
Вашай увазе прапаноўваецца ўнікальная з’ява – кіно на паперы – фільмаслоў «УЛАДАР РЫБАЎ» Людмілы Шчэрбы. Галоўны герой рамана – рэдкі экзэмпляр, які атрымаўся ў выніку селекцыі булгакаўскага Майстра, псіхічна неўраўнаважаных індывідаў Патрыка Зюскінда і звычайнага беларускага пісьменніка. Ён вядзе бурнае сэксуальна-літаратурнае жыццё і дазваляе сабе нечуваную па ўсіх часах раскошу – пісаць раман. Гэтую завядзёнку парушае… загадкавая сустрэча з сімпатычна-цынічным персанажам.
© Людміла Шчэрба, 2016
© Міхаіл Яварэц, дизайн обложки, 2016
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Вінсэнт СУМІЦКІ
I зробіцца белае чорным.
I зробіцца чорнае белым
Праз чырвонае
«Няўдзячная праца… Фізічна адчуваю, як ува мне згарае энергія. Здаецца, пабег бы куды з цеснага кабінета, столькі спраў перарабіў бы… Аж не… Трэба сядзець, думаць, пісаць. I адчуваць, як згарае энергія. Як яна свярбіць у кожнай клетачцы, жылачцы, шукаючы выйсця, імкнецца праціснуцца, выйсці, выплюхнуцца, выбухнуць!.. Ды, не знайшоўшы прасветліны, вяртаецца па коле назад. У ліпучую, сонную багну выседжвання думак. Ну чаму іншым даецца ўсё так лёгка, нібы міжволі? Чаму яму, такому разумнаму, такому таленавітаму, нават выбітнаму, трэба так усё выпакутаваць? Так скрупулёзна падбіраць ідэі, меркаванні, думкі, быццам каштоўныя белыя зернеткі вылушчваць з закарэлага чорнага шалупіння. Так старанна сплятаць іх у сказы, складаць у адно цэлае, быццам кошык – пруток да прутка – шчыльна, ладна. А потым бурыць няўклюду, і зноў, і зноў ствараць…»