Неўзабаве ссыльных пачалі выклікаць у райаддзел НКУС запаўняць анкеты і без асаблівай радасці намякаць, што ўсе хутка паедзем дадому. У хатцы Лідзіі Яўсееўны быў святочны ўздым, гаварылі, хто куды паедзе, расказвалі, што ў Маскву ўжо вяртаюцца з уральскай ссылкі. Сын Вікторыі Сяргееўны напісаў, што вярнулася яе сяброўка па камеры жонка Молатава Жамчужына і спраўлялася пра яе лёс. Іван Андрыянавіч збіраўся ў сваю Успенку. Там ён дваццаць пяць гадоў вучыў дзяцей, атрымаў ордэн «Знак Пашаны», потым лагер і вечную ссылку, але ў самых складаных абставінах заставаўся аптымістам, ніколі не траціў пачуцця гумару, кпіў з сябе самога, што служыць у канторы «Рогі і капыты».
19 жніўня мне абвясцілі, што я вызвалены з ссылкі без зняцця судзімасці. I так кожнаму. Некаму карцела хоць пляму пакінуць. О, гэтая ракавая лічба 19! У 1936 годзе 19 кастрычніка мяне арыштавалі, праз дзесяць гадоў 19 кастрычніка вызвалілі з лагера, 19 ліпеня 1947 года знялі судзімасць, 19 мая 1949 года арыштавалі другі раз, 19 верасня пастанавілі саслаць на пасяленне і вось 19 жніўня адпускаюць на крыху даўжэйшы павадок: асуджаны чалавек не меў права жыць у буйных гарадах, сталіцах рэспублік, яго пашпарт быў такой серыі, з якою не вельмі прапісвалі і бралі на работу. Зазірну трохі наперад: пастанова аб маёй рэабілітацыі прынята 19 кастрычніка 1955 года, роўна праз 19 пакутніцкіх гадоў. Ну як тут не быць фаталістам?
Вызваленым без зняцця судзімасці выдавалі «часовы пашпарт» на адзін год — складзеную напал блакітную паперку. Каму яе пакажаш? Што з ёю выпрасіш? Тады я дастаў са свайго спрату пастанову аб зняцці з мяне судзімасці Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР. Паказаў начальніку. Той здзівіўся, развёў рукамі: «Нічога не ведаю. Я дакладна выконваю ўказанне». Прыйшлося ўзяць «пашпарт» трошкі большы за «воўчы» з вялізным мінусам на геаграфічнай карце.
Неўзабаве мяне выклікалі ў райана і прапанавалі выкладаць рускую мову і літаратуру. Гэта была найвялікшая радасць. На ўрокі ішоў, як на свята, і стараўся, не шкадуючы сіл і часу. Літаратура — мая гарачая і нязменная любоў, і выкладаў яе з натхненнем.
Шкада толькі, што апусцела наша «калонія» ссыльных. Паехалі Эла Рыгораўна і Ганна Якаўлеўна. Не затрымаліся Кінаш і Вацлаў. Раз’ехаліся нашы лепшыя сябры з райцэнтра. А я вырашыў да поўнай рэабілітацыі нікуды не кратацца. Куды ж паедзеш з сям’ёю без пэўнага прыстанку і работы? Нудзіўся, але чакаў адказу з Пракуратуры і Вярхоўнага суда.
На перапынку жнівеньскай канферэнцыі собіла сутыкнуцца ў калідоры з маім «нястомным апекуном» Страпчанкам, і д’ябал тузануў за язык: «Можа, хоць цяпер пакінеце мяне ў спакоі, таварыш сакратар?» Ён сумеўся ад нечаканага нахабства, паглядзеў прыжмуранымі маленькімі вочкамі. «Я займаюся партыйнымі кадрамі, а настаўнікамі — райана». — «Па вашых указаннях». — «А ў вас у Новасібірску, відаць, моцная рука». — «Ніколі там не быў і нікога не ведаю. Проста ёсць яшчэ сумленныя і сапраўдныя людзі». — «А мы што, не сумленныя?» — вырачыўся ён. «Гэта вам лепш вядома». I раптам ён змяніў тон: «Не думаў, што беларусы такія настырныя. Ваша прозвішча памятаю па нарысах у газетах, а потым пісалі — «замаскаваны нацдэм». — «Дык вы-ы з Беларусі?» — «З Крычава». — «Вы ж мяне па-зямляцку кожны год штурхалі ў пятлю. Толькі сям’я стрымлівала». — «Цяпер працуйце спакойна». Я кіўнуў і выйшаў з клуба.
Ішоў па шырокай, асабліва сумнай цяпер пустой вуліцы і дакараў сябе, навошта чапаў землячка, але і стрымацца не мог. Бязмэтна выйшаў на ўскраіну і апынуўся на рынку. На ўкапаных сталах жанкі прадавалі зялёную і галоўкамі цыбулю, бручку, яечкі, кедравыя арэшкі, воўну, нейкія неданоскі. На стале пад паветкаю з толю ляжаў амаль новы кіцель, сінія брыджы і фуражка з блакітным верхам. Іх прадаваў звольнены ў запас Пушыкаў. Райаддзел амаль цалкам быў скасаваны, і непатрэбныя работнікі раз’язджаліся куды каторы. Я разгубіўся. Адвярнуўся і ён, думаючы, што не пазнаю. На ім была светлая кепка, безрукаўка і сандалеты. У цывільным ён выглядаў дробненькім і зусім не грозным. I ўсё ж я не ўтрымаўся, падышоў: «Прадаяце?» Пушыкаў злосна зіркнуў: «Не, праветрываю». — «А фуражачку я б у вас купіў... на памяць, — узяў і памераў. — Шкода, што малая, а то пафарсіў бы... Як мы яе баяліся».
Пасля адноснага вызвалення амаль яшчэ два гады цярпліва чакаў маленькую паперку, якая вяртала чалавечую годнасць, правы, волю, незаплямленае імя. Дні, тыдні і месяцы цягнуліся марудна, але не пакідала надзея.