Нігмат кіўнуў, і яны следам за хлопчыкам адправіліся ў кут караван-сарая. Там, за агароджай-дувалам, стаялі вярблюды, былі нават два кані, што смачна хрумсталі аўсом. Хлопчык падвёў іх да вялікай, зробленай з апаленай гліны, яміны, накрытай цяжкай глінянай плітой. У яміну, з другога боку, уваходзіў тонкі жолаб з гліны, які ішоў аднекуль зверху. Хлопчык па прыступках палез у яміну, дастаў адтуль вялікую гліняную біклагу вады, падаў падарожнікам. Пасля ўзяў у іх кумган і сасуды, таксама напоўніў усё гэта вадой. Нігмат і Алекса прагна выпілі вады, пасля Нігмат нешта сказаў хлопчыку, той азірнуўся па баках, спачатку адмоўна пахітаў галавой, а пасля зноў палез у яміну і напоўніў іх пустыя ўжо біклагі.

— Я сказаў, што ў нас болей няма грошай. Але я прадкажу ягоны лёс, калі ён дасць нам трохі вады, — растлумачыў Нігмат.

Амаль у той жа момант з’явіўся гаспадар, ён падазрона паглядзеў на іх і прыдзірліва пачаў пазіраць, як закрывае хлопчык цяжкай крышкай каштоўную ёмкасць. У руках гаспадара былі дзве ляпёшкі. Свежыя, белыя, трохі пакрытыя макам, яны падаліся Алексу нейкім выратаваннем. Яму захацелася выхапіць іх з рук гаспадара, уплішчыцца ў цёплую белую мякаць зубамі і есці, есці… Але ён стрымаўся, асцярожна прыняў ляпёшкі і следам за хлопчыкам пайшоў у маленькі пакойчык — худжар.

Яны добра выспаліся і адпачылі на тонкай высцеганай падсцілцы. Калі Алекса прачнуўся, Нігмата не было. Не было яго і на двары. Алекса падышоў да жалабка, які зацікавіў яго раней, і ўважліва разгледзеў, адкуль жа цячэ вада. Жалабок вёў да вялікай роўнай глінянай пляцоўкі, дзе, відаць, збіралася дажджавая вада ці раса, што пасля сцякала ў ёмкасці ўнізе. «Проста і разумна», — падумаў ён. Цікава, што чалавечы розум заўсёды прыстасуецца для сваіх патрэб. Зверху, з лесвіцы, ён убачыў нечаканую карціну: на драўляным узвышшы-супе, падкурчыўшы ногі, сядзеў Нігмат, вакол яго стаялі кубкі, кумганы, блюды. Спусціўшыся, ён застаў сябра заклапочаным: Нігмат асцярожна трымаў чашу з тонкай белай гліны з чырвонай палівай, разглядаючы яе.

Аказалася, Нігмат склеіў амаль нябачна для пастаронняга вока любімую чашу гаспадара. Чаша каштавала вялікія грошы і належала яшчэ дзеду, а таму ўдзячны гаспадар прапанаваў Нігмату застацца тут, пакуль спёка затрымлівае падарожных, каб заадно пачыніць увесь посуд, які залежаўся ў кладоўцы за многа гадоў, але не выкідаўся, таму што посуд гэты — каштоўны, з яго пілі толькі багатыя госці. У чашы была адарваная ручка. Нігмат глядзеў на яе.

— І ты гэта зробіш? са здзіўленнем запытаўся Алекса. — Але як?

— Пры дапамозе Алаха і вось гэтага, — Нігмат паказаў на вузельчык. Я заўсёды нашу яго на грудзях, як абярог-талісман, бо парашок гэты — сакрэт нашай сям’і Можа, ім валодаюць майстры Чына, завоблачнай краіны, але ў нашых землях я нідзе не сустракаў чалавека, які мог бы так аднавіць парцэлянавы посуд.

— А калі б хто выкраў гэты парашок?

— Нічога не будзе, — весела рассмяяўся Нігмат. — Трэба яшчэ ведаць сакрэт, як і колькі яго класці. І скажу табе яшчэ, як брату — дастаць гарачае малако вярблюдзіцы, а калі няма вярблюдзіцы, проста гарачае малако. Калі-небудзь я пакажу табе сакрэт, але цяпер будзем зарабляць грошы на дарогу. Я ж твой даўжнік!

— А я нічога не ўмею, акрамя таго, што валодаю мячом, доўбняй альбо нажом. Яшчэ ўмею ўпраўляцца з коньмі, магу, калі трэба, рабіць памочнікам каваля, але толькі памочнікам, бо сакрэтаў ягоных таксама не ведаю… — уздыхнуў Алекса.

— Нічога, брат. Я вось не ўмею трымаць меч, бо я ўсяго толькі рамеснік. Калі б быў купцом, то, пэўна, навучыўся б біцца, бо купцы — людзі рызыкоўныя, ім трэба абараняць сваё дабро. А што мне абараняць? На мае інструменты ніхто не паквапіцца, усім будуць патрэбны мае рукі і мая галава.

— А іх што, не трэба абараняць?

— А нашто тады воіны? Кароткі чалавечы век, усяго не зведаеш. Вучыўся б я гуляць з мячом, не навучыўся б іншаму. А цябе я вазьму як падручнага, будзеш паціху насіць мне ваду ды размешваць парашок альбо проста рабіць выгляд, што памагаеш. Наш гаспадар, ён за так нічога не дае. Дык за работу, брат! Нам яшчэ трэба зарабіць трохі грошай да Бухары. Там мае родзічы, яны дапамогуць. А пасля, калі ты знойдзеш сваю прыгажуню, я вярнуся ў Самарканд!

Скончыўся саратан, і ў іх сапраўды былі грошы, каб купіць месца ў караване і сесці на вярблюдаў. Усё ж ехаць лепей, чым цягнуцца пешшу: прайшлі тыдні — і яны дабраліся да Бухары.

Хлопцы ішлі па горадзе, запоўненым крыкамі гандляроў і воклічамі ваданосаў. Алекса азіраўся па баках і адтаго часта спатыкаўся. Вочы яго прагна ўпіваліся ў акружаючае, але зрок ад мностваў уражанняў стамляўся. Мільгацелі гліняныя агароджы з разьбянымі дзвярамі, высокія, на тонкіх драўляных калонах гандлёвыя двары, рынкі, дзе чырванелі, сінелі, стракацелі нябачаныя гародніна і садавіна.

— Маўзалей Самані, — з гонарам паказаў Нігмат на чатырохкутны будынак, багата ўпрыгожаны блакітнымі пліткамі і залатым узорам роспісаў.

Маўзалей ззяў у промнях ранішняга сонца, як дзівосная цацка. Алекса ажно заплюшчыў вочы.

— Маўзалей — гэта што? — запытаўся ён.

Перейти на страницу:

Похожие книги