Узнімаю кубак — матухна! Пад кубкам сядзіць Сцяпанка, уласнай лінялай персонай! Колькі год яго ўжо не бачыла! Не, вы не падумайце, што я тут зусім дзяўбанулася! Сцяпанка гэта не які-небудь чатырохсантыметровы мужчынка, які ўдалбанай Насце падвязаўся выконваць любыя жаданні, гы гы, не, усё не настолькі дрэнна. Сцяпанка — мая цацка дзіцячая, палатняная, старая. Трусік у франтаватым паліто, кшталту тых, што насілі паны з маёнтка, дзецям якога Сцяпанка некалі належаў. Трусіку я ў сем гадоў адарвала нагу. Чаму адарвала? Бо ўпершыню задумалася пра таямніцу размнажэння. Запытваюся ў маці: «Як я з’явілася на свет?». Яна адказвае: «У капусце знайшлі». Я кажу, а што я там рабіла? Тая спачатку пра бусла пачала, але ж я зусім збянтэжылася, пры чым тут бусел, мамо? Што ён у капусце рабіў? І што такое секс, дарэчы? Ну, карацей, мамка пайшла па аграрным шляху ды растлумачыла, што дзяцей садзяць увесну ў глебу, а пад восень збіраюць на разорах. Мяне гэтая экспланацыя задаволіла, і я вырашыла зрабіць дзіцёнка і Сцяпану: адкруціла ў таго нагу, пайшла на грады з капустай і прыкапала там у якасці насення. Калі нага Сцяпана «не ўзышла», маці патлумачыла тым, што трэба было палоць, палоць, каб пустазелле не задушыла, ты ж буракі полеш, бульбу полеш, дзяцей таксама трэба палоць. Яна яшчэ доўга трымала мяне такімі гісторыйкамі ў поўным няведанні таямніц сусвету, за што ёй вялікі дзякуй. Прыводжу гэтую гісторыю проста каб адлюстраваць мысленне тых, на кім трымаецца наша бягучая «моц» ды «квітненне»: вітулі, мамо! Што ты зараз мне скажаш? «Патрывай трохі, доню»? «Так трэба»? «Не варта абурацца, дзяржава лепей ведае, што з табой рабіць»? Цьху, бля! Задушыцца! Вось прысудзяць мне аднойчы шыбеніцу, будзеш стаяць побач з катам ды поўраз на маёй шыйцы папраўляць. «Пацярпі, донька, спачатку будзе складана дыхаць, а потым зробіцца прасцей»…
Вядома ж, мне было прыемна пабачыць дзіцячую цацку тут, у цяперашніх маіх занадта белых і сонечных дэкарацыях. Але паколькі ў мяне зараз вельмі шмат вольнага часу і амаль што няма заняткаў, я пачала разважаць, а што б гэта значыла? Сцяпанку я некалі падарыла Джону Вілаў, якога, як сцвярджае Янка Пільняк, «не існавала». Вы бачыце, што я пільна сачу за падзеямі ў краіне і маю ўсе тэксты, у якіх узгадвалася маё імя. Потым трусік апынуўся ў Янкі, бо Вілаў такім чынам нібы «адмаўляўся ад маёй справы і прапанаваў больш яго не турбаваць». Бачыце, якія жарсці! Урэшце трусіка перадаюць мне за краты. Што вельмі, канечне, прыемна, я павінна запляскаць у далоні і напісаць удзячны ліст Пільняку. «Дзякуй, Яначка, збаўца мой! Дзякуй, што вярнуў маю ўлюбёную цацу ды прасануў злодзея, які спрычыніўся да майго захопу». Я нават магу сабе ўявіць, як ва ўводзінах да майго ліста, што Пільняк надрукаваў бы паўсюль, дзе толькі можа надрукаваць, гэты мудзіла напісаў бы нешта «душэўнае». Можна ўявіць гэты ягоны штыль… «Уся гэтая гісторыя» — ён прэцца ад абагульненняў, — «можа быць прачытаная» як гісторыя «прыгодаў палатнянага трусіка». Ён бы разводзіў соплі пра тое, што трусік, бачыце, быў падараваны не вартаму такога падарунку чалавеку, перададзены Янку і ў рэшце рэшт вернуты ўласнай «мамцы». І такім чынам мы маем справу амаль што з хэпі-эндам. Наста цалуе трусіка ў яго «збянтэжаную мыску», трусік «маша лапкай» гледачам, пакутніца ды звярушка зноў разам, яны ўз’ядналіся, слёзы, занавес, «Оскар».
Але ў цітрах да гэтай меладрамы ўзнікае дробнымі літаркамі пытанне: «Як Ян Пільняк, які, вядома ж, не мае ніякага дачынення да спецслужбаў, здолеў перадаць цацачку Насце?». Тое яшчэ пытанне, пагадзіцеся. Месца майго ўтрымання «Наша ніва» слушна назвала «самай вялікай таямніцай у краіне». Як «мовазнаўца» ды «літаратар» Ян Пільняк даведаўся аб гэтай таямніцы? І чаму, сука, маўчыць? Дапамог бы ўсім астатнім, растлумачыў бы, куды мне пісаць.
І другое. Выкажам здагадку. Янік атрымаў падказку ад нейкага свайго выпадковага сябрука ці нават ад «Джона Вілаў» — у тым пякельным выглядзе, якім Вілаў нам намаляваны Янам. «Джон Вілаў» перад канчатковым «сконам», «знікненнем», вырашыў зрабіць паслугу чалавецтву і выдаць Пільняку маё месцазнаходжанне. Каб трусік знайшоўся. Бо Вілаў балела пра трусіка, што той без гаспадыні.
Дык як Пільняк здолеў перадаць трусіка мне? Ляльку ж сюды не паштар прынёс у блакітным, як вочы нашай Радзімы, мундзіры! Як трусік тады апынуўся сярод тутэйшых соснаў? Адміністрацыя ўстановы, канечне, уцяміла, што адбылося парушэнне рэжыму. Выглядае, што вартаўнік менавіта ад адміністрацыі трусіка і атрымаў. Бо занадта нахабна ўсміхаецца, падла, на мае пытанні. Дарэчы, вы чытаеце гэтыя радкі? Яны выйшлі з установы? Ну дык гэта ж лепшае пацверджанне, што мае ўладары ў дадзеным выпадку ўсё ведалі і выконвалі загад.