Лістоўку ён чытаў так, як некалі ў школе іхні гісторык Бахановіч расказваў пра перамогу Кутузава над Напалеонам: кожнае слова вымаўляў — нібы чаканіў. Але было ў гэтым чытанні не столькі ўзнёслага, пафаснага, колькі таго глыбінна-ўзрушлівага сардэчнага пачуцця, з якім ён чытаў сваю клятву.
Потым лістоўку перачытвалі ўголас Юрка і Тоня. I кожны з іх на заканчэнне з нястрымнай юначай радасцю і захапленнем, ледзь не падскокваючы на крэсле, усклікваў:
— Перамога!.. Перамога!..
— Цяпер пакоціцца! А, хлопцы? — Аляксей, калі быў чым моцна ўзрушаны, і хлопцаў і дзяўчат называў хлопцамі.— Цяпер Чырвоная Армія турне фашыстаў, а нам тут трэба... А, хлопцы?..— Ён не сказаў, што іменна зараз трэба ім рабіць, бо канкрэтна сам яшчэ не ведаў. Адным быў гарачкавата перапоўнены і наструнены: тым няўмольным непахісным сэнсам, які ўтрымліваўся ў кароткім, але моцным слове: трэба.
— Давайце клас, дзе спяць фрыцы, уначы закідаем гранатамі! — Юрка таўхануў локцем Аляксея, з якім сядзеў побач.— Давайце! Дакуль мы будзем хаваць свае гранаты? Заржавеюць жа.— Ён паварочваўся то да аднаго, то да другога і тараторыў як заведзены: — Заржавеюць жа!.. Заржавеюць!..
Спачатку ўсе, паддаўшыся гарачай імпульсіўнай узбуджанасці, падтрымалі Юрку: правільна, гранатамі у асінае гняздо! А то прыгрэлася набрыдзь у цёплых класах іхняй роднай школы, а яны — падпольшчыкі, называецца! — дружна палаюць іх цішком, з аглядкай, пагрозяць кулакамі ў той бок, і на тым усё. Цяпер — не, пастаў час лінуць кіпеню ў логавішча фашыстоўскіх прыблуд.
Але калі сталі разважаць, як практычна гэта зрабіць, запал іх пакрысе пачаў астываць. Як? Мусіць, ніяк. 3а добрых сорак метраў школа абнесена высокай згароджай з калючага дроту. Паспрабуй шпурні цераз яе гранату так, каб дакінуць да будыніны і яшчэ ў акно нацэліць! Пралезці праз агароджу? Дрот густа нацягнуты, і на ім розныя бляшанкі папавешаны. Чуць зачапіўся адзежынай за дрот — яны і задзынькалі, затарабанілі. А на вартавой вышцы — пражэктар, кулямёт... Не, аніяк.
Гэтая горкая рэальнасць прывяла ўсіх у цяжкі стан паныласці. Пачуццё бяссілля навалілася гнётам, абрынулася жорсткай крыўдай. У марозным акне свяціў месяц. Цьмяна гарэла лямпа, падвешаная за драціну да бэлькі пасярэдзіне хаты. Святло месяца і лямпы, зліваючыся ў адно, поўнілі хату жаўтлявай празрыстасцю. Юрка сядзеў тварам да акна і калі гаварыў, белыя зубы яго блішчалі і — як выскальваліся. Аляксею тады здавалася ў яго твары як бы штосьці ўладарнае і грозна-рашучае. У нейкі момант яму падумалася: «Можа, і я цяпер так выглядаю?» Як ні дзіўна, але гэтага яму і захацелася раптам. А як жа, менавіта вось такім і павінен быць камандзір групы!.. Уладарным і грозна-рашучым... Ён сам яшчэ не заўважаў, што ўнутраная сабранасць, раней не характэрныя для яго строгасць і катэгарычнасць апошнім часам спадарожнічалі яму.
Аляксей сядзеў, увесь як у кулак сабраны.
— Аднак жа лістоўка павінна неадкладна пачаць дзейнічаць.— Ён сказаў, а сам яшчэ падумаў: «Гранаты б у вокны ім, гранаты».— Давайце перапішам яе і папрыклейваем каля калодзежаў. Толькі ўсім пісаць трэба з нахілам у левы бок. Каб почырк не пазнаць было.
Наперапісвалі кожны па два экземпляры. Размеркавалі, каму каля якіх калодзежаў расклейваць.
— А гэтую куды? — Аляксеева пытанне ўсіх, і яго самога, як бы застала знянацку. Сапраўды, куды? Пераглянуліся, скіравалі позіркі да Аляксея.
— Давай яе мне, я злётаю на Дзедаўку і прыклею да весніц Асцюка. — Сяргей працягнуў руку да лістоўкі, але Аляксей не аддаваў яе, нешта раздумваў.— Давай, от радасці будзе старасту! Ха-ха-ха! — Ён засмяяўся сваім нягучным гартанным рогатам, пляснуў далонь аб далонь.
— Во-во, на пасёлак жа таксама неабходна занесці лістоўку. Дык няхай там стараста першы ёю парадуецца,— горача падтрымала Сяргея Вера.— I я пайду з Сярожам, удваіх надзейней. Пабачым каго падазронага — я Сярожу пад ручку: закаханыя!.. А што, чым не пара?
— А можа, Ката лепш усцешым? — няўпэўнена, быццам не дадумаўшы яшчэ нечага да канца, нешта ў самога сябе пытаючы, сказаў Міша.— На вяселлі.
Паліцэйскі па вулічнай мянушцы Кот, які разам з немцамі ахоўваў чыгунку, жаніўся, і назаўтра мелася адбыцца яго вяселле.
— Сапраўды, вось здорава было б! — зноў узгарэўся Юрка.— Я прывяжу яе да каменьчыка, і толькі Кот на «горка» памкнецца, каб лізнуць сваю каціху, а тут шыба: «Дзын!» — Юрка гаварыў так, быццам усе ўжо дружна пагадзіліся з яго планам і ніякай іншай размовы быць не можа.— Пакуль ачомаюцца госцейкі — мой і след прастыў. Панятна?
— Памяўкае коцік на сваім вяселлі, от памяўкае! — засмяялася Тоня. I ўсе падхапілі яе смех, смяяліся ўцешна, задорна і бурна. На хвіліну як бы пазбыліся адказнасці і небяспекі, што падсцерагала іх на кожным кроку.