Спадніца хутка ўбірала ў сябе слоту, і неўзабаве Вераніка была мокрая ажно да бялізны, нага паказвала ёй з дакорам абцас, і зусім блізка смаркаліся машыны, кідаючы на Вераніку брудны сьнег і дарожную соль. Гілюк схапіў яе пад пахі ды паспрабаваў падняць, але яна заверашчала зусім па-дзіцячаму: “Балюча! Балюча, не чапайце!”, і тады Гілюк дастаў зь яе сумачкі тэлефон ды патэлефанаваў у лякарню, і махаў Вераніцы заклапочана рукой, калі яе забірала хуткая.
***
Эдзік праводзіў яе зазвычай да мэтро, цалаваў на разьвітаньне, ён заўсёды імкнуўся захапіць пацалункам хаця б край яе вуснаў, але Вераніка змахвала ягоныя вусны са сваіх ды падстаўляла шчаку. Потым – паўпусты вагон, перасадка, гайданка перад канцавой станцыяй, і потым прыпынак чатырыста першага, амаль што ў чыстым полі, за якім, недзе на недасяжнай адлегласьці, цьмяна пабліскваў ускраінны мікрараён.
У той вечар яна выехала дамоў позна, але вечар быў такі лагодна-цёплы, людзей на вуліцах было так багата, штурханіна, якая заўсёды ўзьнікае пад зямлёй бліжэй да адзінаццаці, была такая дабрадушная... Хіба што кожны другі маладзён спрабаваў разгледзець яе майткі пад летняй сукенкай, і даводзілася быць пільнай ды сачыць за тым, каб сумка ляжала ўвесь час на каленях. Яна выйшла на прыпынак, натоўп паўп’яных шчасьлівых людзей перайшоў на другі бок вуліцы ды атакаваў старыя тралейбусы, а яна засталася, задуменна паглядаючы ім усьлед, думаючы пераважна пра Эдзіка, зь якім трэба было неадкладна нешта рабіць... На яе прыпынку стаяла жанчына зь дзіцём ды цьмяна знаёмы мужык у празрыстай футболцы, які энэргічна жаваў жуйку. Вераніка стала воддаль, з-за лесу чуўся шум шашы, дзяўчына ў чорным зачыніла са скрыгатам шапік ды села ў таксі. Мусіў быць яшчэ адзін чатырыста першы, Вераніка ў гэтым не сумнявалася – ён і прапоўз міма іх, натужна адолеўшы пад’ём, кіроўца нават пасьміхнуўся, калі ёй не падалося. Аднак людзі стаялі, і гэта надавала Вераніцы ўпэўненасьці. Аўтобус мусіў зьявіцца, а далей кароткая прабежка празь Сьвет, ну, можа, са знаёмымі перакінуцца двума словамі, ды Юрку п’янага ля пад’езду суцешыць, і спаць; есьці, праўда, хацелася, але на ноч есьці – самагубства, гэта кожны ведае...