Каб зразумець гэтага немца, які едучы сюды быў падрыхтаваны на абняцьце нейкае маленькае часткі прастору іхняга новага «Лебэнсраўму», неабходна пазнаёміцца з адным, можа мала важным выдарэньнем, якое аднак беспасярэдня спрычынілася да пэўнай эвалюцыі, здавалася б ня здатнага да гэтага нямецкага ўрадаўца.

 Жнівень 1943 г. У Акруговым Камісарыяце, які зьмяшчаўся ў будынку былага польскага «ваяводзтва» на Сломінскай вуліцы, насупраць «Белага Дому», як называлі папулярна наваградзкую турму, адбывалася нарада раённых бурмістраў з Акруговым Камісарам. На парадку дня: мэтады змаганьня з партызаншчынай.

На залі атмасфэра даволі тугая. Нейк неспакойна круціцца на крэсьле бурмістр любчанскага раёну, сп. М. Здаецца нехта насыпаў яму пад ягоную прыладу да сяджэньня войстрых каменчыкаў. Ягоныя маленькія вочкі неспакойна пераскаквалі з камісара на перакладчыка, з перакладчыка на вакно, і пасьля зноў вярталіся на залю, быццам шукалі выхаду зь няпрыемнае сытуацыі. Карэліцкі бурмістр, тып сярэдня заможнага селяніна з шырокай усьмешкай, чалавек не легендарнай адвагі, любячы перадусім спакойнае і дастатковае жыцьцё зь некаторай дозай, зразумела, роднай самагонкі — асноўнага і бадай адзінага «дыпляматычнага» аргуманту ў зносінах зь мясцовымі «Зондэрфюрэрамі»[4] — сядзеў нярухома, надзеўшы на твар штучна-абыякавы выраз. Ён уставіў вочы ў процілеглы куток, і, быццам бы нешта лічачы, стаічна чакаў канца нарадаў. Паміж імі неяк няпэўна сядзеў наваградзкі бурмістр, сп. Б. Ён крыху разьясьняў атмасфэру сваёй лысінай, робячы ўражаньне чалавека, які вельмі заклапочаны пастаўленай праблемай ды хоча, каб і іншыя гэта заўважылі. Ён устаўляў свае вялікія вочы на камісара і здаецца казаў: — Глянь, як я ўсім гэтым праймаюся, — то паглядаў на сваіх сяброў, нібы просячы рады. Адміністратар ён быў добры, толькі Бог адвагай не надарыў: уявіў ён сабе, што ўсе партызанскія сілы скірованы супраць яго. З памешканьня свайго зрабіў ён запраўдны форт, а пад падушкай у яго ляжалі два пісталеты. За імі крыху далей сядзеў, як цьвік, «дзятлаўскі ўдзельны князь», як яго папулярна называлі, бурмістр дзятлаўскага раёну, сп. Васіль Рагуля, былы сэнатар у польскім сойме. Аб ім шмат расказваюць розных гісторыяў. Прыпамінаю адну, якая здарылася добрых паўтара дзесятка гадоў таму, калі ён быў яшчэ сэнатарам. 

 Выбраўся ён раз з Ацукевіч у Варшаву. Набуў плеценыя лапці, чыстыя белыя анучы, аплеценыя аборкай, зрэбныя порткі, белая доўгая кашуля навыпуск, сярмяжка зрэбная ды мануфактурная «мыцка» на лысай галаве — сьлед польскай цывілізацыі ў Беларусі. За плячыма белая торбачка, завязаная на вузёл, а ў ёй кусок варанага сала і паўбулкі чорнага хлеба. Вось сядзіць ён у купэ першае клясы ды дрэмле. Насупраць яго нейкі ксёндз з кніжыцай у руках адгаварвае прыпісаныя малітвы. Відаць толькі занепакоіўся ён лёсам мужычка, бо так тут-сюд і зірне зукоса на маленькага сухарлявага прастачка. Падрамаўшы, наш «мужычок» перакусіць задумаў, а перакусіўшы й задыміць. Дастаў махры, адарваў кусок газэткі, скруціў казіную ножку ды зацягнуўся з роскашай. Засьвярбеў у носе ксянжулькі востры дым махоркі, заёрзаў ён на месцы ды кажа:

— Вы, чловечку, ня сюды попадлі, тут першая кляса, штраф заплаціш.

— Паночку, хто яго ведае тыя клясы, тут цёпла, мякка, дык вось і сяджу, — пры тым зноў глыбока зацягнуўся і выпусьціў хмару махоркавага дыму.

Бедны ксёндз заёрзаў ненажарты. Хацеў ужо кандуктара клікаць, як той сам увайшоў:

— Білеты прошэ!

Ксёндз тыцнуў хуценька свой білет ды моргае, нядвузначна косячыся на «чловечка». Зразумеў кандуктар, у чым справа:

— Ваш білет попрошэ! — даволі няветліва адазваўся ён да сэнатара, што скромненька сядзеў у куточку. Той пачаў шолпацца за пазухай:

— Цьфу, каб цябе ліха! Нядаўна сюды палажыў, — мацаючы па кішэнях прамармытаў сэнатар.

— Прэндзэй, члэку! — дэнэрваваўся кандуктар. Нарэшце «члэк» выцягвае нейкі білет і паказвае кандуктару.

— Пшэпрашам, пане сэнатожэ, пшэпрашам, — і сагнуўшыся ў тры пагібелі польскім звычаем зьнік у дзьвярох купэ. І ксянжулькі штось больш ня было — мусіць пастанавіў зьмяніць купэ.

Той самы Васіль Рагуля разагнаў у 1941 г. польскую адміністрацыю, якая ў беларускім Наваградку абсадзіла ўсе адміністрацыйныя становішчы, а беларусы заснавалі ў тым жа Наваградку Беларускі Нацыянальны Камітэт з судзьдзёю Паўлам Сьвірыдам на чале.

— Сорам нам, братцы, — сказаў стары Рагуля на адным із сходаў, — каб мы ў сваім Наваградку ў адным пакоі хаваліся. Трэба расчысьціць атмасфэру і разагнаць польскую ўправу, у нас сваіх людзей хопіць.

На працягу трох тыдняў адміністрацыя стала беларускай. 600 польскіх урадаўцаў было звольнена.

 Вось гэты самы Рагуля сядзіць на залі спакойна й зраўнаважана. Акруговы Камісар, з загнутым арліным носам, сухі, малы, уставіў свае халодныя вочы й глядзіць на сэнатара. Сустрэліся іхныя позіркі. Траўб ведаў, да каго зьвяртацца. Калі гэты чалавек ня дасьць парады, дык ад іншых няма чаго спадзявацца.

— Was denken Sie Herr Burgermeister? Што нам рабіць, каб эфэктоўна змагацца з партызанамі?

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги