Гэты раман прадаваўся даволі хутка, галоўным чынам – за кошт дасканалай формы цыцак, на якую купляліся дальнабоі на развалах. Але Іван Пільняк раптам адчуў сябе пісьменнікам з вялькай літары “пісь”. Ён наклацаў усхваляваны допіс пра тое, што руская літаратура задыхаецца ад цыцак на вокладках, а дыскусія аб тым, ці можа стаяць чэлес у нежывога мужчыны, нават калі той вельмі закаханы –не навуковая , і што ён асабіста болей не будзе кранаць тэму вампіраў у сваіх творах. У якасці спробы новага штылю Іван змясціў у Сеціве фрагменты са “зборніка рэалістычных апавяданняў”, які назваў “АграгарадОК”. Апавяданні паразітавалі на другой пасля гандлю муміямі продкаў тэме беларускай літаратуры – жыцці простых людзей на зямлі. Апавяданні былі лёгкімі, смешнымі – так падавалася аўтару і яшчэ чатыром чалавекам, якія змарнавалі час на іх чытанне і пакіданне ганебных каментаў. У “АграгарадКУ” Пільняк яшчэ намагаўся заляцацца да беларускай культурнай улады – той, што як схапілася за маўзер пры Шагале, так ад гэтага маўзера ніяк не адмовіцца. Ён яшчэ спрабаваў працаваць “і нашым, і вашым”, даючы спрэчныя інтэрв’ю са згадкамі пра асаблівасці кіравання ў мастацтве, але ж “АграгарадОК” той пісаў у патаемным спадзяванні, што, можа, у Купалаўскі возьмуць ці ў ЛіМе надрукуюць. Карацей, старанна абыходзіў усё тое жывое, што зараз у Беларусі намінуецца “палітыкай” і спрабаваў кранаць выключна “вечныя тэмы”, якія таму і “вечныя”, што такія ж нерухомыя ды нежывыя, як чэлес у вампіра.
“АграгарадОК” не ўзялі і не надрукавалі. Па-першае, таму, што трэш, толькі гэтым разам зроблены з сур’ёзным тварам, па-другое, таму, што вобраз старшыні, які размаўляе ў “Аграгарадку” на трасянцы, камусьці штосьці нагадаў, як бы Пільняк не запэўніваў, што нічога такога на ўвазе не мелася. Акудовіч працягваў маўчаць, але ж нехта выклаў са спасылкай на Акудовіча версію, што калі б той жа “АграгарадОК” быў напісаны на мове, ось тады б… Пільняк зрабіў апошнюю спробу знайсці сябе ў рускамоўнай прозе – спробу ўжо асуджаную на правал, бо адмовіўшыся пісаць пра вампіраў, ён страціў краіну, якая на той мове размаўляла. Выдавацца ў Расеі і не пісаць пра вампіраў для чалавека ягонага ўзроўню таленавітасці было немагчыма”.
Наступны фрагмент дакладна накрэмзаны Пільняком. Нягледзячы на крытычную танальнасць, бачна, як ён, падла, захапляецца сабой ды ўласнай выключнай роляй: “Карацей, Пільняк абвесціў сябе “апошнім рускім пісьменнікам”, “спадкаемцам рускае мовы”, якая была “расстраляная бальшавікамі”. У прадмове да апошняй рускамоўнай аповесці ён сцвярджаў, што была вось вялікая руская літаратура кшталту Гогаля, Дастаеўскага, Чэхава. Але потым адбылася Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя. І ўсе носьбіты гэтай літаратурнай традыцыі з’ехалі ў эміграцыю, пабраўшы з сабою сюжэты, мову, карацей – канон. І што пакуль вялікая руская літаратура памірала ад голаду ў Парыжы, як Газданаў, ці пакутавала ад галечы ў Берліне, як Набокаў, у Расеі тым часам паўстала новая ружовашчокая, борзая і простая літаратура, якую стваралі пралетарскія пісьменнікі” (дадам ад сябе: кшталту Пільняка, гы гы).
“І абставіны склаліся так, што эмігранцкая літаратура, правапераемніца вялікай рускай традыцыі, сканала ад старасці, потым пайшоў і Саюз, але ў расейскай прозе, якая павінна была выракчыся пралетарскасці, узняцца над дзікунствамі моўных ды сюжэтных спрашчэнняў, пачала развівацца тая літаратура, якая нарадзілася з 1917 года. І, пакуль у публічнай прасторы паступова адбываўся чэкісцкі рэванш, у прасторы культурнай варочалі паслядоўнікі Марыеташагінян ды Ільфапятровых. Вампіры паўсталі як непазбежны выток адданасці справе трупажэраў, а цыцкі былі абумоўленыя жаданнем зарабіць адразу ўсе грошы на зямлі, уласцівыя расейскаму капіталізму на існай ступені ягонага развіцця. І што ў гэтых умовах менавіта ён, Іван Пільняк, з’яўляецца апошняй надзеяй вялікай рускай літаратуры. Бо паходзіць звонку, з-за мяжы, хай сабе тая мяжа даволі празрыстая ды аддзяляе Расею ад яе сяброўкі Беларусі. Па-другое, ён маскоўскіх Літынстытутаў, у якіх таленавітым дылетантам робяць прычоску мазгоў, адаптуючы да рэаліяў постсавецкай савецкасці, не сканчаў, быў узгадаваны на эмігранцкай прозе, а таму з’яўляецца натуральным спадкаемцам Газданава, Набокава і г.д.