Цягнуўся трал у Антакальніс, я паспела вывучыць “кіта стукяліс” – “наступны прыпынак” па-літоўску, вывучыла і паўтарала разам з кіроўцай, якая абвяшчала прыпынкі, я паўтарала за ёй –“кіта стукяліс” і сканчала за яе: “Ан-та-каль-ніс”! Але ж замест “Антакальнісу” яна ўсё не тое выдавала: “кіта стукяліс”… далей такая шматабяцальная паўза, і я паспяваю грымнуць: “Антакальніс!”, а тая сучка кажа: “Пятра ір Пуло бажніцэ”. І валачэ трал далей, павольненька так, бо не спяшаецца, у яе ж расклад, у яе мабіла і страхоўка, у яе сяброўка не ляжыць пад нажамі мяснікоў-гібонаў з адчыненым чэрапам, ці пагалілі яе, калі пагалілі, як жа я буду без яе валасоў? І зноў “кіта стукяліс”, і зноў паўза, я малюся Шыву – адзінаму богу, якога паважаю, але ж хуй, “кіта стукяліс… Нярыс”. Ну я чалавек спакойны, але ж падбегла да яе тэрарыюма, крычу: “Давай, хутчэй Антакальніс абвяшчай!” А тая робіць выгляд, нібы па-руску не разумее.

Карацей, ну прыехалі мы ўрэшце рэшт, прыбылі да “Антакальнісу”, вялікі будынак побач з прыпынкам, на сценцы напісана “Клінікас” крывавымі літарамі, тое, што трэба, – і натоўпы хворых ды скалечаных цягнуцца да ўваходу, бы зомбі, якія прагнуць Настыных мазгоў. Ля рэгістратуры чарга, як пры пасадцы на каўчэг, я адразу ў пачатак, расштурхоўваю балезных, крычу, дзе Наста, бля, дзе? Але ж тутэйшы Ной мяне не заўважае, бо трэба ў чаргу і станаўлюся ў чаргу, чакаю своеасаблівага “Антакальнісу” ўжо тут, у чарзе, у клініцы, крок у тры хвіліны – такая хуткасць, трэба супакоіцца, хутчэй не будзе, вось і акенца, схіляюся, тлумачу, трохі заікаюся, бо Настуленька мая – побач. Там сядзіць павольны сівы малпюк, які прапануе мне супакоіцца ды яшчэ раз усё растлумачыць, так, усё ж не зразумела, тлумач яшчэ, бо малпень не можа ўцяміць, якая “хуткая”? Сюды? І ў “хуткай” была дзяўчына? Беларуска? Не, тут малпыч прасвятляецца ды з усмешкай кажа, што адбылося непаразуменне: па-першае, такой не прывозілі, па-другое, “хуткія” сюды ніколі хворых не дастаўляюць – не той у нас профіль.

Яшчэ з паўгадзіны я лётала па раёне ў пошуках другога, “правільнага” шпіталя, бо не дала веры малпуку, які сказаў, што няма тут ніякага іншага шпіталя. Потым вярнулася ў рэгістратуру, зноў чарга, зноў Ной, але ж гэтым разам іншы – памаладзей ды пагібонісцей, я кажу яму, сяброўку забралі, звезлі некуды непрытомную, давай, тэлефануй у Міністэрства аховы здароўя, высвятляй, дзе яна, што значыць не твая справа, я зараз ўсё шкло ў будынку высаджу, я зараз табе аловак гэты ў вока засуну так, што толькі гумка з вачніцы тырчэць застанецца, ды можаш клікаць тую ахову, але ж ведай, бля, я праз пятнаццаць сутак выйду, тваю хатнюю адрэсу знайду, расшукаю, ды жыцця ў цябе болей не будзе, зразумеў? Бо станеш маім асабістым ворагам, зразумеў? У чарзе летувісы зашапталіся, што гэтыя рускія зусім ахуелі, што пагражаюць дактарам, але ж Нойчык адчуў, што з дзяўчынамі, у якіх зялёныя валасы, лепей не звязвацца, набраў нейкі нумарок, удакладніў дадзеныя маёй Настуні, дзынкнуў яшчэ некуды ды яшчэ і абвесціў, што не прывозілі маю каханую ні ў адзін са шпіталёў Вільні, што гэта дзіўна.

Я зноў пачала трохі буяніць, бо мне падалося, што гібон з мяне здзекуецца, як гэта не прывозілі, куды ж яе забралі, але тут і паліцыя падаспела, румяныя такія хлопцы, вясёлыя, пакуль вязалі нават пушкі падаставалі, бо надта я ўжо кусалася. Калі ў тачку валаклі, мужчынка з рэгістратуры побач бег ды тлумачыў мне, што паліцыю не ён выклікаў, а нехта з чаргі, і хай я яму, калі ласка, не помшчу, бо ён жа не адказвае за тое, што тыя з чаргі нарабілі, але ж мне не да яго было, плюнула яму на калашыну ды сказала, каб на хуй ішоў.

У пастарунку спачатку змясцілі ў пакоі, дзе быў вялікі штандар Літвы, стол, цяжкая шафа з дакументамі, але ж не было крэсла, я нервова гойсала па перыметры ды думала, ці не высадзіць шкло ў шафе ды ці не парэзаць вены, бо Наста, мабыць, ужо памерла, а жыць мне без яе немагчыма. Потым трохі супакоілася ды ўцяміла, што, мабыць, забрала яе не “хуткая”, зусім не “хуткая”, а злодзеі скралі, і цяпер яе непрытомную усім кагалам абыходжваюць, па чарзе, цікава толькі роля той прыгажуні с цвёрдзенькімі грудкамі: яна таксама падстаўляецца, ці яна там кшталту галоўная. І яшчэ прыгадаўся літаратар гэты стамбульскі, каб яму зрабілася зусім неспакойна.

Перейти на страницу:

Похожие книги