Не абыходзячы лужыны, пераскокваючы праз канаўкі, я бег да сваіх з радаснаю навіною. Мяне заўважылі праз акно, і ўсе выйшлі насустрач. Важны быў прэцэдэнт — ссыльнаму дазволілі працаваць у школе, і ўжо з’яўляліся надзеі, строіліся меркаванні на «пацяпленне», на палёгкі ў рэжыме. Усе арыштанты жывуць суцяшэннямі і спадзяваннямі, нават засуджаныя да смерці і ў апошнюю хвіліну яшчэ разлічваюць на літасць.

На мяне з надзеяю глядзелі тры жанчыны. Я падняў загад, напісаны ад рукі загадчыкам райана. Навіна стала агульнай радасцю. «Дзякаваць Богу, лёд крануўся. Калі яны ўсіх настаўнікаў, што возяць сілас і рэжуць дровы, пашлюць у школы, будуць шчаслівыя дзеці і багацейшаю на адукаваных людзей Сібір», — з імпэтам сказала Лідзія Яўсееўна. Уяўляю, якая б ад яе аднае была карысць у любой школе, а для яе — найвялікшы ратунак.

Вера Міхайлаўна некага ўгледзела на вуліцы, пастукала ў шыбу і памахала рукою. Сагнуўшыся ў нізкіх дзвярах, увайшоў высокі сутулаваты мужчына ў вышыванай кашулі і светлай кепцы. Шырока расстаўленыя вочы глядзелі пранікліва і іранічна, ніжняя губа вытыркалася наперад, нібы ён заўсёды ўсміхаецца. Нас пазнаёмілі: Іван Андрыянавіч Дзеравянка дваццаць пяць гадоў выкладаў мову і літаратуру ў школе Данбаса. За тое, што нешта расказаў цікаўным вучням пра Хвылёвага і Васіля Блакітнага, прыслалі сюды на перавыхаванне. Яго з адным лёгкім у калгас не ўзялі. Пасланяўся па сяле без работы і прыстроіўся ў арцелі накшталт нашага «Прагрэса». Называў ён яе не інакш як «Рогі і капыты». Былі ў арцелі трактары і грузавікі, лесарубы недзе пляжылі тайгу, а летам сплаўлялі па Тартасе, няблага зараблялі, а начальнік вытворчасці і старшыня арцелі кожны дзень набіраліся да немачы. Не маглі распісацца ў нарадзе і зводцы. Іван Андрыянавіч ім параіў заказаць факсіміле, дык і тое яны часам ставілі дагары. Іван Андрыянавіч быў нарміроўшчыкам і пісарам, складаў «дутыя» справаздачы і расказваў пра сваю «шарагу» з едкім гумарам.

Да майго прызначэння Дзеравянка паставіўся скептычна: «Можа, гэта паказуха, гульня ў справядлівасць. Яны ж гавораць, што карыстаемся грамадзянскімі правамі, хоць за рэчку схадзіць без дазволу «не положено». А калі даведаўся, што мой лёс вырашыла паперка пра зняцце судзімасці, развёў рукамі: «У наш дэмакратычны і самы шчаслівы век усё вырашае паперка, а чалавек — прышпілены да яе скрэпкаю, дадатак. Праўду кажуць: без бумажкі ты букашка, а з бумажкай чалавек. У мяне здымаць не было чаго, ніхто не судзіў. Паперка, меншая за гэтую, — «слухалі... пастанавілі саслаць навечна». I саслалі. Вось і хаваю канцы злачынстваў п’яніц, пакуль разам з імі не пасадзяць. Вось тады будзе за што. Але наўрад іх зачэпяць, з пракурорам у рыбу разам ездзяць. А я, між намі кажучы, прашуся вартаўніком у другую шарашкіну кантору». Калі загаварылі пра вечную ссылку, Іван Андрыянавіч прыжмурыўся, азірнуўся і ціха сказаў: «Як толькі гэты (ён указальным пальцам правёў па верхняй губе) адправіцца ў пекла, настане «фініта ля камедыя». От пабачыце. Мы яшчэ будзем людзьмі. Важна цяпер нічога не растраціць чалавечага. Таму не думаю тут асталёўвацца. Уважліва слухаю радыё і чакаю, калі ён захлынецца крывёю і зайграюць жалобны марш».

Лідзія Яўсееўна ўскочыла, замахала рукамі. «Я забараняю ў маім доме такое гаварыць! Вы ведаеце, што за гэта даюць?» — «Ведаю, Лідзія Яўсееўна. Але ж я нікога не назваў. Мой старшыня з вусамі. Я меў на ўвазе яго. I спадзяюся, тут сексотаў няма». Ён паціснуў мне руку, пажадаў поспехаў і між іншым сказаў: «Пабачым, як вас будуць дзяўбці будучыя калегі». Цырымонна развітаўся і выйшаў з хаты. Усталявалася цішыня. «Вось так заўсёды. З ім бывае страшна гаварыць». Насцярожылася Лідзія Яўсееўна. «А хіба ён не праўду гаворыць? Хіба ты не так думаеш? Толькі мы баімся саміх сябе. Страх паралізаваў усіх. I не толькі тых, што сядзяць. У мільёнаў пакутнікаў ёсць бацькі, жонкі, дзеці, браты, сёстры, дзядзькі і цёткі, і ўсе дрыжаць ад жаху перад анкетамі, спецаддзеламі, блакітнымі фуражкамі, усе трымаюць на чорны дзень сухары, а на сходах да замарачэння ляскаюць у ладкі, устаюць праз кожныя пяць хвілін, пачуўшы імя вялікага і мудрага, у кожнага «ўра» і кляп у роце. Дзе вы бачылі, каб дзвесце мільёнаў думала аднолькава? Навошта ім думаць, калі за ўсіх думае адзін».

«Вера, замаўчы! Каб я нічога падобнага не чула», — вырачылася Лідзія Яўсееўна. «Бяжы далажы Сокаву, што я контра. А я з пялёнак камуністка. Мой бацька быў лепшым другам Кірава. Мама нарадзіла мяне ў енісейскай ссылцы. Я дваццаць пяць гадоў у партыі, партыйнай і памру. Каб убачыў Ленін, што нарабіў Коба са сваімі апрычнікамі, яго хапіў бы другі ўдар».

Мы з Аляю прытаіліся, як мышы. Такога ніколі не чулі, а калі нешта падобнае думалі, баяліся нават прызнацца сабе.

Перейти на страницу:

Похожие книги