— Ты не псіхуй, мы тут плёнку цэлафанавую прынеслі. Вось, трэба будан яшчэ большы зрабіць, накрыем плёнкай, каб дождж не прабіў, зверху сенам. Яшчэ навес адзін зробім, а то во дошкі нашы намоклі… — ён паказаў на тыя дошкі, што ўжо нацягалі ад дзеда Васіля. Іх трэба было парэзаць па чарцяжу, каб там, на месцы, не надта мучыцца.

— Я не псіхую, — адказаў Сяргей спакойна. — Давайце, дапамагайце, пакуль дажджу няма. Толькі Нэлу пакарміць трэба…

Калі ж шчыра, то ён не ведаў, як сябе паводзіць. З аднаго боку, было добра, што яму збіраюцца шчыра дапамагчы, а з другога — ён ужо адвык ад таго, што нехта чужы будзе бескарысліва табе дапамагаць, проста так, без нейкага разліку. Казытала непрыемна і тое, што хлопцы ні словам на рыбалцы не абмовіліся пра будан. Ну, мо яны згаварыліся, каб які сюрпрыз атрымаўся… Перасіліла першае: што ні кажы, а яму было прыемна адчуваць падтрымку. І рыбы вось налавілі колькі, толькі крыху ўзялі смажыць (а есці ж разам будуць усе), а так загадалі Сяргею аднесці і прадаць вадзіцелю…

— Паснедалі мы з Нэлай ужо, — адказала Сяргею Жэнька.

— Я ёй каўбасы купіў… Насмажыць вось, на агні…

— Ха, каўбасу мы самі з’ядзім! Вось як зробім шыкоўны будан, каб усім можна было ад дажджу схавацца! Гэх, шашлык з каўбасы будзе! — загарэўся Віцька.

А Віталь тым часам нагой разгладзіў вытаптаны участак зямлі, трэскай чарціў:

— Каб нас чацвёра дарослых і Нэла селі адразу, то трэба…

— Ну, ты тут малюй, а мы пойдзем высякаць дручкі, — Віцька ўжо трымаў сякеру ў руках.

— Чакайце, вы дома жываты набілі, а Сяргей галодны, — прыкрыкнула Жэнька, прысела, выцягнула з-пад плёнкі на зямлі пакет, пачала даставаць з яго розныя скруткі. — Сяргей, бяры паеш…

— Ёсць у нас што есці, — разгубіўся Сяргей, гледзячы на прынесенае Жэнькай снеданне.

— Тое потым разам з’ядзім, — рагатнуў Віцька і па-змоўніцку дадаў: — Еш, гэта Жэнька спецыяльна для цябе аладкі смажыла, ад самай раніцы старалася…

У наступны момант ён ужо бег у бок густых сліваў, бо твар Жэнькі нічога добрага яму не абяцаў. Сяргей усміхнуўся, гледзячы на раззлаваную Жэньку:

— Ну, я паспытаюю, як ты ўмееш смачна гатаваць…

А сонца спачатку нясмела, а потым часцей, часцей прабівалася скрозь аблокі, якія парадзелі, пабраліся дзіркамі. Стала цёпла, пара густа падымалася ад роснай травы.

Кіпела работа: новы каркас вялікага будана, на два «пакоі» па праекту Віталя ўжо стаяў, абцягнуты папярэчынамі. Грунтоўнае збудаванне атрымлівалася. Віцька ад дзеда Васіля прынёс касу: тут жа, у садку, касілі траву і пустазелле. Каркас абцягвалі кавалкамі старой плёнкі, мацавалі, потым спецыяльнае рыштаванне рабілі, каб травой абкласці і тая не спаўзала.

Старое сена прасушваць расклалі, Жэнька на «печцы» пачала смажыць рыбу.

У гэты час да будана падышла маці Сяргея.

Усе спыніліся. Маці была цвярозая, з тварам, бы ў пабітай сабакі. Чырвоныя вочы хваравіта блішчалі, яна церла адну далонь аб другую. Было бачна, што адчувае яна сябе вельмі дрэнна. Усім стала вельмі няўтульна.

— Сяргей, сыночак, ты… гэта, ішлі б вы ў хату спаць. А то людзі смяюцца з мяне… І во крычаць на мяне, кажуць, правоў пазбавяць. А каму я трэба буду… — яна сутаргава ўсхліпнула.

— Пакуль у хаце будзе той зэк, я туды не пайду, — спакойна, але цвёрда адказаў Сяргей. — І Нэлу не пушчу. Выганяй тую сволач.

— Дык як жа яго выганю? Ды і навошта? Ён жа добры, гэта як вып’е, то трохі крычыць… — стала апраўдвацца маці.

— А ён бывае цвярозым? Усё, не прасі нічога. Мы нічога не просім. У нас во і есці што ёсць, і спаць ёсць дзе.

— Дык а як холадна стане? Куды ж пойдзеце?

— Пакуль стане, я нешта прыдумаю…Нешта прыдумаем, — дадаў Сяргей. — Ты адно… не пі болей. І тады ўсё будзе добра.

— Ды я… — маці ўсхліпнула нечакана. — Цяжка мне, ой, як цяжка… Загоніш ты мяне ў труну…

І яна пайшла, ступаючы так, быццам зямля пад яе нагамі пагойдвалася.

Нейкі час у садку стаяла цішыня. Непрыемная, нацягнутая. Так усё добра ішло…

— Усё будзе добра, — раптам голасна, упэўнена сказаў Віталь.

Ён падхапіў на рукі Нэлу, крутануўся з ёй:

— А ну, Нэла, скажы: будзе.

Дзяўчынка згодна заківала галавой.

— Не, ты не ківай, а кажы: будзе добра! Будзе добра!

Нэла, гэта было бачна па яе тварыку, сілілася і на самой справе нешта сказаць. Яна сутаргава крывіла роцік, каўтала, а потым вырвалася з яе грудзей кароткае, гучнае:

— Доба!

Віталь прыціснуў моцна дзяўчынку да грудзей, потым асцярожна апусціў на зямлю.

— От жа, казаў сваім: ну чаму вы мне сястрычку не нарадзілі…

Уздыхнуў, абвёў усіх сур’ёзным позіркам.

— Калі Нэла сказала, што будзе добра — значыць, так і будзе. Не будзем спяшацца і рабіць пяць спраў за раз. Вось зробім адну — падумаем над другой. Будзе ў нас час падумаць, як гэтага зэка з Сяргеевай хаты вытурыць.

— А цяпер давайце абедаць, работнікі, — запрасіла Жэнька. — У мяне гатова рыба…

Елі рыбу, потым на прутках смажылі на агні кастра каўбасу.

Будан закончылі к абеду. Ён атрымаўся, як і планавалі, вялікі, утульны, на два «пакоі»: пярэдняя і месца для сну. І светлы: Віталь прадугледзеў нават два акенцы — іх зрабілі з плёнкі.

Перейти на страницу:

Похожие книги