Жураўскі адчуў, што прабіў яго час. У паветры запахла паленым. Сенсацыя, ды яшчэ якая! Вядома, у сваёй газеце гэта не надрукуеш, хіба што ў «Правде». Толькі трэба сёе-тое праверыць, знайсці гэту жанчыну. Такі матэрыял, калі ён будзе надрукаваны, заўважаць на самым высокім узроўні. А нават калі не надрукуюць, а проста перададуць у пракуратуру?.. Хто раскапаў? Загадчык сельгасаддзела рэдакцыі Жураўскі. А ці не засядзеўся ён у загадчыках, гэты яшчэ малады, здольны і, галоўнае, мужны, прынцыповы журналіст? У іх там рэдактар — стары грыб, спіць за сталом ды адно красворды разгадвае, гнаць яго на пенсію к чортавай матары, а Жураўскага — у яго крэсла… Вось чым запахла ў веснавым паветры, і Жураўскі ўбачыў прасторны кабінет галоўнага рэдактара і паўтузіна тэлефонаў на століку і зразумеў, што лёс дае яму шанц. Парыж каштуе месы, як сказаў адзін не самы дурны ў свеце чалавек. А што рэдактар некалі падабраў яго, галоднага студэнта, і даў работу і першы ў яго жыцці невялікі пакой у бараку, а потым, пазней, як ужо стаў загадчыкам аддзела — і трохпакаёвую кватэру, што гэта ён падпісваў камандзіроўкі, дзякуючы якім Жураўскі стаў вядомым чалавекам у журналісцкім асяроддзі,— напляваць і расцерці. Гэта быў яго абавязак — клапаціцца пра маладых, рыхтаваць сабе змену. Падрыхтаваў — ідзі прэч, дай пажыць іншым. Дай дзяржаўную дачу, дай машыну з шафёрам, дай высокія ганарары за перадавыя артыкулы, скроеныя з пазалеташніх цытат, дай размеркавальнік, лечкамісію, пуцёўкі ў прэстыжныя санаторыі, замежныя паездкі… Дай, дай, дай, я ўсё здольны заглынуць, усё пераварыць, у мяне выдатны апетыт, цудоўны страўнік і жалезныя сківіцы, я нюхам чую, што надышоў мой час…

Раніцай ён паехаў на малаказавод. Дырэктар, ружовы, укормлены — за шчокамі вушэй не відаць, памог яму нацягнуць белы халат, павадзіў па цэхах, з энтузіязмам сыпаў лічбамі: столькі малака прымаем, столькі перапрацоўваем, такую прадукцыю выпускаем… Пасля знаёмства з прадпрыемствам ён у сваім кабінеце частаваў Жураўскага «прадукцыяй»: свежай смятанкай, закваскай, сырам… Настаўлена ўсяго было — на роту галодных салдат. Жураўскі каштаваў, хваліў. «А можа, чаго мацнейшага? — падміргнуў дырэктар.— Дык гэта мы мігам!» Арсен катэгарычна адмовіўся: якое мацнейшае, калі пахне паленым! — і папрасіў дазволу пагартаць у бухгалтэрыі дакументы. «Навошта гэта вам? — добразычлівая ўсмешка спаўзла з ружовага твару дырэктара.— Я адказваю за кожнае сваё слова перад партыяй дзяржавай, няўжо вы мне не верыце?» Дырэктар аж пакрыўдзіўся на яго: якая няўдзячнасць! — і не хаваў сваёй крыўды. I тут Жураўскі зрабіў першую памылку, недаравальную для такога вопытнага журналіста, якім ён сябе лічыў. «Да мяне дайшлі чуткі, што некаторыя калгасы здаюць вам замест малака масла, якое купляюць у дзяржаўных магазінах»,— сказаў ён. Дырэктар зачырванеўся, як бурак, Жураўскі аж спалохаўся, што яго вось-вось хопіць апаплексічны ўдар. «Гэта агідныя плёткі! — закрычаў ён.— Ніякіх дакументаў я вам не дам, у нас хапае сваіх рэвізораў. Даруйце, але я заняты».

Жураўскі пайшоў у райком. Райком быў недалёка, за адзін квартал, але дырэктар апярэдзіў яго: вядома ж, па тэлефоне пазваніць лягчэй і хутчэй. Ён здагадаўся пра гэта, ледзь толькі адчыніў дзверы ў кабінет першага сакратара: той не адказаў на яго «добры дзень», не падаў рукі, не запрасіў сесці. Стаяў над сваім сталом, вялікі і дужы, як мядзведзь, і вочы яго гарэлі гневам і непрыяззю.

— Я пазваніў вашаму рэдактару,— не даўшы Жураўскаму і слова сказаць, прагаварыў сакратар.— Вас сюды прыслалі напісаць нарыс пра аднаго з лепшых нашых старшынь у святочны нумар газеты. А вы поўзаеце па памыйках, нешта вынюхваеце, шукаеце злодзеяў і падманшчыкаў…

І тут Жураўскі зрабіў другую непапраўную памылку. Ён дастаў з сумкі сшытак падаў цераз стол.

— Што гэта? — сакратар гідліва ўзяў сшытак у рукі.

— Лічбы і факты. Вас сапраўды падманваюць. I падманваюць дзяржаву. Гэта…

Сакратар кінуў сшытак у свой сейф, павярнуў ключ і паклаў у кішэню.

— Вон з майго раёна,— прасіпеў ён, захліпаючыся ад шаленай злосці.— Каб тут і не смярдзела табою! Во-он! — грукнуў кулаком па стале.

У кабінет зазірнула напалоханая сакратарка. Жураўскі ўвачавідкі ўбачыў, як рэдактарскае крэсла сплывае ад яго ў завоблачныя вышыні.

Што было рабіць? Сілком забраць у сакратара ключы, адкрыць сейф, узяць свой сшытак? Гэта было б горш за самазабойства: журналіст распачаў бойку з сакратаром райкома. Ды і той быў не ўломак, звяжыся з такім мядзведзем… Кулакі, што качаны капусты, дасць раз — і дух з цябе вон.

Ён вярнуўся ў калгас, усю дарогу яго калаціла, душыла нянавісць. Адна шайка-лейка, кругавая парука — вось што гэта такое; вядома ж, усё тут робіцца з яго ведама і блаславемня! Нічога, мы яшчэ паваюем! Я яшчэ знайду тую жанчыну, не так і цяжка яе знайсці, вёска — не мільённы горад, і пагавару з людзьмі, і аднаўлю ўсе факты, і раскапаю сведкаў… Ты яшчэ ў мяне пакруцішся, як карась на патэльні, ты яшчэ аддасі гэты сшытак, на цырлах прынясеш, калі за цябе возьмуцца хлопцы з «Правды»!

Дома яго сустрэў збянтэжаны, разгублены Цярэшка.

Перейти на страницу:

Похожие книги