Я пішу распіску. Кладаўшчык акуратна складае яе ў чатыры столкі, запіхвае ў кішэню. Хведар бяжыць па машыну. Чукрай таксама ідзе ў кантору, а мы з кладаўшчыком лічым мяхі. Яны новенькія, з фабрычным кляймом і чорным штампам.
Кладаўшчык кажа мне:
— От, Сітоў, глядзі, як адзін, мяхі новыя. Каб прывёз такія ж назад. У нас ёсць сквалыгі, што мех і той падменяць. Ад цябе я буду прымаць толькі вось гэтыя, са штампам. Так што глядзі, каб усё цэла было.
Пад’язджае Хведар. Мы грузім мяхі ў кузаў, развітваемся з кладаўшчыком і газуем, але не дамоў у Зарэчча, а на ўскраіну сяла, дзе стаіць вялізная крама-сельмаг.
— Папярос трэба купіць,— тлумачыць Хведар.
У краме даволі людна. Прывезлі бочку піва. Піва — дэфіцытны напітак. Яго прывозяць сюды раз у паўтара-два месяцы. Часта прывозіць піва крамніку нявыгадна. Кожны дзень піць піва не станеш. А раз у два месяцы кожны захоча пакаштаваць.
Крамнік з зубілам і малатком у руках, закасаных па локаць, выдзёўбвае затычку. А вакол бочкі стаяць з напружанымі тварамі мужчыны, чакаюць. 3-за шырмы жонка крамніка выносіць паўлітровыя слоікі з пад кансерваў, ставіць іх на прылавак і таксама пачынае сачыць, як выдзёўбвае яловую затычку яе муж.
— Бяры папяросы, ды хутчэй паедзем. Людзі ж чакаюць,— кажу я.
— Пачакаюць,— усміхаецца Хведар.— Свежае піва — гэта, браце ты мой, прадукт. Яго пасля месяцы два не паспытаеш…
Бочка нарэшце адкрыта. Мы п’ём бакал, другі, трэці… Піва сапраўды добрае. Ці ведалі толькі тыя рабочыя, што зварылі яго, хто будзе піць іх піва? Сумленны чалавек цяпер на працы. А вось такім гультаям, як мы, дык не варта было б варыць піва…
Думка гэтая мільгае і змяняецца другой, больш зямной: у мяне няма і граша за душой. Але піва скіроўвае мяне на дабрадушны лад.
Частуе ж Хведар. Ён дапівае пяты бакал, выцягвае пяць рублёў і па-царску, гэтак абыякава, кідае грошы на прылавак. Рэшту абыякава ссыпае ў кішэню.
— Цяпер паехалі,— гаворыць ён.
У Зарэччы малацьба ідзе поўным ходам. Малатарня не Цопа — яна чакаць не будзе. Людзі завіхаюцца на стозе, ля барабана.
— Дзе вас чорт насіў? — перакрыкваючы гул малатарні, крычыць Даніла Налягач.
Мы скідваем мяхі, ахапкамі носім іх на той бок, дзе з бункера сыплецца пшаніца. Я заўважаю, што мяхі аднекуль паявіліся. Яны стаяць у рад, паўнюткія, як завязаць. На ліха тады нас ганялі ў цэнтр.
Я, Хведар, Халімон Лепятуха і Сцяпан Макуха пачынаем грузіць мяхі на машыну.
— А хіба ўзважваць не будзем? — пытаюся ў Макухі.
— Дык жа вагі, слухай сюды, зламаліся, Я сам буду ездзіць, каб гэты п’яніца Хведар не адсыпаў часам з мяхоў.
Цопа лічыць мяхі, стоячы на коле, запісвае ў блакнот. А мы грузім. Не ведаю чаму, але я таксама лічу, колькі мяхоў укінута ў кузаў.
— Хоп!..— крычыць Хведар.— Хоп, кажу. Не бачыш, колы на манжэтах…
Макуха з Халімонам узвальваюць яшчэ два мяхі.
— Сорак два,— кажа Цопа.
Няўжо я памыліўся. Па-мойму, мы пагрузілі сорак чатыры мяхі.
— Сорак чатыры,— кажу я.
Хведар узлазіць наверх, пачынае пералічваць мяхі. Ён лаецца на чым свет стаіць. Асабліва дастаецца Цопу. Брыгадзір таксама адбрэхваецца. Хведар доўга лічыць, выпрамляецца і катэгарычна заяўляе: сорак два.
Я і Лепятуха залазім у кузаў. Макуха і Хведар у машыну. Ля вушэй свішча вецер, пранізвае наскрозь. Зябка. Я хутаюся ў каўнер, нацягваю шапку на вушы.
Ля Сцяпанавай хаты машына спыняецца. Макуха выскоквае з кабіны, на хаду крычыць:
— Я зараз. Перахвачу чаго, бо макавай расінкі ў роце не было.
Хведар зноў лаецца. Колькі я помню, дык Хведар заўсёды сварыцца з брыгадзірам і яго памочнікам. Мне здаецца, што яны самыя лютыя ворагі. Лепятуха чмыхае носам, спаўзае з машыны.
— Ото ж чалавечак, ото ж расцяпа! Прывык на хаду ўсё рабіць. Мне, можа, таксама есці хочацца…
На двары паяўляецца Хрысціна. Яна бачыць мяне і бянтэжыцца. Хведар рагоча.
— Хрысціна, чаго не здароўкаешся? Зазналася?
— Ідзі ты…
Мне вельмі хочацца пагаварыць з Хрысцінай, але сорамна падысці да яе. Хведар будзе смяяцца. I я стаю. Хрысціна развешвае на плоце бялізну. У наш бок яна не глядзіць. Але я ведаю, што яна думае пра мяне. I ад гэтага так хораша, так вусцішна на сэрцы. Мілая, добрая Хрысціна!..
Хведар усё яшчэ лаецца, абзывае Сцяпана самымі брыдкімі словамі. На ганак выходзіць Сцяпаніха. Яна здароўкаецца з адным мной, пляскае ў далоні:
— Авой, ён жа прастудзіцца! Чаго ж ты, Канстанцінавіч, не адзеўся цяплей?
— Мне цёпла,— храбруся я.
— Ідзі хоць пагрэйся ў хаце. Мой нячысцік яшчэ доўга будзе корпацца.
— Ідзі, цешча кліча,— смяецца Хведар.
I тут з хаты выходзіць Макуха, на хаду дажоўвае нешта. Цётка Марына накідваецца на яго:
— Чалавека нашто марозіце? Ці бачаць твае п’яныя бельмы, што на ім апранута? Другога каго не было хіба пасадзіць…
На Макуху жончына буркатня ніякага ўражання не робіць. Затое Лепятуха падае голас:
— Мы і ўтрох згрузім. Кладаўшчык, калі што, паможа.
Хведар зноў пачынае лаяцца. А я адчуваю няёмкасць, хоць праваліся скрозь зямлю.
— Я і не думаю не ехаць,— кажу я ім.— Давайце толькі хутчэй.
I тут усе пачынаюць мяне пераконваць, што я прастуджуся, што мне будзе холадна наверсе. Іх клопаты расчульваюць мяне.