
Драма прысвечана лёсу Васіля Вашчылы і яго бліжэйшых паплечнікаў пасля Крычаўскага паўстання. На падставе архіўных сведчанняў драматург здолеў стварыць пераканаўчы вобраз кіраўніка паўстання, раскрыць яго характар усебакова і поўна.
Іван Чыгрынаў
Следчая справа Вашчылы
Дзеючыя асобы
Васіль Вашчыла — кіраўнік Крычаўскага паўстання на Магілёўшчыне.
Іван Карпач,
Стась Бочка — войты.
Іван Бочка — пісар праўлення.
Мікола — сотнік.
Мартын — меншы Вашчылаў сын.
Лявонцьеў — генерал-губернатар у Кіеве.
Бястужаў-Румін — граф.
Максімовіч — палкоўнік старадубскі.
Гарнастаеў — прэм’ер-маёр.
Карчмар у Кіеве.
Карчмар па дарозе ў Мглін.
Карчмар у Старадубе.
Манах.
Шленца — ротмістр літоўскай харугвы.
Пішчык — шляхціч.
Геранім Радзівіл — літоўскі падчашы, князь.
Афіцэр.
Судзейскі.
Стражнік першы.
Стражнік другі.
Рэйтар.
Чорны дзяцюк.
Дойліды.
Драгуны.
Княская варта.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Карціна першая
Гарнастаеў. І яшчэ, ваша вышэйшасць (
Лявонцьеў. Што ён за чалавек?
Гарнастаеў (
Лявонцьеў. Што яго змусіла зноў перакінуцца ў Расію?
Гарнастаеў. Тлумачыць, што жыць у старастве стала цяжка, не хоча заставацца больш на чужой старане.
Лявонцьеў. Цяпер не хоча, а тады хацеў! Дзе ён цяпер, гэты Вашчыла?
Гарнастаеў. Трымаем у Пячэрскай турме.
Лявонцьеў. Вось што, прэм’ер-маёр, мне хочацца самому паглядзець на гэтага чалавека. Пагаварыць з ім. Справа ў тым, што за князем Радзівілам у Крычаўскім старастве шмат падданых Яе Імператарскай Вялікасці. Гэта дакладна вядома. Але ўсе яны беглыя з Расійскай імперыі. Па загаду Калегіі замежных спраў нам належыць пачаць перамовы з польскімі ўладамі, каб вярнуць адтуль расійскіх падданых. Думаю, што гэты Вашчыла многае ведае і з яго слоў можна шмат высветліць. Магчыма, што якраз з яго дапамогай нам удасца схіліць некаторых добраахвотна перайсці ў Расію.
Гарнастаеў. Калі вашай вышэйшасці будзе прыстойна дапытаць перабежчыка?
Лявонцьеў. Марудзіць не стану. Самі разумееце, справа дзяржаўная. Граф Бястужаў-Румін ужо каторы месяц запытанні шле. Я, прызнацца, доўга раздумваў, як падступіцца да гэтай справы, з якога боку, але цяпер… раз гэты Вашчыла ў нас, можа, сапраўды самы зручны выпадак настаў. Пашліце, прэм’ер-маёр, рэйтара ў турму, няхай даставіць перабежчыка.
Гарнастаеў. Будзе зроблена, ваша вышэйшасць.
Лявонцьеў. Значыць, не захацеў жыць за граніцай?
Вашчыла. Так.
Лявонцьеў. А чаму тады бегаў туды, у Польшчу?
Гэта добра, што вярнуўся на радзіму. Але скажы мне — ты не раскольнік?
Вашчыла. Не, я праваслаўны.
Лявонцьеў. Ну, гэта вядома, што праваслаўны. Я пытаюся — не раскольнік?
Вашчыла. Не, я правільнай веры.
Лявонцьеў. А іншыя людзі з нашай імперыі, што перайшлі жыць за мяжу, раскольнікі?
Вашчыла. Раскольнікі сярод іх таксама ёсць. Але ў Крычаўскім старастве, дзе мы жывём за князем Радзівілам, а раней — за яго маткай Ганнай Радзівіліхай, амаль скрозь усе правільнай веры. Старавераў, можна сказаць, у нас не дужа любяць. Тыя ўсё сваім гуртам неяк. Але таксама трэба сказаць — асядаюць больш пад Гомлем і далей туды, ажно пад Латгалію.
Лявонцьеў. У каталіцкую веру не пераходзяць?
Вашчыла. Мы трымаемся сваёй, але апошні час пачынаюць расказваць пра сваю рэлігію ўніяцкія святары.