Да бабкі Вяткінай я ўпрасіўся толькі на тыдзень. Прайшло больш. Кватарантаў яна трымаць не збіралася, чакала з бальніцы свайго старога і без залішняй дыпламатыі загадала шукаць сабе «фацеру». I пайшоў я ад хаты да хаты пытаць сабе прытулку. Не ў кожнай з іх было дзве палавіны, а ў прастарнейшых дзетак вялося як бобу. Аднаго яшчэ пускалі, а з сям’ёю бралі не вельмі. I ўсё ж у канцы сяла злітавалася дзябёлая ўдава Дуня Шышкіна. З сынам-трактарыстам яны займалі кухню, а нам аддала пакой з асобным цёмным калідорчыкам. Перанёс ад Цімошыхі свой тапчан, паходны мяшэчак і Алін чамаданчык, разжыліся лямпаю і каторы раз пачыналі жыць нанава. З Урэчча прыслалі самыя неабходныя Аліны рэчы, а я ад стрыечнага брата дачакаўся слоўнікі і нямецкую граматыку, акварэльныя фарбы і некалькі пэндзлікаў. Можна было пачынаць навучальны год.

«Дэр ман»

Над сшыткамі і планамі заседжваліся мы дапазна. З Алінаю дапамогаю я разбіраў кожны параграф, зверху дробненька надпісваў пераклад складаных слоў і зубрыў амаль на памяць. Пакуль ва ўсіх класах вывучалі алфавіт, было прасцей і спакайней, а пачаліся тэксты, захваляваўся, потым трохі пасмялеў, нарэшце супакоіўся, бо ніхто з настаўнікаў не мог праверыць маё дзікае вымаўленне. Горш было з вучнямі. Дзетдомаўцы — дзеці вайны і вясковыя сіраты — адразу варожа настроіліся супроць майго прадмета: «Нам не трэба фашысцкая мова». Тым больш што выкладае яе чалавек палітычна заплямлены, можа, нават які-небудзь гітлераўскі паслугач, учарашні школьны конюх. А цяпер уставай перад ім і гавары «Гутэн таг».

Я ўсімі сіламі і довадамі пераконваў, што няма фашысцкай мовы, а ёсць мова Маркса, Энгельса, Гётэ і Шылера, што Ленін чытаў «Капітал» у арыгінале. Я разумеў сваіх пратэстантаў з душамі, скалечанымі вайной, з незагойнымі ранамі горкага сіроцкага дзяцінства, спагадаў ім. Але як давесці, што не мова вінавата, а страшэнная пачвара фашызму? Расказваў пра пакуты і барацьбу Лібкнехта, Люксембург і Тэльмана і нешта крануў у іх сэрцах. Калі ж пачалі чытаць першыя словы і сказы «Дэр ман», «Дэр рабэ», «Дэр афэ», «Вэр іст орднэр?», мне ахвотна адказвалі: «Іх бін орднэр». Заўважаў, што і на перапынку некаторыя выхваляюцца перад малодшымі нямецкім слоўцам. Усё новае падкупляе і заахвочвае, пакуль фармалізм не адаб’е ахвоту.

Як толькі выходзіў з настаўніцкай, мае вучні беглі ў клас і крычалі: «Дэр ман ідзе». Вось у мяне і мянушка з’явілася. Я рабіў выгляд, што нічога не чую і не ведаю, быў з усімі лагодны, справядлівы і ветлівы, заахвочваў старанных, падбадзёрваў ленаватых, зацікавіў маляўнічымі табліцамі, малюнкамі з подпісамі. Часам чуў, як на вуліцы мае вучні хваляцца сваёй вучонасцю і гергечуць абы-якія нямецкія словы.

Але больш за ўсіх мяне даймалі два дзетдомаўцы — руды і канапаты Віця Тартынскі і цыганаваты Ваня Бойка. Яны пратэставалі па-свойму: на ўроку нешта стругалі, пускалі папяровых галубоў, стралялі ў дошку жаванаю папераю. Я іх спакойна ўшчуваў, не скардзіўся дырэктару, не пагражаў, не дапякаў двойкамі. Яны думалі, баюся іх, а мне было шкада іх пакалечанага дзяцінства, ім карцела хоць так спагнаць сваю крыўду на фашыстаў. Каб дапячы «Дэр ману», яны часам бессаромна пыталіся: «А праўда, што вы былі перакладчыкам у немцаў?» Я спакойна адказваў, што фашыстаў бачыў толькі ў кіно. «А Наталля Іванаўна казалі...»

Я ведаў, адкуль гэта ідзе: занадта «пільныя» настаўніцы глядзелі на мяне і на Алю адчужана і варожа. Яны жылі сваімі інтарэсамі і плёткамі, таемна варагавалі паміж сабою за нагрузку, за пахвалы, за дровы, за сена і... мужыкоў. I раптам нейкія ссыльныя ўрэзалі іх нагрузку ды яшчэ прэтэндуюць на нейкую вучонасць. Рабілі выгляд, што мы не існуем, хоць пільна сачылі за кожным крокам і словам, настройвалі вучняў супроць нас. Аля, прыроджаны педагог, з першых урокаў узяла кожны клас у свае маленькія дужыя рукі. «Сумную» матэматыку слухалі і палюбілі ўсе без выключэння, такой цішыні, як на яе ўроках, не было ні ў дырэктара, ні ў завуча. I гэта злавала і раздражняла нашых «калег».

Мы трымаліся асобна. На перапынках садзіліся ў канцы доўгай драўлянай канапы і маўчалі, калі бывалі «фортачкі», цішком правяралі сшыткі, пісалі планы. Класнага кіраўніцтва мне не даверылі. Пасля некалькіх заняткаў палітгуртка па вывучэнні «Кароткага курса ВКП(б)» і маіх выказванняў дыАповесці 409 рэктар мне сказаў: «Можаце не наведваць палітзаняткі. У вас жа вышэйшая адукацыя, матэрыял добра вядомы, некаторыя пры вас адчуваюць сябе няёмка. Ім здаецца, што пасмейваецеся з іх адказаў... Бывае смешна і мне, але што зробіш?» Я разумеў прымітыўную дыпламатыю Яўгена Паўлавіча і больш не хадзіў на палітзаняткі. Трэба было цярпець, каб толькі ўтрымацца і неяк існаваць. Часам хацелася кінуць усё, пайсці на самую цяжкую работу, але, апрача арцелі «Прагрэс» з яе «аванцамі» і калгаса з палачкамі, нічога не было.

Перейти на страницу:

Похожие книги