Усё астатняе тыя, каму неабыякавы лёс маёй Настачкі, ведаюць толькі ўскосна. “Хвароба” яе была часовай, яна хутка ачуняла, бо блогер з Ашмян пабачыў, як каля крамы “Коммерческій рай” а восьмай гадзіне спынілася “медыцынская машына”, нумары якой ён не заўважыў. З “хуткай” выйшаў бугай, уціснуўся ў чаргу перад гэтым нашым блогерам і папрасіў пачак цыгарэт “Мірскі замак”. Блогер спрабаваў піскнуць, але ж бугай на яго паглядзеў так, што той праглынуў уласныя меркаванні аб тым, ці варта вось так нахабна паводзіць сябе ў чэргах – нават калі ты прадстаўнік хуткай дапамогі і штодня ратуеш чалавечыя жыцці. Меркаванні тыя блогер трохі шматслоўна выклаў у сваім допісу, з-за чаго памер выйшаў занадта вялікім і ступень чытэльнасці для звычайнага чалавека знізілася (допіс меў назву “Некалькі пытанняў да міністра аховы здароўя”). Бугай яшчэ чакаў свой “Мірскі замак”, бо гандляры ў Ашмянах не надта спрытныя, як праз вакно ў краме ўся чарга пабачыла, што дзверы “хуткай” адчыніліся і адтуль вылецела чарнявая “пацыентка” ў шпіталёвым халаціку. Пацыентка прашмыгнула прэч, праз плынь машынаў, ускочыла на капот старэнькага “Фольксвагена”, з за чаго той рэзка тармазнуў, і ў яго грукнулася тачка ззаду. Дзікунка тым часам дрыснула ў бок прыватных падворкаў і мела ўсе шанцы, заўважце, але ж бугай з чаргі не па-доктарску спартова высадзіў дзверы крамы нагой ды паляцеў ёй напярэймы. Блогер паспеў сфоціць на ўласную мабілку: ускудлачаная Наста з аголенай дупай (на ёй тыя ружовенькія стрынгі з коцікам на попке, якія я скрала для каханай ў Амстэрдаме) ды два дужыя гарылоіды, што прыціснулі яе да тратуара. Наста выглядае бадзёра і энергічна. Яна ўсміхаецца – вядома ж мне, мне адной! Потым яе завалаклі ў машыну, а ў краме з’явілася цётачка, бялявая, нібы анёл. Яна патлумачыла, што ўсё “пад кантролем” і што іх “экіпаж” эскартуе буйную вар’ятку ў Менск, так што не трэба хвалявацца, а лепей ідзіце дадому ды кладзіцеся спаць. “Хуткая” зноў зазіхацела “пробліскавымі” ды з ровам знікла, пакінуўшы ўладальніку “Фольксвагена” ў якасці матэрыяльнай кампенсацыі за шкоду той пачак цыгарэт “Мірскі замак”, які бугай так і не забраў, даўшы, між іншым, грошы (“у нашай “хуткай” так моцна башляюць?” – рытарычна ўсклікаў допіс).

Знайшліся тыя, хто залажаў аўтэнтычнасць гісторыі, бо штосьці на фотцы выклікала ў іх сумнеў – нейкія “трэйсеры”, “адлюстраванні” ды “марфалогія ценяў”, але ж я ўпэўненая, што гэта была мая ластавачка. І не толькі з-за стрынгаў, пра наяўнасць якіх на дупе ў Насты выпадковыя фальсіфікатары ведаць не маглі, але з-за таго, што здрыснуць з машыны, у якой сядзіць цэлы ўзвод спецыяльна падрыхтаваных байцоў – вельмі ў яе стылі. Да таго ж, ёсць больш грунтоўнае пацверджанне: праз два дні той блогер допіс выдаліў, а потым выдаліў і блог, а калі яму патэлефанавалі з “Нашай Нівы”, растлумачыў, што гэта ўсё яму падалося, быў моцна п’яны. Па тэлевізіі паказалі інтэрв’ю з уладальнікам крамы, які катэгарычна заявіў, што цыгарэт “Мірскі замак” у продажы яны ніколі не мелі, што абслугоўванне кліентаў тут вядзецца з хуткасцю маланкі, і ў якасці доказу дэманстраваў кард-рыдэр “Белкард”, які дазваляе ім праводзіць якаснае абслугоўванне ўсіх жадаючых разлічыцца карткай.

Ну і напрыканцы некалькі словаў ад сябе. Па-першае, я б хацела заклікаць Насту выканаць усе патрабаванні следства ды выступіць з пакаяльным відэазваротам да нацыі, калі гэтага запатрабуюць дактары. Бо ніякая “палітыка” не вартая свабоды: свабоды дыхаць пад мірным небам Радзімы, свабоды сустракацца з сябрамі, свабоды жыць ды працаваць на агульную карысць грамадства. Па-другое, бо ўсё роўна ведаю, што яна мой заклік не выканае, хачу сказаць, што адчуваю сябе добра, прэтэнзіяў да тых, хто мяне затрымліваў на беларускай мяжы не маю, усё было зроблена ў адпаведнасці з заканадаўствам. Хацела б прынесці прабачэнні службоўцам, якія, рызыкуючы ўласным жыццём, супрацьдзейнічалі маім намаганням пазбегнуць правасуддзя ды пацярпелі ад гэтага фізічна. Рэбры мае ўжо зрасліся, я магу хадзіць без дапамогі. Зараз мяне вызвалілі, дазволілі пісаць што заўгодна ў Сеціве, калі ўсё будзе добра, хутка вярнуць мне пашпарт, і я зноў змагу валэндацца па свеце.

Што тычыцца Насты, дык я лічу тое, што адбылося, даволі справядлівым, бо часам бывае, мы самі не разумеем, што нам на карысць, а што не. Вядома ж, нуджуся без каханай, але ў выніку яе затрымання, адчула нейкі касмічны спакой. Бо калі мы былі разам, заўсёды была пагроза, што яна пойдзе налева, што пасябруе з кім-небудзь, пакуль я сплю ці здабываю грошыкаў ёй на ежу. Што з’явіцца ў яе асяроддзі новы “Вілаў” ці баба-прашмандоўка на адну ноч, а мне потым глытаць слёзы абразы ды рэўнасці. Зараз яна дагледжаная, яе добра кормяць, тры разы, як мне сказалі, вечарамі яна глядзіць серыял “Доктар Хаўз” па беларускім тэлебачанні. Я ведаю, што ніхто яе ў мяне не скрадзе, што яна заўсёды будзе са мной, і я ўрэшце рэшт яе дачакаюся.

Заўсёды не вашая, не, не, не вашая, Крэйзі.

***

Янка Пільняк, аўтар “Сцюдзёнага выраю”

Перейти на страницу:

Похожие книги