У п'есе «Парог» станоўчы герой так і не з'яўляецца на сцэне. Гэта адзначалі многія крытыкі (напрыклад, А. Сабалеўскі), і не без падстаў. Сапраўды, пісьменніка Пакутовіча мы не пабачым. Магчыма, аўтар збаяўся, каб той не стаў дыдактычным рупарам ідэй драматурга. А ідэі гэтыя ў п'есе падымаюцца, ці, лепш сказаць, паглыбляюцца ад актуальнейшай праблемы — як знішчае асобу чалавека такое сацыяльнае зло, як алкаголь,— да прычын гэтага сацыяльнага зла. Яны бываюць розныя. Тут, у «Парогу», гэта бездухоўнасць існавання галоўнага персанажа, Буслая, падмена на нейкі час мэты існавання. Не рэчы для жыцця, а жыццё — для набывання рэчаў. І вось яны з'яўляюцца адна за адной, гэтыя рэчы і даброты. Арэчаўлены дабрабыт. Мэта дасягнута. Што далей? Святкаваць. Па свайму разуменню —«налівайце чаркі». У хвіліны прасвятлення Буслай спрабуе сам вызначыць прычыны свайго, і не толькі свайго, падзення. Вось абураецца пузаты дзядзька — гэтага яму не хапае, таго. «Ніколі не скажа..., што яму веры, мэты, чысціні не хапае» — Буслай раз'юшаны. Ён разумее падсвядома, што ёсць яны, павінны быць у чалавека. Але не меўшы сам у свой час нейкай духоўнай мэты, страціўшы натуральную, прыродную раўнавагу чалавека на зямлі, ён не набыў прыстойнага знешне стандарту бездухоўнасці, а выламіўся з нармальнага жыццёвага круга ўвогуле. І духоўны патэнцыял, што ў яго ўсё ж быў, прарываецца і зараз у філіпіках супраць той сілы, якой ён не падпарадкаваўся, але якой не змог і супрацьстаяць. Зламаўся. Выкрэсліў сябе з сям'і нармальных людзей.
У Андрэя Буслая няма вось той нармальнай сувязі з жыццём, што ў старога Васіля — Мульціка з п'есы «Вечар». Справа не толькі ў канкрэтным пацвярджэнні Васілём сучаснага экалагічнага ўсведамлення, што выводзіць як адзіную норму гармонію чалавека з прыродай.
За Васілём тое, што ніяк не мог уцяміць Буслай. «Камунізм спачатку трэба будаваць у сваёй душы...» За Васілём — адвечная мудрасць народа, чалавека зямлі. Тое, што ў апошнія хвіліны жыцця пачынае спасцігаць Мікіта па мянушцы Гастрыт: «Я здуру людзей жыць вучыў, а мне б хлеб расціць, дзяцей гадаваць... Гэта святое... Гэта ўсё...» У словах Гастрыта — не фіксацыя вокаімгненнага перавыхавання, а ўразуменне, спасціжэнне, запозненае і цяжкім шляхам — свая хвароба, інфаркт Васіля — разуменне таго, да чаго ён усё жыццё не мог дайсці ні сэрцам, ні розумам.
Сацыяльны вопыт Васіля яшчэ больш упэўніў яго ў святасці высновы: «Я хлебароб вечны... Хлеб раблю». І будзе ён даводзіць суседцы сваёй Ганне (іх усяго траіх засталося ў вёсцы) формулу жыцця: «...мы з табой яшчэ толькі таму і жывем, што кожную раніцу па ваду ў гэты калодзеж ходзім, на сотках сваіх калупаемся... З зямлёй за доўгі век зрасліся, душой-сэрцам увайшлі ў яе...» І з ганьбай кіне пра Мікіту: «А ён іначай і не жыў... Усё жыццё з чайнікам па ваду хадзіў...»
Безумоўна, усім вядома напісанае К. Чорным, І. Мележам, Я. Брылём, В. Распуціным, В. Астаф'евым, Ф. Абрамавым, В. Бяловым, Б. Мажаевым, А. Жуком, І. Пташнікавым, В. Карамазавым пра адносіны чалавека з зямлёй, з прыродай як пра адзін з крытэрыяў яго чалавечага «я», пра свет чалавечай супольнасці, пра балючыя праблемы сённяшняй вёскі. Помняцца і «Пакуль арба не перавярнулася» А. Іяселіяні, і «Птушкі нашай маладосці» І. Друцэ. І досыць спрэчныя думкі пра адносіны чалавека з зямлёй А. Макаёнка («Таблетку пад язык»). Аляксей Дудараў тут не першаадкрывальнік. А п'еса Дударава ўсё ж прыцягвае тэатры не проста збалансаванасцю характараў і сітуацый, а глыбокім асэнсаваннем праблемы — праз мастацкую логіку вобразаў, дзеянняў, абставін. Мастацкай праўдай. А не праўдападабенствам. Свядома ці падсвядома маючы на ўвазе, што «праўдападобнасць выключаецца самой прыродай драматычнага твора» (А. Пушкін). Сёння мы часам пакідаем убаку выпрабаваныя мастацкай практыкай і тэарэтычна выснаваныя пастулаты і пачынаем апантана біць у ладкі — ах, маўляў, выхаплена з жыцця. А мастацтва ж мае свае законы і асоба ў творы не ідэнтычная асобе бытавой — пра гэта неяк фатальна забываемся. Затое абавязкова пазначым, што сюжэтны ход «Парога» перагукаецца з «Жывым трупам» Л. Талстога і што асабістая трагедыя Дугіна паўтарае драму Джэйкаба Барнса з «Фіесты» Э. Хемінгуэя. Але, як мы ўсе ведаем, гісторыя літаратуры мае доўгія спісы пераймання сюжэтаў, персанажаў. Ведаем, што шэкспіраўскі Шэйлак фігураваў у Марлоу, што гісторыя Фаўста ўпершыню з'явілася ў нямецкай народнай кнізе І. Шніпса ў 1587 г., што пералік імёнаў і назваў, адкуль браў сюжэты той жа Шэкспір, зойме добрую старонку, а то і не адну. Зусім не збіраюся параўноўваць беларускага драматурга з вялікім страдфардцам, аднак, мабыць, нават сам сюжэтны ход у «Парогу» толькі вонкава нагадвае п'есу Талстога. У Дударава жыццё выкрэслівае Буслая, у Талстога Фёдар Пратасаў сам адчужае сябе ад рэчаіснасці, якую перастаў лічыць жыццём, дастойным чалавека.