Калі ж намер Сцяпана становіцца відавочным і жонка ад таго намеру зусім не ў захапленні, дык ён натхнёна імкнецца пераканаць яе, падахвоціць да добрай справы. Вось дзе ён раскрываецца, Сцяпан Пузырэвіч. У гэтых дыялогах. Тут яго натура. Уся. Цалкам. Можа, трохі і дзівакаватая, але незвычайная, неардынарная. Спрабуе ён давесці сваёй жонцы: «Вось хаця б вясна... Ты думаеш, яна па лістках календара прыходзіць? Га! Разагналася, і на табе... Буслы з выраю вяртаюцца, і яна з імі... Гракі, шпакі і ўсялякая іншая драбяза — гэта адно толькі цьфу! А буслы... Яны вунь якія разумныя. Заўжды ля чалавека».

А калі, жонка ўсё ж не вельмі спяшаецца падзяліць яго захапленне, дык ён з'едліва жартуе: «Што ні кажы..., але калі ў чалавека на галаве хустка — капцы».

Прафесійны акцёрскі і літаратарскі слых у Дударава чуйны, памятлівы, ён умее вылучыць патрэбнае. Апавяданне «Святая птушка» — адно з лепшых у яго.

Не толькі ў гэтым апавяданні, але і ва многіх іншых Аляксей Дудараў імкнецца адысці ад апісальніцтва, што так часта спакушае маладых і немаладых літаратараў, хоча паказаць, а не расказаць, ужо відавочна намацваючы свой творчы почырк.

Героі Дударава «заўсёды крыху дзівакі», адзначаў Іван Шамякін у прадмове да рускага выдання. Накшталт Сцяпана Пузырэвіча. Або дзеда Рыгора Мулькевіча, з мянушкі Мульціка («Мульцік»), або Піліпіхі ў аднайменным апавяданні, або дзеда Восіпа («Лапці»). Усе яны ў дзівацтве сваім высакародныя, добрыя і ў нечым блізкія героям Шукшына або нашага ранняга Чыгрынава. («Ці бываюць у выраі ластаўкі?», напрыклад.) Прагнуць справядлівасці. І для душы сваёй — не тое каб суцэльнай, але добрай раўнавагі духоўнай, паразумення з людзьмі.

Дзеду Мульціку не дае спакойна жыць думка, што вось яго хваробу можна скарыстаць для дабра людзям, старая яго рана заўсёды прадчувае непагадзь, а метэаралагічная служба — так, назва адна, паведамяць — «без ападкаў», а дождж у самую касавіцу як жахне. Дзед-то, праўда, меў бы жаданне, каб і пасада была ў яго адпаведная. Афіцыйны метэаролаг пры праўленні калгаса. Ні больш ні менш. Ну, а дзед Восіп змагаецца за свае правы на выраб і продаж лапцей-сувеніраў, навошта ж каб заняпаў старадаўні промысел.

У бабкі ж Піліпіхі зусім фантастычная згадка. Падалося ёй, што на здымку з замежнага часопіса, які прывёз сусед-марак, сын яе, і кранты.

За гэтымі на першы погляд проста выпадкамі Дудараў умее ўгледзець і паказаць жывую душу, яе боль, яе радасць. Зусім асірацелая пасля вайны жанчына (двое сыноў загінулі, адзін прапаў без вестак, муж памёр) шукае выпадку хаця б у нешта паверыць, трымаецца веры ў народную легенду Сцяпан Пузырэвіч. Хоча збегчы ад прысуду ўзросту дзед Мульцік, адчуць сябе патрэбным людзям, справай занятым. Абараняе сваё ўмельства, рамяство продкаў дзед Восіп. І паказваецца гэта з добрым пачуццём меры, тактам, гумарам. Аўтар спачувае сваім героям, разумее іх. І пазбягае дыдактыкі, павучальнасці.

Аляксей Дудараў валодае няпростым уменнем правесці ў апавяданні «другую партыю». Вось у апавяданні «Кола» гаворка ідзе пра давер да чалавека, як, дарэчы, і ў апавяданні «Хвароба». Герой «Кола» — таксама з тых людзей, што выдаюць дзівакаватымі праўдалюбамі і не ломяць шапку перад лёсам і людзьмі. Быў выпадак — украў ён мандаліну, так уразіў гастралёр-балалаечнік. А зараз кожную прапажу ў вёсцы прыпісваюць яму. Так і кола ад веласіпеда. Знікла — значыць, Сашкавы выбрыкі.

Але вось другая тэма — яна ўсё адчуваецца, гаворка вядзецца нібыта паміж іншым, а ў фінале апавядання аказваецца на першым плане. Маці хлопца, і злуючыся на сына і шкадуючы яго, небараку, не падумаўшы кіне: «У каго такі недарэка?» — «У бацьку!» — злосна крычыць хлопец. Яго ж увесь час папракаюць адсутнасцю гэтага чалавека, па злоснай вясковай завядзёнцы кідаюць: «Байструк!» Сказаў і пашкадаваў. «Маці адразу ж змоўкла, а вочы ў яе сталі, сумнымі-сумнымі... Сашку да слёз стала шкада яе. Каб яно згарэла, гэта Грамулькіна кола!»

Тэма бязбацькавічаў, бязбацькаўшчыны набывае нейкую асаблівую пранікнёнасць, шчымлівасць у празаіка Дударава. І тут, у апавяданні «Кола», і ў «Мамкіным горы», дзе галоўны герой — чатырохгадовы хлапец, Марынавіч, якога таксама, як Сашку ў апавяданні «Кола», чакае слёзна-крыўдная мянушка. Куды ў такіх выпадках знікае звычайная вясковая лагоднасць, спагадлівасць? Таксама, на жаль, традыцыя... І ў сям'і Марынавіча адносіны складваюцца адпаведна гэтай традыцыі. Хаця «бяляваму, кучараваму Васільку столькі гадоў, колькі пальчыкаў на адпой руцэ, калі адзін прыціснуць да далоні. У Васілька ёсць мама і ёсць бабуля, а таты няма, і таму, што няма, бабуля яго не любіць». А Васілька яна так і заве — «мамкіна гора».

Дудараў звяртаецца да нашай чалавечнасці, да нашай натуральнай дабраты, добразычлівасці. Не робячыся ні рытарычным, ні просталінейным. Ніякай гаворкі пра вольнасць нораваў не ідзе. Дарэчы, цнатлівасць, адсутнасць натуралістычнасці — гэта таксама традыцыя беларускай літаратуры. Гаворка ў Дударава — зноў — аб справядлівасці, разуменні, любові да чалавека.

Перейти на страницу:

Похожие книги