«Шнэль! Хутчэй выяжджай! Давай, дарагі! Дахаты! Дадому! Ляці на ўсход! А калі яны паведамілі ў паліцыю? Тады ўсё! Алес капут! У Франкфурце ўжо будуць чакаць. Але ў іх няма маёй фатаграфіі. Навошта ім фатаграфія! Ёсьць прыкмета. Прускі шалом. Так! Яны пазнаюць мяне па шаломе! Чорт! Што рабіць? Зьняць шалом? Не, яны не паведамяць у паліцыю. Яны ня любяць паліцыі. Яны вырашаюць пытаньні самі. Калі б паведамілі – мяне б ужо схапілі. Сволачы, самі ж усё заварылі. Казлы! Галоўнае – перасячы мяжу. Там, за Одрай, я ў бясьпецы. Колькі яшчэ да мяжы? Каля гадзіны. Параноя, маць вашу, параноя!»
«Так, палякі паглядаюць на мяне з асьцярогай. Думаюць, я б
– Панове едуць да Варшавы?
– Так. А пан?
– Таксама да Варшавы.
«Чорт, нешта размова ня клеіцца! У купэ зноў напруга. Трэба зараз жа пайсьці ў туалет і змыць гэтую фарбу. Хутка Одра. Памежнікам таксама не спадабаюцца мае зубы. Бяззубы і ў шаломе. Падазрона. Пачнуць правяраць, рыцца ў заплечніку. Знойдуць паранджу і бот. Падумаюць, што я ісламскі тэрарыст. Зьнімуць зь цягніка да высьвятленьня. Трэба пазбавіцца ад паранджы. Выкінуць яе ў акно. І туды ж бот. А калі яшчэ спатрэбяцца? Калі ў Варшаве ў іх таксама свае людзі? Ды й шкада. Паранджу мне дала Інгрыд. Адзіны падарунак, які ад яе застаўся. А бот мне не прышыюць. Так, але ён адзін. Падазрона… Нічога. У горшым выпадку адкруцяць абцас, каб спраўдзіць, што там я хаваю. Шкада, зь Інгрыд, мабыць, ужо ніколі не пабачымся. Яна нават не змагла праводзіць мяне на вакзал. Гэта было рызыкоўна. Разам нас маглі вылічыць. Толькі абняла мяне ў Тахелесе перад дзьвярыма на вуліцу. Пацалавала, накрыла твар чорнай сеткай і сказала: «Бывай!»
Узяўшы заплечнік, Андрэ выйшаў з купэ. Нэрвова азірнуўся па бакох і пайшоў у прыбіральню. Зубы адмываліся зь цяжкасьцю. Хведар фарбаваў іх нітраэмальлю, таму неабходны быў ацэтон, альбо заставалася чакаць, пакуль фарба сама зьлезе з часам. Ён паспрабаваў пакалупаць зубы дзесяціцэнтавай манэтай. Дзе-нідзе фарба паддалася, таму ў цэлым грымаса зьмянілася на нешта незразумелае, падобнае ці то на зубную праказу, ці то на карыесна-парадантозную цьвіль.
«Прасьцей зноў пафарбаваць іх белай фарбай. Ну, Хведар, дзякуй. Не здагадаўся кінуць у заплечнік цюбік бялілаў. Добра, зраблю гэта ў Варшаве. А пакуль буду сур’ёзным. Паспрабую на мяжы без патрэбы зубоў ня скаліць».
Андрэ вярнуўся ў купэ. Спадарожнікі моўчкі сядзелі й чыталі газэты. Узяўшы нейкую газэту, што ляжала побач, ён зрабіў выгляд, што таксама чытае.
«Так, гэта слушная ідэя! Як я адразу не дадумаўся? Усе шпіёны ў фільмах прыкрываюцца газэтамі. На мяжы ўткнуся ў яе і зраблю выгляд, што мне ўсё пофіг. Трэба толькі вышэй трымаць, каб шпіль не тырчаў. Някепска было б яшчэ дзьве дзіркі для вачэй зрабіць, каб бачыць, што вакол адбываецца. Так, добрая думка!»
Ён дастаў з заплечніка сьцізорык і, прарэзаўшы дзьве дзіркі для вачэй, ізноў паднёс газэту да твару. Скрозь сьвежазробленыя вочкі Андрэ ўбачыў, як два паны насупраць неяк зьдзіўлена пераглянуліся між сабой і з трывогай зірнулі на яго. «Чорт, заўважылі!» – раздражнёна падумаў Андрэ і нечакана спытаў:
– Панове, ці няма ў вас часам цюбіка бялілаў? А то зубы лушчацца, няблага б падмаляваць!
«Яны мяркуюць, што я псых. Трэба падыграць – хай так лічаць. Для кансьпірацыі гэта нават лепей».
Панове зноў моўчкі пераглянуліся і, адказаўшы: няма, – утаропіліся ў свае газэты.
«Пад’яжджаем. Гэта ўжо Франкфурт. Хутка будзе вакзал і праверка дакумэнтаў. А калі ўсё ж такі паведамілі? Уяўляю, як памежнікі ўзрадуюцца, убачыўшы мяне ў купэ. Выклічуць паліцыю – і бывай, Фатэрлянд. Надоўга. А калі не паведамілі, але самі чакаюць на пэроне? Зойдуць у цягнік і пойдуць шукаць па вагонах. Зазірнуць у купэ і – О! Ба! Якая сустрэча! Вось ты дзе, наш дарагі! А мы цябе даўно чакаем! Усе ногі зьбегалі! Ну добра, і што яны зробяць? Пачнуць калашмаціць проста ў вагоне? Пры сьведках? Уяўляю, як перапалохаюцца гэтыя палякі. Не, усё ж, мусіць, паспрабуюць выцягнуць на пэрон. Трэба папярэдзіць паноў, каб у такім разе неадкладна выклікалі паліцыю. Тады ўжо лепш у паліцыю. Як бы гэта ім растлумачыць? Яны й так лічаць мяне ненармальным. Падумаюць, што гэта бязглузьдзіца. Гэта і ёсьць бязглузьдзіца – паранаідальная бязглузьдзіца! Параноя, маць вашу, параноя! Супакойся! Чытай газэту!»
– Пшэпрашам, вы не маглі б, калі раптам мяне пачнуць выцягваць з вагону, выклікаць паліцыю?
– Пану хтосьці пагражае?
– Ды не, з чаго вы ўзялі? Я так, на ўсялякі выпадак. Люблю падстрахавацца ад любой нечаканасьці.
– Добра, пан, выклічам паліцыю.