— Сеяць вы з Макухай умееце, а што сабралі? — прагучаў адзінокі ў цішыні голас.
Цопа падняў галаву. На хвіліну адарваўся ад сшытка, хацеў быў адказаць, але, мабыць, палічыў, што спрачацца пакуль не варта.
— Пераходжу цяперака на догляд, значытца, пасеваў і ўборку. Людзі нашы, асазнаўшы важнасць догляду, харашо, таварышчы, трудзіліся не ўсе, канечня, што само сабой непахвальна. Апяць жа ўлічыць нада тое, што трудаспасобных у нас мала. Сенаў’борку, праўда, мы зацягнулі. Апяць жа — цехнікі, самі знаеце, мала. Тут ужо віна праўлення — «масквічы» старшыням купляем, а касілак нямашака.
Гул адабрэння пракаціўся па зале. Я адразу скеміў, што Цопа надзвычай хітра адводзіць ад сябе крытыку. Я ўжо не так уважліва слухаў, што гаворыць брыгадзір, колькі сачыў за тым, як паступова Цопа скіроўвае людзей на выступленне супраць тых старшынь, якіх ужо знялі з работы.
— Дык вот, таварышчы, такая наша работа. Цяперака пра жалабы і кляўзы. Жалаб на кожнага брыгадзіра будзіць. Аднаму каня не дасі, другога палаеш, што на работу спазніўся — людзі абіжаютца. Абідаў гэтых многа. Можа каго і абіжаў, дык даруйце. Нашчот пшаніцы. Сказаць, што гэта сабачая брахня, дык тыя, хто пісаў, абідзятца. Другога слова не найду. Анцірэсна знаць, як жа я мог красць, калі ад малатарні не адхадзіў. Вінават, вагаў не было. Но, вы, таварышч Чукрай, тожа зналі пра вагі. I што вы мне сказалі? Нечага пяць разоў важыць тое, што за адзін раз можна.
— А дзе шэсць пустых мяхоў дзелі? 3 дурня майго хочаце сарваць? — гэта ўжо мая маці.
— Ты, Дар’я, не шумі. Што мяхі падмянілі, факт, но Івана твайго мы ў абіду не дадзім. Нада было яму мне сказаць. Я плату за мяхі са Сцяпана, Хведара і Халімона ўзяў бы. Хаця і твой сынок вінаваты. Я яго, значытца, на пагрузку паставіў, а ён Макухіну дзеўку пад паху, дый на ток. Мяхі грузіць яму цяжка. Хай цяжка, але ж самавольна. Но грошы мы з яго не будзем браць. Несправядліва было б.
Цопа сеў, выцер насоўкай нос, потым зноў падняўся.
— Забыўся на галоўнае. Дашка Сітова мыслю перабіла. Дзела, значытца, у следуюшчым, я ўжо нарабіўся брыгадзірам во, па горла, нада, каб хто другі паспытаў гэтага хлеба. Чуў я, што Загурскага мецяць. Харошая кандзідатура. Канечня і камуніст, і ваяка, паболей ардзяноў, чым у мяне. Дый нашанскі, тутэйшы, як кажуць. Хаты, праўда, у яго нямашака. Нічога, пабудуем. Нам не прывыкаць. Хай абжывецца чалавек. Па свеце паездзіў дай бог кожнаму. I тут ён доўга не ўседзіць. Я вунь чуў, што яго хацелі ў райком браць. I возьмуць. Такі чалавек доўга не ўседзіць. Але ж няхай парадак навядзець. Апяць жа дзісціпліну. Каб, значытца, на работу, як у горадзе, хадзілі, апяць жа сена каб не касілі сваім каровам, бо скаціна, што ў лічнасці кожнага імеецца, бальшая загваздка ў дзісціпліне і ва ўсім нашым абчэственным трудзе. Я вас заклікаю, значытца, галасаваць за Платона Максімавіча, нашага дарагога маёра роднай Савецкай Арміі.
— Ну, брат, і пахваліў,— зашаптаў Стась,— цяпер Загурскага ні ў жысць не выберуць.
Я толькі кіўнуў галавой. Вараніцын, мабыць, успрыняў апошнія словы так, як хацелася Цопу, бо паціснуў брыгадзіру руку і задаволена кіўнуў галавой. Цопа павесялеў, ён паглядаў на людзей невінаватымі вачыма, як святы анёлак, якога без віны аддаюць на здзек натоўпу.
— У каго будуць пытанні да таварыша Цопы? — запытаўся Чукрай.
— На другую палавіну працадзён будуць выдаваць прадукт, ці авансам абмяжуемся?..
— Сказануў!.. Не знаеш…
— 3 сенам як будзе?
— Коней чаму ў Русаковічах трымаеце?
— А-а-а, вы іх бы даўно замарылі голадам.
— У вас лепшыя?..
— Дазвольце. Чаму нам бульбянішча не даяце пераворваць?
— Яго і так рыдлёўкамі перакапалі.
— Гультаі капаюць.
— Ты ўжо нарабіўся.
У-у-у-га-га-га-а-а! Сход шуміць, гамоніць, як лес у непагоду. Спачатку яшчэ можна разабраць асобныя словы, нават фразы, пасля яны зліваюцца ў адзін суцэльны гул. Чукрай стукае алоўкам па стале. У лямпе хліпае агонь. На сярэдзіне з трэскам ломіцца лаўка, і ўвесь рад падае на зямлю. Смех, крыкі, лаянка… Чукрай б’е па стале кулаком. Настае цішыня, у якой недарэчна гучаць абрыўкі людской гамонкі.
— Так мы да раніцы прасядзім. Не сход, а адзін абсурд. Выступаць трэба па адным. Хіба яшчэ не навучыліся? Хто хоча выступіць?
Цяпер людзі маўчаць. Крычаць у грамадзе куды спадручней, бо крыкі з натоўпу не запісваюцца ў пратакол, за іх ніхто і ніколі не адказваў. А выступаць боязна. Нават не боязна, а няёмка. 3 Цопам давядзецца жыць. А як паглядзіш яму ў вочы, калі перад начальствам будзеш яго бэсціць? У гарачцы чалавеку можна нагаварыць лішняе, і ён не пакрыўдзіцца. Гэта не слова, а пух, які здзімае лёгкі ггодых ветру. А выступленне на сходзе — гэта ўжо нешта значнае. Гэта, як скарга, як данос. А хто іх любіць? Тых, хто крытыкуе, на сходзе слухаюць уважліва нават тыя, каго крытыкуюць. Да крытыкі трэба быць уважлівым. За выступленне супраць крытыкі можна мець непрыемнасці. А вось пасля сходу са смельчаком можна разлічыцца. Неўпрыкметку, вядома. Спакваля. Так насаліць, каб век помніў.
— Давайце, таварышы, выступайце, кажыце, чым незадаволены. Улічым, паправім.