– Вось, калі ласка, – старэйшы дагодліва працягнуў знойдзеныя паперчыны.

Чорны прагледзеў іх ды схаваў у партфель.

– Яшчэ вось, п-пісьмо прыйшоўшы, – падскочыў малодшы.

Чорны з веданнем справы акуратна ды зграбна ўскрыў канверт. Дастаўшы адтуль цьмяна-жоўты, быццам саржавелы, ліпавы ліст, пакруціў, уважліва агледзеў ды абыякава кінуў на падлогу.

Камп’ютар спыніў друкаваць. Мужчына ўзяў з прынтара аркуш, прабег па ім вачыма, другі, трэці… Потым адкінуў убок без цікавасці. Падышоў да камп’ютара. Раптам чырвоныя літары на экране папаўзлі на чорныя, яны сцякалі зверху ўніз, афарбоўваючы ўсё ў свой колер. Калонкі гучна мяўкнулі, чорная пашча паглынула тэкст, ператварыўшыся ў чорна-сіва-паласатага ката. Ён нахабна падміргнуў жоўтым вокам і памахаў лапай: «Інфармацыя на дыску зліквідаваная». Камп’ютар адключыўся.

– Пракляцце! Куды вы глядзелі, даўбешкі калгасныя, – прашыпеў Чорны.

Міліцыянты знямелі ад ягонага паралізуючага позірку.

Чорны со злосцю тыцкаў на кнопкі, аднак камп’ютар не запускаўся. 3 усяе моцы ляпнуў кулаком па клавіятуры, выцягнуў сістэмны блок.

– Шукайце! Бабздыры нямытыя! Сракі ад гною ледзьве адарвалі, а ўсё туды ж! Работнічкі хрэнавы!

Узяў карціну пад паху ды знік.

На дыване застаўся засохлы ліпавы ліст з чорным, быццам падзеленым уздоўж напалам адбіткам падэшвы.

Старэйшы выйшаў са здранцвення першы і вызірнуў у вакно. Пабачыў: ад ветру карціна, якую нёс Чорны, разляцелася на асобныя кавалачкі, быццам пазлы, што складаюць дзеці. У ягоных руках засталася адно чорная рамка…

<p>цітры</p>

Перад мармуровым помнікам на могілках стаяла стройная, дагледжаная пажылая жанчына ў слівавым паліто, гэткіх жа боціках ды чорнай адмысловай хусцінцы. 3 малінавай сумачкі яна дастала белую карункавую насовачку.

– Гэта твой татка, Васільку, – сказала яна па-італьянску маленькаму хлопчыку ў яркім, малінава-сінім камбінезончыку, з-пад сіняй шапачкі вытыркалася пасмачка чорных валосікаў.

– Мама казала, што тут таткі няма, – малы запытальна паглядзеў на жанчыну вялікімі сур’ёзнымі вачыма – зялёным ды блакітным. – Дзе мой татка, бабуля?

– Рыбы пасвіць…

На зацярушаны апошнім зімовым снегам камень легла сіняе вочка валошкі ў пухкіх вейках…

На голым, яшчэ чорным каштане цікаваў груган…

– А ён хутка прыйдзе?..

2002
Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже