І Лель, застылы, расколаты, пабачыў таксама, як бы адбітак у чужых вачах. Бачыў самога сябе і россып панурых хацін – дробную вёску ў засені гор. Пад саламянымі стрэхамі жылі людзі, земляробы. Усе амаль – рэшткі горнага племені, якое збегла ад вайны і спусцілася ў даліну, шукаючы лепшай долі і ўрадлівых палеткаў. Адваёўвалі зямлю ў векавечнай пушчы, сеялі збожжа. Жылі, як маглі, на беразе халоднай лясной ракі.
Край быў суровы, зімы доўгія, ураджаі няпэўныя – і прыйшла нястача, голад. Таму да разных слупоў на бліжнім раздарожжы, да слупоў, упрыгожаных знакамі, вышыванымі ручнікамі ды бразготкамі, неслі дарункі. Ахвяравалі апошняе, пяклі хлеб, замяшаны на мёдзе і крыві, кленчылі, маліліся пад выцвілымі стужкамі і знямелымі званочкамі.
Ды старыя, горныя яшчэ багі маўчалі. А можа, проста не мелі сілы па гэты бок сіняга хрыбта. А можа, ніколі не мелі сілы.
Тады знекуль з’явілася старая ведзьма, рагана, голас Вялікай Усёмаці. Тая доўга стаяла пад слупамі горных бостваў, углядаючыся ў выразаныя твары і знакі. Трэсла сівымі валасамі, ажно падавалі галасы ўплеценыя ў косы бразготкі, прасцірала рукі, па якіх пляліся выведзеныя на скуры змяіныя знакі. А пасля запэўніла:
– Усёмаці дапаможа, але запатрабуе адплаты, цаны крывёю. Не курынай, не цялячай, але чалавечай.
І спакойна рушыла па сухой траве, цягнучы за сабою, як хвост, цёмны плашч.
– Я бачу, – шапнуў вецер над вухам у Леля.
А той ізноў, агаломшаны, як і ўсе іншыя, стаяў пад разнымі слупамі на раздарожжы. Горы дыхалі бязлітасным холадам, і бліскала нясцерпнаю беллю ледзяная шапка на магутным піку Буй-тура. Такою ж нясцерпнаю беллю ззялі камяні на дзікім беразе лясной ракі. Пясчаны бераг, зарослы альхоўнікам, што калыхаўся на хвалях туманоў, – і рака, жывое срэбра, якое гучала. Ціхі спеў блытаўся ў аеры, плыў над вадою, раствораны ў тумане, падступаў да саламяных стрэхаў па той бок.
– Чары там, – казала бабуля, сплёўваючы цераз плячо. На дзікі бераг не хадзілі – ды і, зрэшты, патрэбы не было ў вусцішных камянях ды лапіку шорсткай травы між імі.
– Я бачу, – напявала рачная вада.
Горныя боствы, дзікія, абымшэлыя, дрымучыя, не дапамагалі, адступіліся, кінулі былое апякунства. А вось рагана дапамагала – вылівала дзіцячы спалох, выганяла ліхаманку, здымала з жывёлы сурокі, а з жыта – заломы. І таму рагане верылі, таму прынялі яе Ўсёмаці і названую цану, якой б высокаю ні была.
А цана была: чалавечае дзіця. Дачка, народжаная пад маладзіком, не старэйшая за шэсць год. Усяго адно дзіця дзеля выжывання ўсіх, хіба гэта многа? І земляробы ў вёсцы на беразе ракі, параіўшыся, ахвотна пагадзіліся: сапраўды, нямнога.
Але дзіцем тым была Лелева пяцігадовая сястра, самая меншая.
Таму горка плакала маці, і плакалі сёстры, і бацька, хворы, душачы кашаль, стаяў на парозе, бяссільна апусціўшы спрацаваныя рукі. Замест бацькі Лель мусіў у чоўніку перавезці малую праз лясную раку – і там пакінуць у траве між белых камянёў, пакінуць дзіця са старою раганай.
І Лель адвёз. Сцяўшы зубы, вынес з хісткага чоўніка сонную малую, загорнутую ў бацькаў плашч, паклаў на траву, крануўшыся русай галавы дрогкімі вуснамі. Пасля пайшоў, не абарочваючыся, назад, туды, дзе на мокрым пяску адпачываў човен. І кожны крок быў цяжкі, і кулакі сціскаліся бяссільна. Хіба з усёмагутнай Усёмаці варагаваць? З той, што дае сваёй рагане сілу лекаваць і людзей, і жывёлу, і саму зямлю?
Сястра, мусіць, прачнуўшыся там, у цемры, між вусцішных каменных слупоў, спужалася і заплакала, паклікала яго па імені. І Лель не стрываў – вярнуўся.
Пабачыў над дзіцем рагану, скурчаную, страшную, з пачарнелым тварам. Пабачыў вузлаватыя рукі, спярэшчаныя змяінымі ўзорамі, рукі, якія драпежна цягнуліся да русай галавы. Сястра плакала і клікала на дапамогу, а таму Лель, не вагаючыся, схапіўся за бацькаў жалезны нож на поясе. І, засланіўшы сястру сабой, ударыў пачвару па адной кіпцюрыстай руцэ – ажно лінула цёмная кроў на белае цела каменя. А рагана закрычала, запрарочыла, праклінаючы, і нешта цяжкое і касматае абрынулася зверху, прыціснула да роснай травы, так што не варухнуцца было.
Пясчаны бераг паплыў, быццам човен, па цёмнай вадзе, а Лель, поўны жаху і вусцішных водгаласаў, бег прэч. Бег на чатырох касматых лапах цераз ваду, цераз поле, бег пад тонкім сярпом нованароджанага маладзіка. Узрадаваўся быў, пабачыўшы сваю хату, але радасць вырвалася знутры мядзведжым бурчаннем, і маці, што з ліхтаром чакала ягонага вяртання на ганку, закрычала, толькі пабачыўшы яго. Тады ён зноў бег, бясконца блукаў па цемры, дзёр кіпцюрамі ствалы гонкіх хвояў у пракаветнай пушчы, ад ярасці і адчаю рваў магутнымі лапамі зямлю, падымаючы ўверх зжоўклую ігліцу. Ноч цягнулася і цягнулася, як смала, як мёд, а пасля Лель, стомлены і бегам, і адчаем, праваліўся ў трызненне.