Панна Нешка стаяла тут жа ля каменя, разгубленая і настолькі мілая ў сваёй збянтэжанасці, што я ўсміхнуўся і адклаў Падвееў меч. За курганам, нябачны адсюль, заліваўся радасным браханнем Стаўры. Тут жа заходзіўся рогатам, таксама нябачны, Ясь:
– Сабачышча ты, сабачышча, а вось і не спаймаеш! Не спаймаеш, не!
Тут падшыванец вохнуў і, верагодней за ўсё, пакаціўся па зямлі. Сабачышча злавіў-такі.
– Не ліжыся, ну! – прыглушана лямантаваў Ясь. – Я табе кажу, годзе!
– Куды ж цяпер? – занепакоена спытала Нешка. І таропка пачала расказваць, што пайшла за мною і Ясем, каб прасачыць, каб дапамагчы. А калі ўпэўнілася, што са мною ўсё добра, хацела вярнуцца назад, а цень пад стаячым каменем…
– Цень замкнёны, – дагаварыла спахмурнелая панна. На вейках яе дрыжалі слёзы. Я, трымаючыся адной рукой за шурпатае цела каменя, стаў на ногі. Зірнуў на ўласны шалом-чэрап, на які сеў легкадумны белы матыль.
– Куды ж нам? – паўтарыла Нешка.
Я зрабіў да яе адзін хісткі крок, адвёў ад белай шчакі залацісты завіток валасоў і, нахіліўшыся, пацалаваў там, дзе пад здзіўленым вокам чарнела дробная радзімка. Узяў у сваю далонь маленькую цёплую руку і ўпэўнена адказаў, паказваючы туды, дзе пасвіўся шэры ў яблыкі конь, дзе вілася і знікала ў куродыме дарога:
– Туды.
Маргарыта Латышкевіч
Нарадзілася ў Брэсце, вучылася і працавала ў Мінску, цяпер жыве ў Полацку.
Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Магістарскую дысертацыю пісала па тэорыі літаратуры, кандыдацкую – па фалькларыстыцы. Працавала ў БДУ, у літаратурным часопісе «Маладосць», для партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі вяла аўтарскую рубрыку з рэцэнзіямі і кніжнымі аглядамі. Падпрацоўвала журналістыкай. Цяпер працуе ў сферы IT з наратывам мабільных гульняў.
З тэкстамі публікуецца гадоў з 13, у 2015 годзе стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. За гэты час выйшлі кнігі: два зборнікі паэзіі і два – прозы. Пісала раманы і аповесці, вершы. Захапляецца міфалогіяй і фальклорам, мастацкім словам, фантазіяй, якая стварае новыя светы, якія шмат у чым вызначылі жыццёвы шлях. І шлях да фэнтэзі.
У 2017 годзе Маргарыта Латышкевіч упершыню паспрабавала пісаць фэнтэзі на аснове беларускага фальклору. Аповесць за аповесцю, павольна адкрываючы свой уласны свет. Прамалёўваючы па лісточку, па галінцы старажытны дрымучы лес, які цягнецца бясконца, разрастаецца ўнутры цябе. Цяпер па-сапраўднаму рада падзяліцца гэтым светам з чытачамі.
На фота – з Яўгенам Папакулем, каханым мужам, першым чытачом, рэдактарам і крытыкам.