— У гэтым маўзалеі пахаваны хан і яго блізкія, — растлумачыў Нігмат.
— Пахаваны? Тут, у палацы? — здзівіўся Алекса. Спыніўся, паглядзеў яшчэ раз на вялізны будынак, уздыхнуў:
— Цяжка яму тут ляжаць. Каменне нябось на грудзі лягло. У нас валатоўкі, курганы. Там нябожчыку лёгка дыхаецца. А то бывае, у нас паляць мёртвага, але ўжо радзей. Апошнім часам болей хаваюць у зямлі.
— У нас таксама паляць. Тыя, хто пакланяецца Агню, але яны — няверныя, такія, як і ты, — сказаў Нігмат. — Я думаю, ты яшчэ ўбачыш сілу Алаха і зразумееш, што твая вера няправільная. Але ты мой пабрацім, і сілай не буду цябе прымушаць, хаця тут, — паглядзеў па баках, — тут мне гэта было б зрабіць лягчэй, чым там, — ён кіўнуў галавой назад.
— Дык ты што… пагражаеш мне? — Алекса натапырыўся, рука яго сціснулася ў кулак.
— Ты мой госць, — ухіліўся ад адказу Нігмат. — Я ж не Айшма, не злыдзень, які крыўдзіць падарожных. Не бойся.
— Я і не баюся, — Алекса расціснуў кулакі, пайшоў далей.
Неўзабаве яны скіраваліся ў ціхую вулачку, дзе моцна запахла кветкамі, яшчэ нечым, падобным да руты. Яны ішлі да бухарскага ўмельца, што калісьці сябраваў з бацькам Нігмата і разам працаваў з ім.
Зеляніна прабівалася на дрэўцах, што выглядалі з-за дворыка, каля невялічкай глінянай сценкі цвілі ружовыя кветкі. Нігмат пастукаў у дзверы.
Яны расчыніліся не адразу — нехта паглядзеў у шчыліну, пасля доўга шаптаўся, і тады Нігмат гучна ўсклікнуў:
— У імя Алаха, ці ёсць тут гаспадар?
Тады дзверы імгненна адчыніліся, і высокі сівы мужчына ў паласатым цёплым халаце і пляскатай вышытай шапачцы на галаве паказаўся ў праёме.
— Я падумаў, што гэта злы дэман Аждарха ператварыўся у сына майго сябра і стаіць на парозе. У імя Алаха вялікага, міласэрнага, скажы — гэта ты, Нігмат?
— Клянуся светлым Алахам і прарокам яго Магаметам, паважаны Атаджан, што я не Аждарха і не іншы дэман, і не дух азаткы, што збівае з дарогі падарожных. Вялікая і незвычайная гісторыя здарылася са мной, і яна сапраўды можа служыць прытчай, якую запісваюць для сыноў і ўнукаў! — склаўшы рукі на грудзях, загаварыў Нігмат. — Мы з сябрам ідзём з вялікай і цяжкай дарогі, на якой пакуль дапамагае лёс. Дапамажыце і вы, бацька, іначай самыя апошнія крокі да дому стануць самымі цяжкімі.
— Уваходзьце! — сказаў гаспадар, і госці ўвайшлі на маленькі дворык, густа засаджаны кветкамі. Невялікая тэраса была ўся, да апошняга кавалка чырванаватага дрэва, упрыгожана разьбой і роспісамі. Алекса загледзеўся на бліжэйшую калону: прыхаматлівыя кветкі нібы абвівалі яе, а чырвоная фарба ўнутры кветак рабіла іх жывымі.
Гаспадар убачыў яго захапленне, але нічога не сказаў, павёў іх далей, у пакой.
Малады хлопец з тазікам руках і даўгагорлым сасудам з вадой узнік на парозе амаль імгненна.
У пакоі была тая ж адмысловая разьба — на дзвярах, на невысокім століку на шырме, што закрывала ўваход у другое памяшканне.
На сценах віселі яркія вышытыя палотны, і сонца па-асабліваму святочна лашчыла ўзоры і пералівы нітаў. Многа цярпення, многа дзён і начэй каштавала некаму гэтая работа, і Алекса падумаў пра дзяўчат — тоненькіх і палахлівых, чые кволыя рукі тварылі дзівы: нібыта ўбачыў сярод іх тую, за якой пайшоў у гэты далёкі, заліты вогненным пякельным сонцам край. Як ёй тут дыхаецца, як жывецца, ці не скалола яна свае амаль празрыстыя, далікатныя пальцы гэтай работай, вышываючы свайму чорнабародаму ўладару такія ж палотны?
— Чойшаб, — паказаў гаспадар на адно з покрываў, што хавала ўваход, прыўзняў яго. У другім пакоі гарой ляжалі ля сцен падушкі, на доўгім, вялікім дыване таксама стаяў маленькі столік. Алекса засаромеўся: відаць, задумаўся, пазіраючы на адмысловую жаночую работу, праявіў залішнюю цікаўнасць. Нігмат, заўважыўшы яго збянтэжанасць, паляпаў яго па плячы, саступіў месца ля таза. Смуглявы хлапец адразу ж стаў паліваць на рукі.
Алекса міжволі скурчыў далоні: рукі былі парэпаныя, з чорнымі шнарамі. Так, не вельмі пачэснага госця прымаў гаспадар Атаджан! Але нядоўга затрымаюцца яны тут. Ды, — тут жа кальнула думка, — могуць застацца і назаўжды. Небяспечная і няправедная, па меркаваннях людзей гэтай зямлі, ягоная справа! Можа, таму і Нігмат нічога не кажа гаспадару пра іх намеры, можа, Алекса сам, без нікога, зробіць тое, для чаго дабіраўся сюды? Калі нават гэта будзе апошнім у жыцці! Пасля ачомаўся. Нельга рашаць з разгону як хочацца, як прагне сэрца. Не, трэба цярпенне і яшчэ раз цярпенне!
Гаспадар запрасіў іх у суседні пакой, і Алекса зноў здзівіўся — на абрусе, пасланым на нізенькім століку, ляжалі мяккія ляпёшкі, на медных падносах чырванелі ўжо знаёмыя плады, сок якіх, кіславаты і вязкі, спатольвае прагу і прымушае кроў хутчэй бегчы па жылах, а таксама лечыць пры паслабленні ўнутры. Здавалася, што і плады гэтыя, і арэхі, і белыя, няроўныя, нібы кавалкі ссохлай мукі, салодкія прысмакі, і кавалкі мяса ўзніклі тут па волі чараўніка, бо не чуваць было ні крокаў, ні руху — нічога, што выдавала б прысутнасць каго іншага.