– На якой падставе? На той, што я шалом прускі надзеў? Дык заўтра ў іх мільён мурынаў у прускіх шаломах у чаргу па азыль стануць. Ці скажу: разумееце, панове, такая вось халера, нам, звышчалавекам, за Бугам правы ўціскаюць! Дык яны мне адкажуць: таварыш, гэта ў нас даўно дэмакратыя і роўнасьць, а звышчалавекам якраз у вас раздольле! Не, Хведар. Ня хоча сьвет, каб я на захадзе ваяваў. На ўсходні фронт выпраўляе. Так што яшчэ некалькі дзён папрацую з вамі, боты цешчы набуду – і на ўсход. А на павозку ты Буяна пасадзіш.

Андрэ памаўчаў крыху і з сумам дадаў:

– А ідэя сапраўды геніяльная, нават шкада, што мне зьяжджаць трэба!

Пад такія размовы вечар, які абяцаў быць вясёлым, прыняў сур’ёзны абарот і неяк сам па сабе разваліўся. Абгаварыўшы дэталі заўтрашняга дня, Андрэ пакінуў маршалка на гвалтаваньне засмучанаму Хведару, а сам адчыніў акно і вылез на пакаты схіл даху. Піць больш не хацелася. Ён запаліў цыгарэту і паглядзеў на неба.

Цяжарная поўня вісела над горадам. Прахалоднае паветра восені прасьлізгвала ў ноздры салодкім успамінам мінулага жыцьця. «Так, – падумаў Андрэ, калі ёсьць іншы горад, у якім я мог бы застацца, – гэта толькі Бэрлін. Але мне трэба ехаць далей. І справа ня ў візе. Можа, сапраўды я ваўкалак і не магу жыць бяз нашых балотаў?»

Поўня глядзела на яго і нібыта шаптала ў адказ: «Так, ты сапраўды ваўкалак. Табе трэба ехаць далей…»

<p>Крупнік</p>

Цякаць! Уцякаць! Уцякаць! Уцякаць без аглядкі! Хутчэй адсюль, хутчэй – на ўсход! Дахаты! Шнэль, зараз жа руш! Ад’яжджай! Ну чаму? Чаму стаім? Ужо хвіліну як павінны былі ад’ехаць! Дзе германскі парадак? Поўны бардак на чыгунцы! Шнэль, шнэль – дадому! На ўсход! Хутчэй бегчы! Бегчы, не азіраючыся! Бегчы, бегчы, бегчы!»

«Цьху ты, чорт! Нарэшце рушылі! Давай! Давай! Хутчэй разганяйся! Рухай цыліндрамі, поршнямі, коламі! Набірай хуткасьць! Гані! Ляці без аглядкі – хутчэй на ўсход! Едзем… Едзем… Ужо едзем! Ужо не дагоняць! Халера бяры, гэта параноя! Параноя, як яна ёсьць! Прыступ. Скаты, сукі, падлы! Параноя. Супакойся! Ужо не дагоняць! Ты ў бясьпецы! Ты ўжо едзеш. Але яшчэ ёсьць мяжа! Могуць чакаць там! Франкфурт. Франкфуртна-Одры. А калі там? Чорт вазьмі! Рана я зьняў паранджу! Ідыёт! Як жа я не падумаў? Навошта пайшоў у прыбіральню і зьняў паранджу? Засунуў яе ў заплечнік. Можа, зноў апрануць? Не. Тут няёмка. Людзі глядзяць. Пайсьці ў прыбіральню? І вярнуцца на сваё месца ўжо ў паранджы? Крэтынізм! Навошта ты зьняў паранджу? Але хутка будзе мяжа. Праверка пашпартоў. Як растлумачыць памежнікам, што я ў паранджы? Сказаць, што араб? Мусульманін? Гей-мусульманін? Пасіўны гей-мусульманін? Мусульманскі пэдэраст? Зь беларускім пашпартам? Ды яшчэ і ў прускім шаломе! Крэтын! Ідыёт!»

Андрэ сядзеў у купэ цягніка, што хвіліну назад крануўся з пэрону «Бэрлін-Остбанхоф» і набіраў хуткасьць у напрамку Варшавы. Ніколі яшчэ ён не пакідаў горад у такім замяшаньні духу. Думкі кароткімі, як прастакутныя штампы, сказамі адбіваліся ў мазгах. За вокнамі праплываў шэры дзень. Восень ужо ўзяла сваё, і горад разьвітваўся з Андрэ пахмурнай неакрэсьленасьцю, гатовай разрадзіцца доўгім нудным дажджом.

«Не, у паранджы нельга! Гэта выкліча падазрэньні. Нельга прыцягваць увагу. Трэба быць непрыкметным. Але як быць непрыкметным у прускім шаломе? Можа, зьняць? Заткніся!

Хутчэй, хутчэй на ўсход! Бегчы! Ляцець! Уцякаць!»

«Якая ідыёцкая штука – жыцьцё! Яшчэ ўчора ты будаваў на яго пляны, але раптам пстрык – усё перакульваецца – і ты бяжыш, бяжыш, бяжыш у невядомае. Раніцай тваё жыцьцё было ўладкаваным, усё ў ім цякло плаўна, запраграмавана на колькі гадоў наперад, а ў дзень усё бурыцца. І ты ўжо злачынца. І ты не разумееш, чаму яно не папярэджвае цябе, а выбівае зэдлік з-пад ног рэзка, раптоўна. І быццам пляны ты будаваў, а ўжо вісіш на нітачцы лёсу, і ступакі тваіх ног калышацца над зямлёй, як ківач Фуко…»

«Чорт вазьмі, чаму гэтыя два палякі, што сядзяць насупраць, так дзіўна пазіраюць на мяне? Ну вядома. Яны думаюць, што я вар’ят. Яны бачылі, як я зайшоў у купэ ў паранджы, а затым выйшаў у прыбіральню і вярнуўся ўжо безь яе. Але, можа, гэта прыйшоў другі чалавек… А той першы проста пераблытаў купэ. Яны ж ня бачылі твару. Яго хавала сетка. Не, яны заўважылі шпіль шалома. Ён тырчаў з чорнага балахону. Так, гэтая парачка ведае, што гэта я. Ну і хрэн зь імі! Якое гэта цяпер мае значэньне? Яны мне не пагражаюць. Галоўнае, каб тыя, іншыя, не пазналі мяне. Халера, які агромністы горад. Усё едзем… едзем… едзем… і ніяк ня можам выехаць зь яго!»

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги