Бо ўвесь гэты абзац, таксама як і ўсе іншыя абзацы, узгодненыя па пяць разоў з інстанцыямі. Такім чынам, наш Ян Пільняк не проста дамовіўся з вартаўніком, якога можна за хабар да чаго-небудзь падштурхнуць. Не, ён дамовіўся з сістэмай, каб яна дазволіла яму, чарвяку, «літаратару» ды «рэдактару», зарганізаваць парушэнне распарадку. А тут, я скажу, з парадкам усё амаль што так непазбежна, як з рухам планет вакол Сонца. Калі дзе фортку не зачынілі па «графіку проветріваній», дык чакай заўтра зацьмення сонца. Яначка наш апынуўся Богам, ось што! Ён не толькі ўсё ведае, ён, да таго ж, усё можа. Ведае, дзе ўтрымліваюць Насту. Можа перадаваць асабістыя рэчы ў месцы, у якіх нават службоўцы перад заходам за вароты, абавязаныя распрануцца для асабістага дагляду ды здаць мабільныя тэлефоны.
Я не кажу, што зразумела ягоную ролю ў сваім жыцці пасля таго, як атрымала меладраматычную дзіцячую цацку, своеасаблівую падробку пад хэпі-энд. Усё я разумела і да гэтага. Проста лялька зрабілася апошняй кропляй. Нават не сам гэты трусік, але маўклівае чаканне маёй падзякі мярзотнікам Пільняком. Гэтая самазакаханая пачвара была ўпэўненая, што выкліча Настыны слёзкі падзякі? Ну дык атрымай дусту замест ружаў!
Некалькі тыдняў пайшло на тое, каб запэўніць тутэйшага галоўнага астранома, які адказны за рух планет, заходы, усходы, форткі ды нават колькасную прысутнасць O2 у той паветранай сумесі, якой я дыхаю, што я магу апеляваць на напісанне ліста на волю. Астраном спачатку слухаць не хацеў, толькі смяяўся. А я ўсё працягвала прасіць, напісала паперку, потым яшчэ адну, яшчэ, брала на сябе нейкія «абавязальніцтвы», сцвярджала, што не буду супраць таго, «што ліст прачытаюць», потым — што «з задавальненнем» выпраўлю ўсе «памылкі», якія астраном і іншыя датычныя да раскладу руху планет заўважаць у маім разуменні таго, як трэба пісаць лісты з-за кратаў.
Я ведаю, што рашэнне аб гэтым лісце прымалася на найвышэйшым, зааблокавым узроўні, недзе побач са стратасферай. Складана сказаць, што прымусіла пагадзіцца з маёй апеляцыяй тых усемагутных маўчуноў, якія спачатку маўчалі «не», а потым аднаго дня пачалі раптам маўчаць «так, добра, згодныя». Падаецца, усё вырашыла іх адчуванне гідлівасці да Янкі Пільняка, пра якога ніжэй вы даведаецеся шмат чаго цікавага. Прусак, нават калі ён карысны прусак, карысны, бо чысціць стол ад хлебных дробак — усё ж прусак. І пры першай магчымасці рука цягнецца за тапкам. Гэта вышэй за розум, гэта вышэй за разуменне таго, што прусак шмат яшчэ дробак са стала прыбярэ. Проста глядзіш на яго, працінаешся гідлівасцю і неяк аўтаматычненька — хоба — і плямка замест кузуркі.
Тутэйшага «галоўастранома» больш за ўсё ўразіў мой «амерыканскі аргумент». Чую вашую гаману: Наста, бля, хопіць ужо хаваць іх за гэтым какецтвам, дай нам імя, прозвішча, пасаду! Але, людцы, не маю права, не магу агучваць нават прыкладных фармулёвак іхніх пасадаў, бо не прапусцяць ліст… Дык вось, хай будзе галоўастраном.
Галоўастраном кінуў смяяцца і пачаў дапамагаць з дазволам на ліст, калі пачуў мой «амерыканскі аргумент». Вось гэты аргумент: «Вы ж не хочаце, каб мае прыхільнікі і паплечнікі, і паслядоўцы знялі на Соні ХэндзіКэм адразанне галавы грамадзяніна Вілаў ланцужнай пілой? Бо вы ж улічвайце, я ж у пэўным сэнсе жывы сімвал для свядомых змагароў. А гарачых галоваў, у якіх з-за тае гарачыні праз вушы выпарыліся глузды, хапае ў беларускай эміграцыі! І асабліва ў амерыканскай беларускай эміграцыі, зашыфраванай, падпольнай! У Бостане схаваліся пасля нашага крывавага снега некалькі сапраўдных Рэмба, яны з лёгкасцю і пілу знойдуць, і відэакамеру, і, што самае прыкрае, самога Вілаў, бо той насамрэч — жывы, здаровы, рэальны і гэтак далей. І вось, натуральная гідлівасць да прусака Пільняка ў сукупнасці з нежаданнем міжнароднага скандалу прывялі да таго, што мне дазволілі займацца „пісаннем“ на штотыднёвых „эстэтычных практыкумах“».
Мне паставілі тры ўмовы. Прыводжу іх, каб люд не гундзеў, чаму я тое сказала, а тое — не.
Першая ўмова. Ні слова пра падрабязнасці спецаперацыі па маім фізічным захопе ў Вільні. Бо там працавалі спецыялісты, якія дагэтуль на аператыўнай службе, і выпадкова ці невыпадкова я магу іх раскрыць. Акрамя таго, я знаходжуся «пад эмацыйным уплывам наступстваў» іхняй працы і не здолею аб’ектыўна ацаніць высокія прафесійныя якасці, якія яны прадэманстравалі і за якія былі ўзнагароджаныя. Адзіны сказ, які праз тры сеансы выпраўлення памылак мне дазволілі пакінуць: «Пра гэтую аперацыю ўсё ўжо напісана ў Сеціве: чытайце ды аналізуйце». І не пра аперацыю, а так, каля яе. Я не буду каментаваць усяго таго, што напляла малая ці што сказалі наплесці малой, бо мне і гэтага зрабіць не далі. Але ж чытайце Крэйзіны запісы пільна і рабіце высновы, сыходзячы з усёй сукупнасці абставінаў, у якіх яна апынулася, усё, усё, тут спыняюся, бо, здаецца, ужо недзе заступіла за рысу.