Мяне заўсёды цікавіла гэтае месца ў ягонай навэле “Бэрэніка” – тое, дзе гераіня раптам уваходзіць да Эгея ў бібліятэку й спыняецца на парозе, пакуль ён прагна й з жахам узіраецца ў яе цела, адзначаючы, між іншым, дзіўны колер валасоў. Я чытаў навэлу другі раз; прызнаюся, на радзіме яна не зрабіла на мяне ўражаньня. Але тут, на экране кампутара, набраная бледным, амаль блакітным, зь мярцьвяным адценьнем шрыфтам, яна шакавала мяне, нібы ў тую ноч Бэрэніка Эгея.
Ён успамінае: “хваля некалі смаляна-чорных валасоў спадала на лоб, запалыя скроні былі схаваныя пад густымі кудзерамі, якія пераходзілі ў агніста-жоўты колер, і гэтая незвычайнасьць афарбоўкі рэзка дысгарманавала са смуткам усяго яе аблічча”. Самое цела Бэрэнікі, у якім не было нічога пачварнага, сваімі кантрастамі выдавала ў ёй расьцьвілую асфадэль.
Яе валасы яшчэ растуць, але ж ёсьць і іншыя рэчы, якія пакуль што замінаюць нам заплакаць. На яе банкаўскі рахунак пераводзяцца грошы, на яе тэлефон паступае сыгнал з бліжэйшае тэлефоннае мачты, і яе чакаюць заўтра ў Палацы моладзі. Рахунак за кватэру, які ляжыць у паштовай скрыні, улічвае наяўнасьць на сьвеце менавіта гэтай Веранікі, а не якой-кольвечы іншай, і пашпартыстка гатовая выдаць ёй даведку пра тое, што яна жывая. На яе імя запісаная мікстура для бацькі, якую трэба забраць сёньня з Цэнтральнае аптэкі.
Яе імя. О, маю Вераніку, дзякуючы яе бацькам, што выбралі яго, можна было так лёгка расьцягнуць па частках, і кожная ўпрыгожыла б асобны літаратурны салён! Валасы Веранікі, зубы Бэрэнікі, царыцы, пэрсанажы, сьвятыя!.. Я нават хацеў стварыць нешта ў яе гонар, у нашыя найлепшыя зь ёй часіны. Верш або песьню. Інтэрнэт зруйнаваў мае ілюзіі. Незнаёмыя нікому, апрача сваіх friends, аўтары, уладальнікі мёртвых livejournals, ляўрэаты тупых прэміяў і вечна юныя клясыкі онлайну даўно скарысталі яе ймя і ўсё, што яго аздабляла, нашчоўкалі сваіх аднаразовых тэкстаў ды выкінулі іх, бы выдалілі спам.
2.
На дзясятым коле Вераніцы здавалася, што ногі ёй ужо не належаць, – яна пакутліва ляцела над разьбітым асфальтам, пакрытым кветачнымі язвачкамі, а ногі беглі побач, то наганяючы Вераніку, то адстаючы; прыцяжэньне бурай зямлі паабапал дарожкі станавілася ўсё больш навязьлівае. З роспаччу яна намагалася ўспомніць гэтае адчуваньне роднаснасьці з уласнымі нагамі, прымусіць сваё цела зноў кіраваць імі, якія хрыпла брахалі недзе ўнізе, бы дакучлівыя, злыя сабакі. На наступным коле ногі літаральна блыталіся ў нагах – страшнае адчуваньне, бо прабегла яна значна менш, чым думала, потым яна ўжо й ня бачыла ног, перад вачыма толькі трэсьліся грудзі, балючыя, нацертыя нелюбімым шэрым станікам. Да настаўніка, які трымаў перад сабой сэкундамер, было як да месяца, але вось нарэшце і ён: Вераніка ведала, што настаўнік махне рукой перад самымі грудзьмі, сыгналізуючы пра апошняе кола, але самога сыгналу ня бачыла, бо бегла з апушчанай галавой, на дне якой боўталася яе перапуджанае сэрца. Яна б узьняла галаву, яна б нават закусіла вусны ды прышпорыла сябе, калі б там, у канцы кола, стаяў нехта, чакаючы толькі Вераніку ды нікога болей, з кветкамі, з шырокімі абдымкамі, хто-небудзь, на чыіх грудзёх яна б змагла суняць ліхаманкавае дыханьне, але там быў толькі цярплівы фізрук, у чарзе да якога яны бавілі час, на бляск сэкундамера якога яны паслухмяна зьбягаліся. Чаму яна робіць гэта? – таму што так трэба. Ну, не з жаданьня ж стаць здаравейшай, якое там здароўе, галава баліць кожны дзень і ванітуе часта з раніцы, – толькі дзеці могуць верыць, што спорт карысны дзяўчатам, а чаму яна гэта робіць? – таму што так трэба. Тамуштотактрэба, тактрэба, тактрэба... Яе ногі ў кароткіх сініх шортах марудна падалі перад ёй ды падымаліся, і перад вачыма заходзілі адна за адну ненавісныя канструкцыі – лесьвіцы, канаты, бярвеньне, за нэўтральнай паласой дзьмухаўцоў. Недалёка хлопчыкі расьпіналі кагосьці на перакладзіне. Яшчэ адзін год, яшчэ адно кола. Настаўнік асьцярожна ступіў на дарожку, махнуў рукой, ледзь не закрануўшы рэшткі Веранікі, ды адскочыў назад, на дзьмухаўцы.
Яна падае ў прымятую траву, ды на самы копчык, але моцы ўскрыкнуць ужо няма, з ног ідзе доўгі бесьперапынны, пранізьлівы гудок, закладвае вушы, яна адчувае, як пахнуць, астываючы, тоўстыя дзяўчаты, што шумна аддыхваюцца поруч. “У мяне ледзь матка ня вывалілася,” – абвяшчае Таня, якую летась пакінулі на другі год, ды рагоча, фізрук не зважае на гэтую гучную заяву. Вераніка кладзецца на сьпіну, неба ды сэрца паволі вяртаюцца на свае месцы, яна пастаўляе ветру ногі ды думае пра тое, як прыемна было б цяпер зьняць станік, ды шорты, ды майку з мокрым малюнкам, што залез пад пахі... А яшчэ не дае спакою пытаньне, ці не апошняя яна. Вераніка гладзіць свае ногі ды ўзіраецца, мружачыся, у заліты сонцам стадыён: не, не апошняя, яна ў сярэдзіне, вось яшчэ бягуць, і вось тая паўзе, і вось тую калоціць на хаду ад перадапошняга кола. Кагосьці настаўнік стрымана пахваліць, з кімсьці пажартуе, а тым вунь скажа абавязкова нешта прыніжальнае, ён бяз гэтага ня можа, а Вераніцы нічога ня скажа, і дзякуй богу.