У. Някляеў — з тых паэтаў, для якіх характэрны выхад ад канкрэтнага да агульнага. У рэчышчы тых ідэйных пошукаў, што ўласцівы для сённяшняй літаратуры ўвогуле. Скажам, у «Ружы вятроў» сцвярджэнне, што для сённяшніх патэнцыяльных палачоў чалавецтва, як і для фашыстаў мінулай вайны, мы, людзі — «толькі лічбы/ толькі знакі страт», для фашыстаў «маральна суверэннай асобы» (выраз Л. Аннінскага) не існуе. Але затое важны факт рэальнага існавання бомбаў з такімі мройліва-нерэальнымі назвамі: «фантом», «міраж».

Ход роздуму паэта, нефармальная логіка яго вершаў прымушае ўсведамляць аб'ектыўны змест таго, што хоча сказаць ён:

Нібы замоваю лячыў,Спяваў.Пра ўсё.Нічога.БылаЗа песняйДалячынь.Пустэча.Стэп.Дарога.«Акын»

Але цяжка, проста немагчыма прыняць або прыдумаць нейкі шыфр, код, падтэкст для такіх радкоў:

Які я быў шчаслівы,Каля сцяны расстрэлу!

Гэта ўжо нейкае рафінаванае какецтва, гульня ў паняцці, якія самі па сабе выключаюць магчымасць гульні. Толькі сур'ёзна.

...У зборніку некалькі паэм: «Даведка аб нараджэнні», «Ружа вятроў», «Маланка». Праўда, Уладзімір Някляеў клапатліва пазбягае гэтага жанравага абазначэння. Ён піша: «судовая справа», «размова з аўтаінспектарам» (тут імгненна прыгадваецца Маякоўскі), «аповесць пра каханне». Хаця ў адным выпадку, калі гэта «справа», дакумент, дык дакумент часу: «Год пасляваенны. Год работны./ Шчэ з руін не выветрыўся дым,/ А на танцах, звыклыя да поту,/ Кірзачы і хромавыя боты/ Рэжуць полькі/ Крокам страявым». І дакумент не толькі канкрэтных фактаў, але і жыцця ўнутранага, праўды духоўнай. Хаця «размова з аўтаінспектарам» — не проста размова, роздум пра лёс сённяшняга свету, роздум, які часам добра аддае дыдактыкай. Хаця «аповесць пра каханне» — менш за ўсё апавяданне, павестваванне. І гаворка тут не толькі пра каханне, яна шматзначная, гэта аповесць.

Ніякіх бытавых рэалій у гэтай вершаванай аповесці няма. Ёсць мора, сонца, зоркі, скалы. Чыста рамантычныя аксесуары быцця. У пантэістычным, язычаскім такім варыянце. Ёсць там, праўда, і сад, і нават вадаспад з зусім ужо казачным «пітвом вясёлым». Але гэта не сады Эдэма. Не ідылія. Не буколіка. Яго і яе спапяляе пачуццё. Гарачае, як маланка. І ўтрымаць яго таксама цяжка, як маланку. А так, між іншым, завуць гераіню. Гэтае пачуццё тым больш цяжка ўтрымаць, калі чалавек спрабуе сфальшывіць, як герой паэмы — што «раскрыжаваны /Спрадвечным выбарам/Паміж/ Маной і праўдай...». Паміж вечнасцю і імгненнем. Быццём і небыццём.

Нельга супрацьпаставіць сістэму духоўных каштоўнасцей сістэме ўчынкаў — а менавіта гэта робіць герой паэмы. Не скарыстаўшы права выбару, ён кідае адразу два клубкі. І губляе каханую.

Літаратурныя папярэднікі тут угадваюцца (Арфей, Трыстан), але справа ў тым, што Уладзіміра Някляева хвалююць галоўныя, карэнныя жыццёвыя каштоўнасці, а не знешнія спосабы іх выяўлення. Гэта характэрна ўвогуле для сённяшняга Някляева. У адрозненне ад Някляева — аўтара першага зборніка, што так захапляўся пейзажнай замалёўкай, фіксацыяй настрою. Імкненне да абагульненняў і роздуму было і ў першым зборніку, узмацнілася ў другім, хаця там вельмі адчуваецца ўсё, характэрнае для другога зборніка Някляева — напорыстая публіцыстычнасць, грамадзянскасць, дакладнасць маральных арыенціраў, назыўныя пабудовы асабістага парадку. Не згубіўшы гэтых арыенціраў, падкрэслена сацыяльнай грамадзянскасці, паэт пайшоў у глыб праблемы, узяўшы за зыходны момант сутнасць з'яў.

Някляеў умее, праўда, раптам змяніць высокі тон роздуму на іранічную, усю ад прозы жыцця, скорагаворку:

Швейцар цікуе — вокам до міргне.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . ....на службе прэ з яго натураБарацьбіта за сервіс і культуру.«Тураў»

І ўвядзе Някляеў сваю музу ў нейкую харчэўню, дзе «рагоча жартаўнік — аж стогнуць міскі», дзе «таўчэцца рознага народу». Гэткая жанравая сцэнка, маляўнічая. А муза не збянтэжацца і вуснамі аднаго са сваіх герояў скажа: «Ты не гароцься, госць!»

Бывае і так. Сярод таго, што толькі яго, някляеўскае, раптам з'явяцца «Майстры вясны» («На рыштаваннях дзён/ Майстры вясны!») і так нагадаюць барадулінскіх «Падсобнікаў вясны» («Няхай прараб падпіша мне нарад,—/ І восень у вясну перафарбую»), калі не па канкрэтным зместе, дык па настрою, па назве сваёй.

...У Някляева ёсць свае чытачы. І нямала іх. Ёсць і прыхільнікі. Таксама не на дзесяткі лічаныя. Ёсць і такія, хто прызнае яго чыста намінальна. А паэт піша. Жыве. Мяняецца. І застаецца ў ключавых, галоўных пазіцыях верны сабе: «А вершы пішуць — як жывуць...»

УМЕЛАЕ ПЯРО МАЙСТРОЎ

Перейти на страницу:

Похожие книги