I ўсё ж давялося ісці да пракурора, выслухаць угаворы і абяцанні і настояць на сваім. Мяне вызвалілі па ўласным жаданні з добраю характарыстыкаю і падзякаю за працу...

Ва ўсіх класах даў апошнія ўрокі, прадыктаваў заданні на дом і з камяком у горле выйшаў са школы. Маю нагрузку развярсталі паміж настаўнікамі. Яны былі радыя дабаўцы да зарплаты, а некаторыя шкадавалі, што пакідаю школу. Я жартаваў: «Застаюцца ў заклад жонка і дзеці».

Калі ўдасца выехаць, пэўна не ведаў. Люты — самы мяцельны ў Сібіры месяц. Снежныя бураны накручваюць сумёты аж да стрэх, завальваюць двары, што сусед адкопвае дзверы ў суседа. Мяце і круціць так, што выцягнутая рука не відаць. У такую завею аднойчы мы з Аляю ледзь не загінулі за некалькі крокаў ад свайго плота. Пакуль ішлі з педсавета па вуліцы, заблудзіць не было як, а сышлі ў наш лажок і па пахі патанулі ў снезе. Грэбліся, грэбліся, тупкая дарога прапала. Вецер збіваў з ног, над галавою, як белыя ведзьмы, свішчуць і круцяцца шорсткія пасмы, поўныя снегу валёнкі спаўзаюць з ног. Выбіліся з сіл і папаўзлі, а куды, і самі не ведаем. Трымаемся, каб толькі не згубіць адно аднаго, паўзём у крутаверці гулкай сцюдзёнай прорвы. Я лёг і прытуліўся шчакою да шорсткага сумёту, і здалося — зусім блізка мільгнула кропелька святла. Няўжо трызненне? Не, не знікае, дрыжыць і мільгае. Я ўхапіў Алю за каўнер кажушка, і папаўзлі на агеньчык. Пераваліліся цераз замеценае прасла плота і дагрэбліся да свайго ганка. Увайшлі, як два снежныя слупы. Электрычнасць даўно выключылі, на стале гарэла ўкручаная лямпа і выратавала нас.

Такая ж завіруха ўсхадзілася перад маім ад’ездам. Гусенічныя трактары з вялізнымі клінамі прабівалі дарогу машынам па збожжа, пакуль лютавала завея. Раптам усё сціхла, заіскрыліся дзівосныя сумёты, ударылі маразы з барвовымі світаннямі і малінавымі заходамі. У Барабінск збіраўся ехаць калгасны шафёр, марудны, губасты і маўклівы Ахмед Асанаў, і паабяцаў узяць і мяне.

Ранічкаю з фанерным чамаданчыкам я прыйшоў да яго. Мяне праводзілі Аля і Таня. У двары пад грузавіком невялічкае вогнішча разагравала матор. Я развітаўся з дачушкаю на вуліцы, яна выцерла рукавічкаю вочы і пабегла ў школу. Мы зайшлі ў хату. Ахмед павольна сёрбаў зацірку і маўчаў. У Алі першага ўрока не было, і яна цярпліва чакала... У сенцах пачуўся тупат ног, і ў хату ўваліўся ўвесь мой клас: заплаканая Таня сказала, што я ад’язджаю, яны сарваліся з урока і прыбеглі развітацца. Я расчуліўся да слёз. Шкода было пакідаць гэтых шчырых, з самага маленства працавітых, прагных да ведаў дзяцей, якія яшчэ не бачылі радасці, але і заставацца не было як. Мае мілыя вучні махалі мне ўслед, пакуль машына не завярнула за апошнюю хату.

Ад Барабінска да Масквы ў перапоўненым, душным і тлумным вагоне ехалі больш за чацвёра сутак. На станцыях сыходзілі адны, садзіліся другія са сваімі размовамі і навінамі. У Кунгуры амаль усе пасажыры кінуліся да прывакзальных ларкоў, і вагоны напоўніліся глінянымі і фарфоравымі статуэткамі «Гаспадыні меднай гары», саматужнымі ўпрыгожаннямі з уральскіх самацветаў, капілкамі ў выглядзе размаляваных катоў і сабачак са шчылінамі для манет.

Па вагонах часта шасталі не так даўно амнісціраваныя «мазурыкі». Я іх пазнаваў з першага погляду, як даўніх знаёмых па бараках і брыгадах, і адшываў некалькімі сказамі на блатным жаргоне. Відаць, лічылі за свайго і пакідалі за мною «сферу дзейнасці».

У сталіцу прыехаў 16 лютага. Выйшаў на прывакзальную плошчу, агледзеўся, аж не верылася, што я ў Маскве. Не, яна — стольная! У кіёску купіў і разгарнуў свежую «Правду». 14-га адкрыўся Дваццаты з’езд партыі. На першай старонцы — здымак Прэзідыума, а над ім у нішы скульптура Леніна на ўвесь рост. Толькі Леніна. Чаму ж няма таго, хто яго так доўга засланяў на плакатах і медалях? Яны ж побач у Маўзалеі? Падумаў і не прыдаў вялікага значэння.

Адрас Вікторыі Сяргееўны ведаў на памяць, але ў каго ні пытаўся, дзе той Лучнікаў завулак, толькі паціскалі плячамі і разводзілі рукамі. Стаяў на ўскрайку тратуара са сваім няўклюдным чорным чамаданам, глядзеў на людную мітуслівую плошчу, на галубоў у лужынах веснавой вады, на адліжную, у лёгкай смузе Маскву. Апошні раз я яе бачыў сем гадоў назад цераз краты «сталыпінскага» вагона, а ў сваёй таежнай глушы толькі па радыё чуў бой курантаў і знаёмыя галасы Левітана, Высоцкай і Тобіяша. Не верылася, што некалі ступлю на яе вуліцы і плошчы, убачу Крэмль, Спаскую вежу і Маўзалей. Але няма чаго раскісаць, трэба неяк дабірацца на той невядомы завулак. I раптам успомніў: Вікторыя Сяргееўна казала, што побач Політэхнічны музей і Лубянскі праезд. Там жыў, хадзіў і памёр Маякоўскі.

Першая думка — сесці ў таксі, але страшна — колькі гэта можа каштаваць? Кожная ж капейка на ўліку, а калі яе яшчэ заробіш?

Пачаў дабірацца на аўтобусах і тралейбусах, надакучаць роспытамі. А на мяне глядзелі падазрона. Па маім выцертым, у асцюках, доўгім паліце, злінялай шапцы і тоўстых мокрых валёнках, відаць, здагадваліся, адкуль я выскачыў, і маглі паклікаць міліцыю.

Перейти на страницу:

Похожие книги