Жураўскі не любіў сядзець у рэдакцыі: нават стаўшы загадчыкам аддзела, шмат ездзіў і пісаў. У дарогу яго гнала не толькі і не столькі творчае натхненне, колькі бясконцыя нудныя сваркі з Валянцінай і вечная няхватка грошай: колькі ні зарабляй, усё мала. Ён сам напрасіўся напісаць у святочны, майскі нумар нарыс пра старшыню калгаса Героя Сацыялістычнай Працы дэпутата Вярхоўнага Савета рэспублікі і на пачатку красавіка паехаў у вёску.
Па зводках Арсен ведаў, што калгас сярэдні, вось толькі па малаку ён у апошнія гады вырваўся наперад. За «вялікае малако» і атрымалі свае высокія ўзнагароды старшыня, заатэхнікі, даяркі. Пра гэта ён і вырашыў напісаць, нават ужо і назву прыдумаў: «Дзе нараджаюцца малочныя рэкі».
Арсена напаткала няўдача: старшыня ляжаў у Мінску, у бальніцы, з сэрцам. Намеснік, яшчэ малады дзябёлы мужчына ў скураной куртцы, сустрэў яго ветліва, прыязна, запрасіў жыць да сябе: вялікі асобны пакой, ды і з харчаваннем праблем не будзе, усё-такі вёска — не горад, рэстаранаў пакуль што няма. Жураўскі ўжо гатовы быў згадзіцца, але ў праўленне зайшоў яго былы аднакашнік па філфаку, цяпер дырэктар мясцовай школы Цімох Цярэшка. Абняліся, расцалаваліся, і Цімох пацягнуў яго да сябе. За добрай чаркай і скваркай прагаварылі да трэціх пеўняў. Цімох хваліў старшыню: сіла! Такую хату даў, школу памог адрамантаваць, а бачыў, як мы будуемся?! Сёлета вуліцу асфальтам зальюць, паліклініку пачнуць будаваць, плавальны басейн. Жураўскі слухаў і радаваўся — гатовыя дэталі самі прасіліся ў святочны нарыс.
Раніцай намеснік павёз яго на ферму. Ферма была новая, цёплая, з механізаванай уборкай гною і механізаванай раздачай кармоў, з утульным пакоем адпачынку. Жураўскі пагаварыў з даяркамі, з загадчыцай, спісаў увесь блакнот лічбамі і падумаў, што заўтра можна спакойна вяртацца дадому. Але чорт яго пацягнуў за язык: тут толькі дзвесце кароў, а ў вас жа іх восемсот, давайце праскочым на іншыя фермы. Намеснік зніякавеў, выйшаў, вярнуўся — сапсавалася машына. Жураўскі быў верабей стрэляны, здагадаўся, што гэта такое. Ну і пайсці б у вёску, пагаманіць у бухгалтэрыі з дзяўчатамі, пераначаваць у Цімоха, дык жа не — хачу паглядзець… А чаго ён там не бачыў? Старых, счачнелых сцен, падпёртых бярвеннямі, каб не абваліліся? Худых кароў, што тапіліся ў гнаі? Мёрзлага гнілога сіласу ў кармушках? Цяжкай ручной працы ад світання да ночы? Усё гэта ён бачыў сотні разоў, ён ужо здагадаўся, што ферма, на якую яго прывёз намеснік, «гасцявая», «узорна-паказальная», інакш не паламалася б так нечакана машына, ды і ці мала ў калгасе іншых машын… Пацёгся пешшу, праявіў прынцыповасць: глядзець дык глядзець.
Каб ведаў, дзе ўпадзеш, саломкі падаслаў бы…
Нешта тут было нячыста. «Вялікае малако» давалі лішнія, нідзе не ўлічаныя «хвасты». Ну і што? Ты будзеш пра гэта пісаць у святочным нарысе? А яшчэ ж даказаць трэба. Пахадзі, пералічы… А новыя чэшскія туфлі можна выкідаць, вунь як вывадзгаў у гразь ды гной…
Каля вёскі яму стрэлася нейкая жанчына. Хутаючыся ў хустку, так, што Жураўскі нават не разгледзеў яе твару, сунула яму ў рукі вучнёўскі сшытак і пайшла, пайшла сваёй дарогай, толькі гумовыя боцікі замільгалі. «Вясковы дэтэктыў»,— брыдучы па лужынах і пасмейваючыся, думаў ён. Разгарнуў сшытак, учытаўся ў першыя радкі — і смяяцца расхацелася. «Вялікае малако» стваралася не толькі за кошт лішніх «хвастоў», якіх было больш за сотню, а зусім інакш. Галоўным спецыялістам, некаторым даяркам і іншым «давераным асобам» старшыні выплачваліся ліпавыя прэміі, закрываліся ліпавыя нарады. На гэтыя грошы ў Мінску, Віцебску, Вільнюсе куплялася масла і здавалася на малаказавод. Узамен атрымлівалі даведкі нібыта за здадзенае дзяржаве малако.
Пісаў чалавек дасведчаны. У сшытку былі пазначаны нумары накладных, пералічваліся ліпавыя нарады, адрасы баз, дзе куплялася масла, прозвішчы загадчыкаў гэтых баз, шафёраў, што вазілі масла, нумары іх машын, нават дні, калі ажыццяўляліся гэтыя «аперацыі» на працягу апошніх год. Гэта быў бясцэнны дакумент, які ўскрываў цэлы гнайнік.