...У вершах Валянціны Коўтун ёсць адна рыса, якую яна даўно і свядома, па-мойму, культывуе ў сваіх вершах. Абавязкова дадаць сваёй паэзіі той кшталт, якога, можа, часам і не хапае нашай беларускай вершаванай творчасці. Пашырыць семантычны, лексічны лад, абавязкова адысці ад штампу, стварыць нечаканыя, нават (хай сабе і так будзе!) эпаціруючыя злучэнні. Трошкі іранізуючы, трошкі пацвельваючыся. Любіць, сутыкаючы словы зусім розных паняційных пластоў, ствараць нечаканы эфект. І з'яўляюцца «калгасных статкаў гранды-менестрэлі», «квочкі, як цырцэі», «хмары, як дуэнні». Ёсць у гэтым, здаецца, нешта ад кніжнай наўмыснасці, у нечым водгукам ці перазовам слоўнага ўжытку Бэлы Ахмадуліпай ці Юнны Морыц. Аднак, мабыць, не грэх будзе нашай паэзіі мець і такую вось казытліва-іраніную экзотыку. Хаця часам ці не ператвараецца іронія ў самаіранічнае какецтва? Мяркуйце самі:
Але ж чытач памятае — і ў кнізе «Метраном» ёсць і Байран, і Апалінэр, і Гамер, і Адысей, і Шахаразада. Таксама гурманства?
А ў астатнім не зразумець лірычную гераіню гэтага верша нельга. Верш, дарэчы, называецца «Амаль жартам». Магчыма, тут і ляжыць ключ да разумення яго — у назве. Астатняе ж, як кажуць, на паверхні. Вечная дылема не толькі эмансіпіраванай жанчыны, але яшчэ і той, што мае доўг перад сваім талентам. Талент — ён патрабуе працы, часу, творчых намаганняў.
Дзіва, што «муза вось. Утомна, басанога,—/Бежанка з крыві і міражу...».
Ёсць школа жыццёвага доўгу. Сям'я, сынок, безліч абавязкаў перад людзьмі. І без гэтай нармальнай этыкі адносін ці быць паэзіі? «Паэту цяжка не быць рэалістам» (Б. Слуцкі). Так і тут.
Эстэтычныя арыенціры паэтэсы Валянціны Коўтун розныя. Адно вызначае іх незалежна ад кірунку — напал, энергія верша. Калі мець на ўвазе лірыку кахання, можа, найбольш адкрытую ў параўнанні з папярэднімі кнігамі. Як быццам назапашанае за доўгі час нарэшце выплеснулася — горача, няспынна, завірылася плынню слоў, пайшло сінкопамі гукаў.
...Кніга «Метраном» у многім вызначальная для паэтэсы. І не толькі таму, што за яе прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. Хаця сам па сабе гэты факт пра многае гаворыць. У кнізе выявіліся вельмі важныя і характэрныя якасці яе паэзіі. Паэзіі супярэчлівай, дзейснай, якая хоча ўсё выпрабаваць на вартасць, на трывучасць і на злом. Якая проста не можа не задаваць пытанняў сабе і свету, пытанняў часам блытаных, але часцей пранізліва ўзрушаных, і шукаць адказу на іх. Паэзіі, якая добра адчувае дух сучаснасці і імкнецца асэнсаваць яго ў кантэксце гістарычным. Паэзіі, якая не баіцца смела ісці на эксперымент — знаходзячы і губляючы. А як жа інакш?
«А ВЕРШЫ ПІШУЦЬ — ЯК ЖЫВУЦЬ...»
«Самая трывалая аснова, над якой працуе мастак,— гэта ўспамін пра ўсё, што ён бачыў і адчуў як чалавек...» — адзначаў некалі Гюйё. Мабыць, у гэтым моц экспрэсіўнага, грамадзянска-асабістага пісьма Уладзіміра Някляева. Ёсць у беларускага паэта вось гэтая важная выснова для таго, каб пульс часу адчуваўся ў яго вершах, не аслаблены вобразна-паняційнай анеміяй, але напоўнены паўнакроўнай эмоцыяй, жывым уражаннем. І гэта не мітуслівая тахікардыя охаў і ахаў, усплёскаў настрояў, не рэгламентаваных і не кантралюемых дысцыплінай думкі. Уладзімір Някляеў заўсёды імкнецца да грамадзянскага гучання паэзіі, выходзіць да філасофскіх абагульненняў, не губляючы адкрытай энергіі пачуцця. Адкрыта абвяшчаючы:
Зусім відавочна працягваючы сцвярджаць тое, што ўжо было абвешчана ў яго першай кнізе «Адкрыццё»: «Паэзія — душы маёй анкета...» («Назоўны склон»).