Гэта была ўсяго толькі маленькая сярэбраная кропелька, нібы сьлед бліскучага скорага дажджу, якая не пасьпела высахнуць на яе носе. Вераніка йшла да кабінэту не сьпяшаючыся, даючы ўсім магчымасьць ацаніць перамену, але зьвярталі на яе ўвагу адно жанчыны, а вось Ён – Ён нават не зірнуў на яе твар, падпяваючы няўважна музыцы ў навушніках, кіўнуў толькі і зьнік за сваімі дзьвярыма. У кабінэце Вераніка яшчэ раз разгледзела завушніцу, мініятурны шрубок якой зусім было не відаць, перад вялікім люстэркам, і знайшла, што правільна абрала й памер, і колер. Надзела цёмныя акуляры, потым зьняла, потым зноўку надзела. Вывучыла сябе ў профіль, палюбавалася, як незалежна й з годнасьцю загараецца каштоўная кропачка, калі павярнуцца да шкла, ці, напрыклад (яна ўзьняла падбародзьдзе, адкінула з ілба валасы) да суразмоўцы, да суседа, да Яго – вось так, або вось так. Прыгожа. І ніякае чырвані сёньня, як і абяцалі.
Незадоўга да абеду яна йшла па калідоры, у канцы якога парыпвала наросхрыст адчыненае акно, да Алы, ішла па справах і нарэшце сустрэла Чэслава. Той завушніцу адразу заўважыў, і, вядома ж, яму закарцела дакрануцца да яе пальцам, Вераніка гэта стрывала, яна насамрэч сапраўды хвалявалася, усе навокал казалі, што пажылыя людзі не асабліва любяць такія рэчы. Аднак Чэслаў быў і насамрэч сваім чалавекам, хаця й зь сівымі валасамі ў вушах. “А для чаго гэта?” – толькі й пацікавіўся ён, – “Што гэта азначае?”. “Нічога”, – зьбянтэжылася Вераніка. “Гэта знак прыналежнасьці... да нейкае маладзёжнае групоўкі?” – не адставаў Чэслаў, дабрадушна пагладзіўшы Вераніку па галаве. “Хіпуем?”. “Ды не, не,” – замахала Вераніка рукамі, намагаючыся ветліва скінуць са сваіх валасоў руку Чэслава. “Проста прыгожа, модна...”. “Ды ведаю я, унучка!” – засьмяяўся добразычліва Чэслаў, прыбіраючы руку. “У гэтай нашай зоркі, Анжалікі, таксама увесь нос у золаце! А яшчэ пуп! Ты сабе ў пуп нічога ня хочаш засунуць, унучка?”. Вераніка разгублена ўсьміхнулася. “Добра, бяжы працуй!” – Чэслаў зноў пагладзіў яе па галаве. “І не згубі абноўку!” – крыкнуў ён наўздагон Вераніцы, і яна з палёгкай выдыхнула: пранесла. Усё ж пашанцавала ёй з начальнікам.
Тым большым было яе зьдзіўленьне, калі праз тыдзень ёй патэлефанавала з суседняга кабінэту Ларыса. Пачала Ларыса здалёк, але потым раптам змоўкла, ня скончыўшы фразы, ды прашыпела незадаволена ў слухаўку:
– Ты ўсё ж здымі сваё колца!..
– Якое колца?
– З носу завушніцу здымі! Я, канечне, разумею, выглядае й праўда файна, але вось наш Карлавіч...
– А мне ён нічога такога, – запярэчыла Вераніка.
– Ён проста чалавек, ня тое што другія начальнікі. Дарма што мужык... Чэслаў вельмі перажывае, кажа, што дзе заўгодна, але на дзяржаўнай службе... Здымі, Веранічка, прашу, Чэслаў пігулкі ажно піў, так расхваляваўся. Сама бачыла.
– Але ж нідзе не забаронена...
– Здымі, Вераніка, богам прашу. Шкада старога.
І яна зьняла, вырашыўшы, што будзе надзяваць пасьля працы й на выходныя, але завушніца патрабавала толькі поўнае адданасьці, на гульню ў хованкі яна не былі згодная, толькі так: каханьне або забыцьцё. І Вераніка яе разумела, і падарыла ўрэшце практыкантцы-пітэкантрапцы, перад тым, як тая сыходзіла з аддзелу давучвацца. Невялікая страта, дый зброя так сабе.
***
Амаль усе крэўныя Веранікі па бацькавай лініі мелі такі вось нос: разьдзелены напалам на кончыку вузкай прадаўгаватай умяцінай. Самой Вераніцы пераймацца з гэтае прычыны было няма чаго, у яе радавая рыса пакінула відавочна найменшы сьлед, толькі калі вельмі ўжо прыгледзецца, паклаўшы Веранічыну галаву сабе на калені, можна было пабачыць на яе носе тонкую кароткую лінію, якая хіба абазначала, але не праводзіла выразнае мяжы, пагранічнага рову між палавінкамі. Карацей, Вераніка ніколі не адчувала шкоды ад уласнага носу. Ад іншых частак цела – так, мы ўжо ведаем, ад якіх асабліва, але нос – бацькаў нос быў да яе літасьцівы.