Гэта ўжо згаданае «Векавое», «Руны мараны», «Вясёлка сярод зімы», «Зямная повязь», «Хлеб і да хлеба». Пра чалавека на зямлі. Пра старшыню прыгараднага калгаса Абярэмку з безліччу яго клопатаў, ветэрынара Арнольда, для якога «жыццё, нават не чалавека — скаціны, было... святое найвышэйшай святасцю» («Зямная повязь»), пра землякоў-беларусаў, што будуюць на Пскоўшчыне саўгас «Беларускі», пра дырэктара гэтага саўгаса Навіцкага, які ўмее рабіць не толькі эканамічныя прагнозы, але і спрабуе «прагназіраваць псіхалагічныя змены ў абліччы селяніна», імкнецца заглыбіць корань працаўніка, адчуваючы псіхалогію чалавека, «гістарычную, традыцыйную, народную». Лепш страціць сёння ў грошах, але падумаць пра будучае. Пакінуць рабочаму саўгаса яго няблізкую сядзібу, заплаціць за яе. Затое на сядзібе не толькі сённяшні селянін, а яго сын застанецца — будзе ведаць, дзе яго родны кут, яго корань («Хлеб і да хлеба»).
Віктар Карамазаў разумее не толькі густую зямную аснову, глебу, але і рамантыку зямлі, паэзію яе. Ці то гэта палеткі, ці то лес, ці то мора, на ўзбярэжжы якога недзе на лапіку паўночнай паўастраўной зямлі, прыляпілася вёсачка патомных памораў («Руны мараны»). Ён умее чуць патаемную мову лесу і мора, задумацца над карцінамі селяніна — латыша Краўзіня — з іх цеплынёй шчырай зямлі і свежым хараством маёвых садоў, махануць у вёску Неглюбку, каб там на свае вочы пабачыць «вясёлку», што ткуць на сваіх абрусах і ўборах няўрымслівыя вясковыя кабеты («Вясёлка сярод зімы»). Паслухаць іх песні. Паехаць па славутыя руны на Поўнач. Паглядзець Кіжы — і задумацца самому над лёсам створанага нашымі дойлідамі. І ў задуме той мы адчуем і логіку свядомага, і інтэлектуальную медытацыю, і прыродныя імпульсы, і моцную плынь падсвядомага. І пачуем свежую і натуральную беларускую мову. Яркую, вобразную. У якой адчуваюцца сляды недарэмных падарожжаў пісьменніка. Нястомнага вандроўніка. Трывалага хадака. Чалавека пільнага, паляўнічага зроку. Для якога прывал — не прыпынак. Момант вышэйшага напружання думкі. У пошуках ісціны. Збірання сіл душы. Каб рушыць далей.
АБРАНЫМ ШЛЯХАМ
У тую сур'ёзную ўстанову, дзе мне давялося ўпершыню пабачыць Арсеня Ліса, прыходзілі паасобку і гуртам людзі вучоныя, паважаныя, з важкімі папкамі рукапісаў: манаграфіі, зборнікі навуковых даследаванняў. Усе гэтыя людзі, зразумела, мелі той сацыяльны статус, што ў абагульненым выглядзе патрактаваны — інтэлігенцыя. І адным з тых, да каго гэтая прыналежнасць сацыяльная стасавалася неяк асабліва арганічна, быў Арсень Ліс. Не толькі таму, што паводле, ну, скажам, Слоўніка іншамоўных слоў, інтэлігенцыя — «работнікі разумовай працы», а інтэлігентнасць — «разумовая развітасць, падрыхтаванасць да разумення тэарэтычных пытанняў, культурнасць». Па яго працах былі відавочныя і развітасць, і падрыхтаванасць, але ва ўсім яго абліччы, у паводзінах адчувалася вось тое, апошняе, у азначэнні: культурнасць. І знешнія выхаванасць, уважлівасць да людзей, далікатнасць, але галоўнае — глыбокая ўнутраная культура, духоўная засяроджанасць, няспынная праца душы. І тое, што ён сам пазней у сваёй аўтабіяграфіі («Ад матчыных песень», зб. «Вытокі песні») назваў «уладнай сілай навукі», «з яе патрабавальнасцю самааддачы і неабсяжнымі, магчымасцямі».
Гэтая ўладная сіла выявілася ў руплівай, на ўсё жыццё, па сутнасці, працы па збіранні беларускага фальклору і тэарэтычным асэнсаванні народнапаэтычнай творчасці. Арсень Ліс — адзін з самых актыўных складальнікаў трыццаці тамоў беларускага фальклору. На яго рахунку том «Жніўных песень», тамы вясельных і каляндарных. А яшчэ існуе зборнік «Беларускія народныя песні», складзены ім, манаграфія «Купальскія песні», падручнік для студэнтаў ВНУ «Беларуская народная творчасць», адным з аўтараў якога быў Арсень Ліс, мноства прац па фальклоры.
Арсень Ліс натхнёна і надзейна ўрабляе сваю дзялянку, спалучаючы практыку фальклорных экспедыцый, цягавітую працу збіральніка з грунтоўнай акадэмічнай падрыхтоўкай, навуковае, аналітычнае веданне народнай творчасці — з тонкім разуменнем стыхіі народнага слова і меласа, з інтуітыўным спасціжэннем глыбіняў народнага духу.
Адчуваючы непарыўную сувязь усіх праяў кожнай культуры з народнай творчасцю, дзе вытокі, пачатак, вечная невычэрпная крыніца для кожнага мастака. Адчуваючы «нейкую трывалую душэўную сувязь са сферай, створанай мастацтвам, літаратурай» («Ад матчыных песень»). З самімі творцамі. Беларускай культуры: ў прыватнасці.
З'яўляюцца нарысы — пра мастака Язэпа Драздовіча («Шляхі і пошукі», 1964), асобу, на тую пару малавядомую шырокаму колу прыхільнікаў мастацтва; пра Антона Грыневіча, збіральніка песеннага фальклору («Песня прасілася ў свет», 1966).