— Ідзі апраніся, слухай сюды, цяплей ды шпар з Хрысцінай на ток. Там людзей малавата. А мы ўжо самі справімся.

Калі яны міналі Восіпаву хату, я падумаў, што мог паехаць у кабіне, а Макуха няхай бы пасядзеў наверсе. Спрэчка Хведара, Сцяпана і Халімона Лепятухі нагадвала цяпер добра наладжаны спектакль. Толькі я не мог зразумець, навошта ім разыгрываць мяне. I тут я ўспомніў, што налічыў на два мяхі пшаніцы больш, чым Цопа. Няўжо яны згаварыліся?

Хрысціна запрасіла мяне ў хату. Пакуль яна пераапраналася, я размаўляў з цёткай Марынай.

— Яначка ты мой,— казала Сцяпаніха,— не вадзіся ты з гэтым вісусам Хведзькам. Да дабра ён цябе не давядзе. Ён каго хочаш утравіць так, што пасля не адкапаешся.

Я не паспеў адказаць, бо з каморкі выйшла Хрысціна.

— А вось і я,— сказала Хрысціна, і мы пайшлі.

Упершыню днём ішоў я з Хрысцінай па вуліцы. Трохі саромеўся, але больш ганарыўся.

На Хрысціне плюшавая жакетка на ваце, цёплая хустка, ногі ў гумавых боціках на засцёжцы. 3-пад жакеткі відаць сіняя спадніца, расклёшаная ўнізе. Любата, а не дзяўчына! Шчокі расчырванеліся, вочы пабліскваюць, а бровы чорныя-чорныя. Вот бы так і хадзіць усё жыццё побач…

Цопа заганяе нас у ток скідаць пшаніцу з застаронка на такаўню. Адсюль яе носяць да малатарні. Па шуле я ўзлажу на застаронак. Хрысціна падае мне вілы, потым я падаю ёй чэран вілак і ўсцягваю дзяўчыну наверх. Мы падхопліваем снапы, шпурляем уніз. Трохі пыльна, але ж побач Хрысціна. Я бачу яе вочы, ясныя, чыстыя, яе вусны, ледзь раскрытыя, чую яе голас, і мне хочацца працаваць і працаваць. Мы скочваем уніз вал за валам так, што знізу крычаць нам: «Чакайце, адпачніце, а то зусім завалілі нас».

Мы садзімся. Хрысціна смяецца, і я смяюся. Чаму? Проста нам хораша. У працы забываешся на ўсё: на крыўды, на сумненні, на непаладкі. У працы харашэеш душой.

— Хрысцінка…— шапчу я.

— Ну што?— ціхутка пытаецца яна.

— Добра як.

— Ага.

Я абдымаю Хрысціну за плечы. Яна спачатку прытуляецца да мяне, а пасля адхінаецца і шэпча:

— Убачаць жа.

— Ну і няхай бачаць…— храбруся я, але адсоўваюся. Усё ж боязна плётак.

Назаўтра мы закончылі малацьбу. Толькі цяпер я ўспомніў пра мяхі. Адказваю ж за іх я, а не Цопа. Пачынаем збіраць мяхі. Паўтузіна не хапае, і я хвалююся, ледзь не плачу.

— Ды не бойся ты,— кажа Цопа,— нешта прыдумаем. У мяне тут лязерва ёсць.

Ён прыносіць шэсць латаных-пералатаных мяхоў, скідае ў агульную кучу.

— Не прымуць жа,— кажу я.

— Прымуць,— адказвае Цопа.

Зноў мы едзем на Хведаравым грузавіку. Я думаю, як бы абхітрыць кладаўшчыка. Лаўлю сябе на думцы, што гэта подла. Але ж неяк трэба выкручвацца: мяхі абмяняў не я. Добра яшчэ, што падмянілі шэсць штук, маглі больш.

Кладаўшчык, аднак, заўважае падмену. I тут пачынаецца. На мяне пішуць акт. Я распісваюся. Цяпер за мной доўг, які я мушу пагасіць з запрацаваных мною працадзён. Крыўдна. Але навука добрая. Няўжо маці казала праўду, што не трэба нідзе лезці наперад? Хавайся за спіны другіх. Вось таму мы і жывём дрэнна. А каб усе разам узяліся за працу. Ды сумленна. Ды не стараліся абхітрыць адзін аднаго…

У горадзе паяўляюцца брыгады камуністычнай працы. Пра гэта я ведаю з газет. I я зайздрошчу тым людзям. Чаму ж у нас жыццё не ладзіцца? Што трэба зрабіць, каб паправіць яго? Што трэба рабіць мне?

5

Загурскі ходзіць пануры. Часам ён бывае ў нас. Тады твар яго святлее, робіцца мякчэйшы. Маці таксама весялей трымае галаву. Яны аб нечым гавораць, спрачаюцца, а потым, калі змаўкаюць, пазіраюць адзін на аднаго крадком і ўсміхаюцца. Я — не маленькі, я ўсё разумею, але ад гэтага боль не сціхае. Мне было б вельмі непрыемна, каб Загурскі перасяліўся да нас. Гэту хату будаваў мой бацька. Тут нябачна для нас ён жыве і цяпер… Добра, што аб перасяленні Загурскага пакуль што не ідзе гаворка. Я нават чуў, што Загурскі хоча вясной будаваць хату. Пакуль ён жыве ў Амельнічэнкаў.

— Іншага выйсця, Дашанька, няма,— чую я голас Загурскага.

— Рабі як хочаш. Толькі я свайму ворагу такога не пажадаю.

— Час жа канчаць гэту каніцель. Цопа з Макухай зусім расцягнуць брыгаду.

— А табе што, больш за. ўсіх трэба…

— Даша, што ты кажаш, падумай. Хіба ж сумленны чалавек можа такое цярпець? Камунізм — не за гарамі, а ў нас што? Абсурд, як кажа Чукрай. Час цяпер, Даша, не той, каб маўчаць. Гэта мы прывыклі некалі аднаго чалавека слухаць, дык ніяк не навучымся думаць і змагацца з непарадкамі. А камунізм — гэта найвялікшая самадзейнасць народа, калі кожнаму да ўсяго ёсць справа, калі кожны выкрывае хібы і ўсе разам выпраўляюць іх.

— Глядзі, прапішуць табе хібы!..

Настае доўгае маўчанне. Мне здаецца, што ў хаце нікога няма. Гэта мяне палохае, але я чамусьці саромеюся заходзіць у хату. Грукаю ботамі, кашляю і толькі пасля гэтага адчыняю дзверы.

— Дык я пайду… I так заседзеўся,— далятае з залы голас Загурскага.

Відаць, ён адчуваё, што я не надта люблю яго.

Хвіліну счакаўшы, маці гаворыць мне:

— Платона брыгадзірам будуць выбіраць. На ліха яму тое здалося!.. 3 нашымі людзьмі хіба кашу зварыш… Сядзеў бы ціха.

— Калі будуць выбіраць?

— Ты ж пра гэта, глядзі, нікому не кажы.

Перейти на страницу:

Похожие книги