Пры падрабязным і скрупулёзным аналізе пра сеё-тое можна было б яшчэ паспрачацца. Але — калі ісці ад першапачатковага пытання — феномен удачы ці заканамернасць поспеху, я аддала б перавагу яшчэ раз — заканамернасці. У шэраг вядучых драматургаў краіны стаў пісьменнік, якога патрабаваў час.
Зараз Аляксей Дудараў — чалавек знакаміты, мала які буйны творчы форум абыходзіцца без яго выступлення або інтэрв'ю. І ён спакойна і з годнасцю нясе цяжар славы, аура папулярнасці не робіцца скразнячком, які выветрывае спачатку нармальныя рысы чалавека, а пазней паціху і талент. Ці хопіць гэтай натуральнасці на ўсё жыццё — хто ж яго ведае, для сваёй вядомасці Аляксей Дудараў па-добраму малады. Але пакуль што ён спакойна і па-дзелавому ставіцца да ззяючай фартуны. Працаўнік. Не дзелавы чалавек з кагорты прагматыкаў, а спакойны, энергічны работнік. З даверам да людзей і без непахіснага даверу да сваёй уласнай персоны. З тым набыткам, які так лёгка раскідаць па штучных падробках пад мастацтва, але які дае права і магчымасць многае сказаць людзям. Талент.
УРОК, І УЗОР, І ДАКОР
Зноў сакавік... Месяц, які часцей за ўсе астатнія згадваў у створаным ім Варлен Бечык. «Сакавіцкія пісьмы». «Ад сакавіка — да ліпеня...»
Звычайна яшчэ толькі каляндарная вясна. Але ўжо растае снег, весялее ад паласкавелага сонца стомленае зімою птаства, прыспешваюць вясну маладзёвы, падстаўляючы вольнаму ветру непакрытыя галовы. Прачэрчваюць высокае неба голыя галіны дрэў, а ў паветры адчуваецца павеўная вільгаць тых вятроў-вандроўнікаў, што згадваюць пра непазбыўныя ветразі надзей, пра час, калі здаецца, уся зямля квітнее бэзам, а пагоркі нібы гараць агеньчыкамі адуванчыкаў.
«Вясна творыцца і мацнее. І ўсё больш авалодвае яна душой — як надзея і радасць і як новая вострая занепакоенасць і трывога, што заўсёды прыходзіць з вясной.
Усё навокал тое ж, як і ў кожную вясну...»
Калі чыталася гэта раней, дык успрымалася як настраёвая прэамбула да гаворкі — гаворкі пранікнёнай, шчымліва адкрытай. З маці, з сябрам. Пра людзей, пра жыццё, пра літаратуру.
Сёння ў іх асобы, горкі сэнс. «Усё навокал тое ж...»
Права і сіла жыцця. Прыроды. Набіраюцца вясновай сілы дрэвы, з гарадскога стрыжанага кустоўніка пырскае радасцю шчэбет вераб'ёў, купляюць людзі абноўкі, на прыпеку свяжэе зяленіва: пашэрхлая трава хапае хларафіл.
Неўзабаве і той сумны пагорак у Прылуках, дзе пад грудам вянкоў ёсць дошчачка з надпісам: «Варлен Бечык. 1939-1985», ажыве травой, а на прыгожай лугавіне побач выбухне блакітным цветам лубін ці заваёўна пойдуць у наступ рамонкі.
Ён любіў кветкі. Заўсёды вёз з дачы. Каб раздарыць, парадаваць. Увогуле любіў радаваць — кнігай, якой прыгожай драбязой. Не абыходзячы ўвагай нікога. Ветлівы, мяккі, не проста маладжавы, юны.
Неяк яму ўдалося тое, што мала каму выпадае ў жыцці. Без натужлівых намаганняў ён захаваў свежую маладосць і набыў трывалую жыццёвую і творчую сталасць.
Невысокі, зграбны, светлы тварам, ён выдаваў намнога маладзейшым за сваіх равеснікаў. Але інфантыльным не быў ніколі. Разумны, добры чалавек, таленавіты, дасведчаны крытык. Ён не атрымаў літаратурных прэмій. На жаль. Аднак займеў галоўную прэмію, якую можа мець літаратар — сапраўднае прызнанне. Не танны поспех. Трывалую, удзячную зацікаўленасць. Калі чытаюць, перачытваюць, асэнсоўваюць, пераасэнсоўваюць.
Апошняя яго кніга «Прад высокаю красою» мела незвычайны для нашых крытычных кніг тыраж — 7500 экземпляраў. І разышлася ўмомант. Фактар знешняга парадку. Але ён таксама пра многае гаворыць. Тым больш што гаворка пра кнігу, якая мае трывалы аналітычны зарад. А вабіць раскаванасцю, дакладнасцю думкі і спалучэннем высокай тэорыі, эстэтычнай падрыхтаванасці з нязмушанай вобразнасцю пісьма. І выснаванай этычнай аўтарскай пазіцыяй: «Не гнацца за лёгкім поспехам. Перамагаць сябе, а не іншых. Нікому ніколі не зайздросціць. Любіць людзей і не шкадаваць добрага. Кожны новы жыццёвы груз не спіхваць на некага, а браць на сябе па абавязку сумлення».
Словы гэтыя пісаліся жанчыне, перад якой не толькі сын яе, Варлен Бечык, усе мы — схіляем з павагай і ўдзячнасцю галаву. Ларыса Лявонцьеўна Кароткая. Маці Варлена Бечыка. Прыгожая, разумная жанчына. Любімая выкладчыца. Былая партызанка: разведчыца, сувязная.
Пісалася ёй. Сёння ўспрымаем мы гэтыя словы як ягоны тэстамент. Перад якім — ані схлусіць, ані схітраваць, ані змоўчаць. «Тваё жыццё — труднае, прыгожае і шчодрае — ...урок, і ўзор, і дакор». І тут няма перабольшання, што так часта падпільноўвае нас, калі здараецца заўчасная смерць. Варлен Бечык быў Варленам Бечыкам. Пасля Рыгора Бярозкіна — ці не самы тонкі і дасведчаны знаўца паэзіі, чалавек пранізлівай інтуіцыі і пранікнёнага розуму.
І зусім ужо рэдкі выпадак — яго талент літаратара быў роўны таленту чалавека. Ці наадварот.