— Не, паслухайце,— загаварыў Міша, калі хваля смеху схлынула.— На каравай падкінем Кату. Мая бабка Матруна збіраецца на вяселле. Яна, кажа, ба́біла яго — прымала на гэты свет. Сёння пад вечар на каравай «унуку» ўзяла з-за іконы і завязала ў хусцінку дзве траячкі. А хусцінку паклала ў кішэню святочнай плюшавай жакеткі. Грошы ніхто не разгортвае, калі кідае на каравайную талерку. «На шчасце маладым» і — кідзель! Даходзіць? - Міша зрабіў паўзу і працягваў: — Не разгортваюць, дык хто разбярэцца, што за сіняя паперка складзена — траячка ці лістоўка. Зноў жа, пасля, як прачытаюць наша партызанскае «віншаванне» паліцаю,— хто на старую жанчыну падумае? Амаль сляпая, глухая, ледзь ногі перастаўляе... Даходзіць?.. Раніцай пайду да бабкі вады ёй прынесці, дроў насекчы. Яна адвернецца з хаты сыпнуць якой мякіны курам, загамоніцца з імі: «Цы-ыпачкі мае, цы-ы-пачкі», а я ў хату і лістоўку замест грошай — у насоўку!..
Усе былі ў захапленні. Вось гэта план! Спачатку вырашылі, што лепш расклейваць лістоўкі каля калодзежаў не сёння, а заўтра ўначы. Вяселле ж будзе заўтра, дык каб разам выбухнула і па вёсцы, і ў паліцаевай хаце — паслязаўтра ранічкай. Грандыёзна! Усюды былі партызаны!..
Але паразважаўшы, перадумалі: хіба можна хаваць такую радасць ад людзей хоць на адзін дзень! I з другога боку — глядзіце, людзі, не проста наскокам з’явіліся партызаны — зніклі, рэціраваліся, а з’яўляюцца раз за разам, не дужа апасаючыся, бо сілу маюць. Глядзіце!..
Лістоўкі кожны свае пахавалі ў кішэнях. Міша ўстаў з-за стала, падышоў да вялікага трумо, што стаяла ў прасценку паміж вокнамі. Паглядзеўся, спачатку прыгладзіў, потым дурасліва ўскудлачыў валасы.
— Вось гэта аброс! — Міша крутнуўся да хлопцаў.— I вы таксама. Давайце, мушкецёры, я пападстрыгаю вас. Пад бокс. Ну, каго першага? Аляксей, цябе давай. Як начальніка.
Маментам знайшліся нажніцы, расчоска. Аляксей сеў на крэсла пасярод хаты. Міша хвацка пстрыкаў нажніцамі. Прыжмурваўся, пазіраў то на патыліцу, то на адну, на другую Аляксеевы скроні, і нажніцы зноў працягвалі сваю гаворку: «Чык-чык, чык-чык...», і цырульнік прыгаворваў:
— Вышэйшы клас будзе. Як у артыста Алейнікава.— Ён рабіў гэтую няхітрую справу так старанна і акуратна, быццам Аляксею мелася якаясьці вялікая ўрачыстасць, пад час якой ён павінен паўстаць у найлепшым сваім выглядзе.
Бразнулі сенечныя дзверы. Затым у задняй хаце цяжка затупацелі крокі. Не паспелі падпольшчыкі апамятацца, як на парозе з’явіўся начальнік Пірэвіцкай валасной паліцыі Яшка Трахімаў.
— Вечар добры ў хату! — гучна прывітаўся ён, акідваючы ўсіх шпаркім насцярожаным позіркам.— Што ж гэта за нялюдская пагулянка ў вас — чатыры хлопцы і дзве дзеўкі? Як вы тут мірыцеся? — ляпнуў па халяве бота кароткім пугаўём, якое трымаў у руцэ, відаць, проста так, абы рука не гуляла.— Што вы — як вады ў рот панабіралі? Аляксей, а дзе твая Валя?
— Дома, падлогу ў хаце мые.— Аляксей устаў, пачаў абтрасаць з кашулі валасы.— Мяне ў сваты чакае. I я таксама — бачыш во? — рыхтуюся да вяселля. — Засмяяўся.
— Смех смехам, а вяселлі сапраўды хутка разгуляюцца. Жыццё возьме сваё, вось толькі бандытаў сталінскіх пераловім.
— Дык, можа, і ты ўжо збіраешся жонкай абзавесціся? — знарочыста жартаўліва спытаў Аляксей.— Можа, наважыўся ў мяне Валю адбіць, калі з парога і — «дзе Валя?».
— Мне жаніцца пакуль што не выпадае. Служба.
— Без бацькі ты сабе службу нажыў.
— Не, з бацькам.— Паліцай рассунуў тоўстыя губы ва ўхмылцы, а вочы яго раптам нечага пацьмянелі, нібы напоўніліся смуткам.— Ага, дык едзем мы вуліцаю, гляджу — з вокнаў праз шчыліны ў аканіцах святло цэдзіцца. Зайду, даўно не быў, думаю.
— То давай і цябе падстрыгу,— падхапіў Міша.— Жаніцца не збіраешся, аднак жа каханка, мусіць, ёсць. Хлопцы пачакаюць, спярша — начальства.— У яго ледзь не вырвалася: «Аднаго начальніка вунь абчыкрыжыў ужо», але ён прыкусіў язык і толькі пакляцаў нажніцамі.
— Падсмейваешся? Ты заўсёды ў нас быў зубаскал, паддзявала.
Яшка ў сямігодцы вучыўся разам з усімі імі. Ён быў равеснік Веры, але, як і яна, недзе ў пачатковых класах двойчы другагоднічаў. Ні адметным, ні паганым нічым не вызначаўся. Хіба толькі — што быў варашылаўскім стралком. Страляў ён з малакаліберкі толькі ў дзесятку-дзевятку. Любіў строй, фізкультурныя маршыраванні. Фізрук, які таксама быў і кіраўніком гуртка «Варашылаўскі стралок», ставіў яго ў прыклад. «Вучыцеся, казаў, у Трахімава. Вось з каго будзе абаронца Радзімы!» На пачатку вайны Яшку, навучэнца сельскагаспадарчага тэхнікума, прызвалі ў Чырвоную Армію. Пад Бранскам ён трапіў у акружэнне і ўвосень вярнуўся дадому. Тое, што ён ускорасці запісаўся ў паліцыю, было нечаканым для ўсіх. Лічыўся ж сваім хлопцам, і раптам — з чаго так? Аляксей падумаў: «Добра, што я яшчэ не адкрыўся яму. А мог бы. Тры гады на адной парце локаць у локаць сядзелі».