Вашчыла. Што будзем далей рабіць, войты? Бітва за Крычаў нашым войскам сянні ганебна прайграна… Гэта ўжо й малому ясна!..
Карпач. Твая праўда, войт, — прайграна. Цяпер зноў нам да Крычава няскора падступіцца.
Бочка. Але мы сваю сілу таксама паказалі. Запомніць князь, што з намі не так сабе мерацца.
Вашчыла. Я ажно да ўчарашняга дня спадзяваўся ў душы, што да крычаўскіх харугваў не паспее падысці артылерыя з Невеля. Але дарэмна. Яна вось і вырашыла ўсё на карысць князя. Дарэчы, а колькі ў нас засталося гармат?
Карпач. Ніводнай, войт. Усе пакінуты там, пад Крычавам.
Вашчыла. А ці палічыў хто паўстанцаў? Колькі вас пасля бітвы засталося?
Бочка. Многа, войт. Асабліва — конных. Пешыя ці то адсталі, ці то разбегліся. Аднак людзей яшчэ хапае.
Вашчыла. Дзе ж яны ўсе размесцяцца тут, у Царковішчы? Хат жа небагата.
Бочка. Частка тут, а іншым — у Семенаўку загадана перайсці. Трэба спадзявацца, што і па іншых вёсках нашыя заначуюць.
Вашчыла. Да раніцы няхай спяць… Усё-такі што будзем рабіць заўтра, войты, як паўстанцы прачнуцца? Наступаць на Крычаў без гармат ужо нельга.
Карпач. Трэба дачакацца вясны. Заўтра адступім на край стараства, хоць бы за Бесядзь альбо нават у тваю воласць, войт, каб апынуцца бліжэй да рускай граніцы, ну і перачакаем астатак зімы, а там разводдзе, вясна. І цяпер ужо снег ледзьве трымае каня. Так што князь не стане пасылаць па бездарожжы наўздагон свае харугвы. Ды і пашкуматаны яны за гэты час моцна. Ну, а па сухіх дарогах, пасеяўшы сядзібы, зноў можна будзе рушыць на Крычаў, на першае адсюль князева логава, а там, дасць Бог, і на Слуцк некалі павернем свае атрады.
Бочка. І на Вільню.
Вашчыла. І на Белую, за Бярэсце. Вас, войты, толькі паслухаць!.. Але ж сянні, трэба прызнаць, мы разбіты!.. Князевы харугвы аказаліся мацнейшымі за наша сялянскае войска.
Карпач. Не карай сябе, войт! Ці першы раз мужыкам даводзіцца трапляць у такое становішча. Гэта ты малады, ну, калі не па гадах, дык па вайсковаму прыкладу, а я ўжо з Радзівіламі барукаюся даўно. І з маткай гэтага Гераніма дужаўся, цяпер вось з ім выпала.
Вашчыла. Але ж дзед мой Пацей нездарма гаварыў — раніца мудрэй за вечар. Ідзіце па хатах, войты, кладзіцеся спаць. Ты ж, сотнік Мікола, паглядзі на пасты. А мы з Іванам (
Карпач. Разумна рассудзіў, войт, — адозвы край патрэбны цяпер. А пасылаць сапраўды не шкодзіць. Дый позна ўжо. Вунь Мартын твой ужо, няйначай, каторы сон сніць. (
Вашчыла. Што гэта?
Пісар. Няйначай, напіліся мужыкі… А мо пасварыліся…
Вашчыла. Не, гэта штосьці іншае, пісар. І не п’янка, і не сварка. Глянь-тка на вуліцу!
Сотнік. Здрада, войт! Драгуны ў вёсцы! Сякуць шаблямі нашых!
Вашчыла. Дзе Бочка? Дзе стары Іван?
Сотнік. Драгунамі схоплены!
Вашчыла. А іншыя, дзе ўсе нашы?
Сотнік. На вуліцы паніка! Але нашы ўсё яшчэ б’юцца, дарма што драгуны напалі на вёску знянацку. Лічы, усе спалі.
Вашчыла. Адкуль яны ўзяліся, драгуны?
Сотнік. Не ведаю…