Гэта чырвонаармеец кiнуў у камару газэту «Савецкая Беларусь».

Нам было дазволена чытаць газэты.

Заняты сваймi думкамi, без асаблiвай цiкавасьцi я ўзяў у рукi газэту, як раптам астаўпеў.

На першай бачыне вялiкiмi лiтарамi было надрукавана:

РАЗГРОМ ГРАМАДЫ Ў ПОЛЬШЧЫ

Вось табе раз! Рукi дрыжаць. Не чытаю, а глытаю словы… Тарашкевiча арыштавалi! Рака арыштавалi! i таго, i другога, i трэйцяга — усiх, на каго я спадзяваўся, усiх, хто мог-бы за мяне заступiцца, паручыцца, вызвалiць. Усе мае прыяцелi ў вастрозе, няма нiякае магчымасьцi паведамiць iх аб маiм няшчасьцi, ды й нiчога гэта не памагло-б, бо яны таксама папалi ў бяду…

Цяпер толькi адзiная надзея на Ульянава.

<p>Апанасiк</p>

У вапошнiм сваiм лiсьце да жонкi я пiсаў, каб яна лiквiдавала кватэру i прыяжджала да мяне. Што будзе, калi яна ўжо выехала!

Калi выводзiлi «на прагулку» жанчын, я неспакойна кiдаўся да вакна, паглядаючы, цi сярод арыштаваных не пабачу жонкi свае з дзеткамi. Я меў падставы гэтага баяцца. У «сацыялiстычнай дзяржаве» ня важна, цi хто мае за сабой нейкую вiну; важна тое, што ён радня iншага арыштаванага.

Аднак днi плылi шчасьлiва.

Раптам адзiн раз уначы я пачуў на калiдоры жаночы крык i плач дзяцей. «Ужо», — падумаў я. I нецярплiва чакаў заўтрашняй жаноцкай «прагулкi».

— Ужо iдуць! — клiкнуў мяне мой камрат, якi стаяў ля вакна.

Я кiнуўся да вакна i, ня гледзячы на тое, што магу зьвярнуць на сябе ўвагу вартавога, прытулiўся да ваконных кратаў…

I ўздыхнуў з палёгкай: жонкi мае там яшчэ ня было. Тая жанчына, што крычала ўначы на калiдоры, была нейкая вясковая кабецiна, мусiць, з пагранiчча. Мужа, мабыць, арыштавалi раней, цяпер сьледам за iм — жонку з дзецьмi.

Самае малодшае ня мела яшчэ двох год. Гэта быў хлопчык.

Уважаючы маладога «праступнiка» не асаблiва небясьпечным, яму дазволiлi бегаць у калiдоры. Клiкалi яго Апанас. Памятаю, адзiн раз, як адчынiлiся дзьверы мае камары, я ўбачыў перад дзьвярыма дзiцячыя вочы, якiя паглядалi з цiкавасцяй на мяне. Я ўзяў на рукi маладога таварыша-вязьня i, прытулiўшы дзiця да сябе, у глыбiнi душы цешыўся ў сваiм бацькаўскiм эгаiзьме, што гэта ня мой Казюк праводзiць свае дзiцячыя гады на вастрожным хлебе, але чужы для мяне, бедны Апанасiк…

<p>Матчына роспач</p>

Мацi мая, хаця ня мела ад мяне лiстоў, была спакойна.

Думала, што я жыву ў Вiцебску i, маючы шмат працы, ня маю часу на лiставаньне.

Дык калi атрымала мой кароткi вастрожны лiст, упала ў роспач. Старалася разабраць замазаны Пятровам працяг лiста, але нiчога ня выйшла. Гэтая чорная пятроўская замазка на лiсьце яшчэ болей узмагала яе неспакой.

I пачалося абiваньне парогаў розных савецкiх установаў — то сюды, то туды, усюды нi с чым. Бяз вынiкаў. Сама ведала, што трэба пагутарыць з Ульянавым. Апрача таго, трэба пабачыцца з сынам.

Неўзабаве даведалася, што дыплёмат затрымаўся праездам у Менску. Дык пайшла да яго ў гасьцiнiцу.

Ён зьдзiвiўся, пабачыўшы сярод сваiх звычайных iнтэрэсантаў — маладых жыдкоў i жыдовачак — нейкую старую са сьлязьмi на ваччу.

— У чым справа, грамадзянка? Чаго вы да мяне прыйшлi?

— Паночку?.. Таварыш… Грамадзянiн… Я мацi Аляхновiча…

— Ааа…

— Я матка ягоная. Прыйшла да вас прасiць дапамагчы майму сыну… Майго сына арыштавалi… Ён бязьвiнны… Грамадзянiн! Вы адзiн толькi можаце яго выратаваць… Я прыйшла да вас, як да адзiнага выбаўцы майго сына…

— Ха, xa, xa! А гэта мне падабаецца… Дык значыцца я павiнен яго вызвалiць? Дзеля чаго? Чаму?

— Дык-жа вы ведаеце, што мой сын ня мае нiякае вiны… Прыехаў сюды, паверыўшы вам… Без благiх думак…

— Добра яму гэтак! Няхай пасядзiць! Ён сеў ужо надоўга. Ужо не захочацца яму контррэвалюцыi!

— Але-ж мой сын ня быў контррэвалюцыянэрам! Вы гэта добра ведаеце. Вы-жа далi яму вiзу…

— Годзi ўжо! Ня маю часу даўжэй з вамi гутарыць, грамадзянка! Ды й гэта не падлягае маёй кампэтэнцыi. Iдзеце ў ГПУ.

— Грамадзянiн…

— Годзi, сказаў я ўжо раз. Прашу больш мне не дакучаць!

Аблiваючыся сьлязьмi, пакiнула мацi пакой дыплёмата.

Трэба йсьцi ў ГПУ, трэба прасiць, каб далi дазвол пабачыцца з сынам.

Можа, яму нечага трэба? Ну, ведама, што трэба. Дык-жа ў вастрозе блага кормяць. Трэба прынесьцi яму ежы. Ён гэтак любiў пiражкi з грыбамi. Трэба сьпячы яму пiражкоў. Ён-жа там ня мае нiякае пасьцелi. Можа, дазволяць перадаць яму хаця маленечкую падушачку i коўдру. Мусiць, ня мае й папярос. Ён гэтак шмат курыў. Як ён у гэтакiх абставiнах вытрывае без папярос?

А можа, ён хворы? Дык-жа там, у гэтых падвалах ГПУ, мусiць, страшэнная сырасьць. Яшчэ дастане рэуматызму…

Ах, Божа, Божа… зьлiтуйся над iм…

<p>Апошняя надзея разьвеялася</p>

Пятроў даў дазвол бачыцца з сынам.

— Аляхновiч! Выхадзi на «свидание», — загудзеў адзiн раз голас чырвонаармейца.

Я ўскочыў, як спружына. Усьцешыўся. Матка прыйшла! Першы раз буду мець кантакт з вонкавым жьщьцём. Цяпер скажу мацi, што трэба рабiць, з кiм пабачыцца…

Перейти на страницу:

Похожие книги