Гэта вынік веры ў вадданасьць беларускага жаўнера да свайго народу й Бацькаўшчыны. Гэты прыклад Наваградзкага Эскадрону, чыста беларускай вайсковай адзінкі, даверанай беларускім камандзерам, хоць маленькай і нязначнай у вялікім нацыянальным маштабе, аднак пацьвярджаў праект, настойліва падтрымоўваны галоўнакамандуючым усходнім фронтам фэльдмаршалам Браўхічам: затрымаць фронт на ўсходніх межах Беларусі й Украіны, даць ім поўную свабоду арганізаваць сваё дзяржаўнае жыцьцё, сваю армію, памагчы ім тэхнічна, і пасьля злажыць частку цяжару трыманьня ўсходняга фронту на гэтыя народы. Зразумела, Гітлер, які шукаў на ўсходзе Эўропы калёніяў для нямецкага народу, адкінуў гэны плян і зьняў Браўхіча із становішча галоўнакамандуючага. Гэта дзеялася ў канцы 1941 году. Не ўваходзячы глыбей у сутнасьць гэтага пляну, можна аднак было цьвердзіць на маленькім прыкладзе эскадрону, што беларуская армія, давераная сваім камандзерам, поўнасьцяй справілася-б із сваім адрэзкам фронту. Што-ж да партызанскага руху, дык маем поўныя асновы на тое, каб прыпушчаць, што ў вабставінах незалежнага дзяржаўнага жыцьця, ён калі й існаваў-бы, дык быў-бы вельмі абмежаваны ды поўнасьцяй адарваны ад шырэйшых масаў беларускага народу. Партызанскі рух у Беларусі быў вынікам спэцыфічных палітычных абставінаў, выніклых зь няведаньня нямецкімі палітычнымі дзейнікамі нацыянальнае праблемы эўрапэйскага ўсходу, як таксама і іхнай палітычнай засьлепленасьці. Поўная адсутнасьць палітычнае праграмы, нялюдзкае абыходжаньне зь мясцовым жыхарствам, прымусовыя вывазы на працу ў Нямеччыну, фізычнае вынішчэньне беларускага народу, адносіны да палонных, голад — гэта ўсё тыя асноўныя мамэнты, што спрычыніліся да вялізарнага росту партызанскага руху ў Беларусі. Парашутаванае партызанскае кіравецтва не знайшло-б ніякага водгуку ані сярод масаў беларускага сялянства, ані беларускай інтэлігенцыі. Гэнае кіравецтва было для беларускага народу чужым як па крыві, так і па духу. І калі-б яно наткнулася на тэрыторыі Беларусі на гатовую палітычную праграму, што задаваляла беларускі народ, дык наагул увесь бальшавіцкі партызанскі рух памёр-бы натуральнай сьмерцяй. Сталін вельмі добра ведаў, чаго хоча беларускі народ, калі, скідаючы сваіх партызанаў, казаў ім: «Забудзьцеся, хто вы былі. Ад сяньня вы беларускія патрыёты, што змагаюцца за вызваленьне Беларускай Рэспублікі ад нямецкага акупанта». Савецкая прапаганда, кіраваная на Беларусь у беларускай мове, абяцае падняць Беларусь на ўзровень незалежнай дзяржавы з асобным міністэрствам замежных справаў. Абяцаньні дакладнага выкананьня параграфаў канстытуцыі аб праве выступу з Саюзу Рэспублікаў, паварот да рэлігіі, візія аграрнай рэформы — ўсё гэта аргумэнты, якія не сустрэліся зь ніякім паважным контраргумэнтам, за выняткам плякатаў: «Вас чакае зямля!» Аб гэтым ужо часткова пераканаўся беларускі селянін, бо сотні й тысячы ляглі ў зямлю ад нямецкай кулі. Беларускі актыў аднак верыў яшчэ ў перамогу здаровай палітычнай думкі нямецкіх адказных дзейнікаў. Але мэмарыял за мэмарыялам бязь ніякіх вынікаў губляецца ў нямецкіх архівах. «Перш трэба выйграць вайну, а пасьля пабачым», — быў адзіны адказ немцаў. У іхнай праграме была толькі мэта нэгатыўная: змаганьне супраць бальшавізму. Поўнасьцяй адсутнічала другая і самая асноўная частка: за што.
Што да беларускага народу, дык яму ня было на каго спадзявацца. Заставалася адна надзея — гэта вера ў собскія сілы. Гэта быў адзіны мамэнт, які дамінаваў у Наваградзкім Эскадроне. Ягоныя маладыя жаўнеры былі люстрам народных пачуцьцяў. Іхная дзейнасьць сьветчыла аб гэтым. Дзе толькі пабываў эскадрон, усюды здабываў сэрцы беларусаў. Сяляне пераканаліся, што ня толькі бел-чырвона-белыя сьцяжкі на нямецкіх уніформах эскадрону розьнілі яго ад нямецкага акупанта. Пад гэтымі чужымі ўніформамі хавалася беларускае сэрца.
Жаўнеры гарэлі жаданьнем шырэйшай акцыі. Яны хацелі як найхутчэй ісьціць пастаўленую мэту: стацца запраўднымі абаронцамі свайго народу. На працягу студзсня й лютага плянава рабіліся маршы ў ваколіцы Наваградка, але ўжо ў поўным баявым парадку, з набітымі кулямаётнымі стужкамі ды дыскамі.
Першая маленькая сустрэча з ворагам была ў Сяльцы, падчас ночных заняткаў. Ціхая зімовая ноч. Эскадрон бясшумна мінае Сялец. Пярэдняе забясьпячэньне зьнікае ў густым лесе. Дрэвы, здаецца, дрэмляць, прыкрыўшы свае галіны пухам сьнегу. Гэтую цішыню парушае толькі раўнамерны скрып сьнегу пад нагамі жаўнераў. Раптам начную цішыню праразае сухі адрывісты рогат «фінкі» і тут-жа, у вадказ, некалькі паасобных стрэлаў ды ў сьлед за імі ўжо паважней адказаў «дзехцяр».
— Гэта мусіць нашы, гэта мусіць нашы, — пачуўся ціхі шэпат у радох эскадрону.
Пачуўся тупат жаўнера: пры выхадзе зь лесу перадавое забясьпячэньне сустрэлася з ворагам: трое саней з партызанамі. Яны ўцяклі ў кірунку Мотчы.
— Першы зьвяз далучыць да пярэднага забясьпячэньня. Кірунак Мотча. Перашукаць вёску і варочацца назад. Трэйці зьвяз: затрымацца ў Сяльцы і падрыхтаваць кватэры для першага. Другі зьвяз забясьпечыць пастой.