Ёй пашанцавала, яна адчыніла дзьверы й пабачыла Антонавіча ўласнай пэрсонай. Адразу ж нейкае шаснаццатае пачуцьцё падказала ёй, што ў звычным інтэр’еры памяшканьня на гэты раз маецца прыхаваная загана. Спачатку, апынуўшыся за сьпінамі навучэнцаў, яна не магла ўцяміць, у чым жа тут справа. Два дзясяткі дзяцей, што стаялі паўколам ды моўчкі глядзелі перад сабой, таксама насьцярожылі Вераніку – надта ўжо сур’ёзнымі былі іхныя вочы, дзеці, здавалася, намагаліся зразумець, што адбываецца. І толькі потым, сярод стракатага, вясёлкавага абсталюнку пакоя, Вераніка пабачыла Антонавіча.
Начапіўшы круглы клоўнскі нос і намаляваўшы сабе рознае велічыні румяныя пляміны на шчоках, голы па пояс Антонавіч выконваў, хістаючыся й ледзь ня падаючы на зваленую проста ў куце купу бліскучых пакамечаных касьцюмаў, дзіўны сутарговы танец ды яшчэ мармытаў нешта весела сабе пад нос. Пад жыватом ягоным вольна й крыху непрыстойна боўталіся канцы расшпіленага паса, але самае цікавае было нават ня гэта. Антонавіч пабачыў Вераніку, сарамліва й бязглузда ўсьміхнуўся, навучэнцы расступіліся, даючы ёй прайсьці, а Вераніка з жахам глядзела, як па нагавіцах клоўна распаўзаецца мокрая пляма. І гэтаксама, як пляміна, шырыўся ды апаноўваў Вераніку гідкі, млосны жах. Яна не магла паварушыцца, проста стаяла ды ў здранцьвеньні чакала, пакуль Антонавіч спыніцца – але ён, здаецца, сам быў зьдзіўлены й пазьбягаў глядзець уніз.
– Вы чым тут займаецеся? – прамовіла нарэшце Вераніка.
– У нас гэтыя... практычныя... – нясьмела сказаў аднекуль зьнізу тоўсты хлопчык бяз двух пярэдніх зубоў.
– Малайчына, – выцягнуў шыю зьніякавелы Антонавіч. – Які малайчына.
– Так, у вас сапраўдны майстар-клас, – нахмурылася Вераніка. – Антонавіч, патлумачце мне самі, добра?
Ёй спадабаўся ўласны голас, у ім нечакана абудзілася дзіўнае жалеза. У Веранікі на нейкае імгненьне заняло дыханьне ад незнаёмага раней, цеснага, пякучага адчуваньня – адчуваньня ўлады над гэтым клоўнам, які толькі што ледзь не паваліўся на цыркавыя касьцюмы. Яна ведала, што цяпер, у гэты момант, яна мае поўнае права гаварыць зь ім так і не выбіраць выразаў, і нават даць, калі спатрэбіцца, Антонавічу поўху, – неаспрэчная праўда знаходзілася за сьпінай Веранікі, і было прыемна адчуваць яе каменны халадок.
– Дык гэта, – ашчэрыўся Антоныч, – гэта самае...
Раптам у пакоі пачуўся гучны рогат, касьцюмы пад нагамі Антонавіча заварушыліся, і адтуль паднялася, напалохаўшы хіба Вераніку, але не дзяцей, якія, відаць, ведалі пра яе існаваньне, ускудлачаная, пакамечаная бы скарыстаная паперчына, зь вялікімі, цёмнымі ці то ад касмэтыкі, ці то ад хваробы вачыма старая лялька. Лялька рагатала, пацяшаючыся разгубленасьцю Веранікі, ды не магла ніяк спыніцца. Толькі цяпер Вераніка заўважыла тое, што яе з самага пачатку зьбянтэжыла, але ўдала прасьлізнула міма ўвагі: тры брунатыя бутэлькі, якія стаялі пад сталом, пара плястмасавых шкляначак, акуратна выкладзеная на газэце каўбасная шкурка, фальга танных цукерак...
– Абасцаўся, – сьмяялася лялька, – казала яму, будзе як тым разам, а ён!..
Вераніка закусіла вусны, а Антонавіч, мітусьліва зашпільваючы пас, адступаў да сьцяны. Лялька, якая аказалася пажылой заспанай жанчынай, урэшце здушыла ў сабе апошні сьмяшок ды ікнула.
– Жонка мая, зь Сібіры вярнулася, радасьць мая, – нёс Антонавіч поўную лухту, – Веранічка, я вас пазнаёмлю...
– Ідзіце дамоў, заняткі скончаныя, – спахапілася Вераніка, якая ўсё не магла адвесьці погляд ад нагавіцаў Антонавіча, і навучэнцы кінуліся да выйсьця. Антонавіч прыхіліўся сьпінай да сьцяны, а лялька, пасьмейваючыся, апранала паліто і ніяк не магла трапіць у рукавы. Вераніка цьвёрдым крокам падыйшла да клоўна й працягнула да яго руку.
– Не! – мэлядраматычна закрычаў Антонавіч ды закрыў далоняй твар. Аднак Вераніка, не зважаючы на густы, так знаёмы ёй зь дзяцінства перагар, лёгка перадолела старэчы супраціў і сарвала зь перакошанай пысы чырвоны мяккі нос. І тады Антонавіч зь лямантам схапіўся за аголенае месца рукамі, нібы Вераніка нанесла яму крывавую рану.
У той дзень яна думала нядоўга і ўжо пасьля абеду распавяла ўсё дырэктарцы. “Ну натуральна, натуральна, такім ня месца ў дзіцячай установе!” – перабольшана ўсхваляваным голасам усклікнула дырэктарка й зараз жа звольніла Антонавіча, хаця насамрэч, і Вераніка не магла знайсьці гэтаму тлумачэньня, ня надта каб і зьдзівілася.
***