Зала, як туга нацягнутая струна. Людзі хаваюць галовы за спіны пярэдніх.

— Дай мне слова,— не чакаючы дазволу, ля акна ўстае на ўвесь рост Даніла Налягач.

— Слова мае таварыш Амельнічэнкаў,— аб’яўляе Чукрай.

— Я, гражданы, без запісу скажу,— пачынае дзядзька Даніла.— У каго баліць, той пра свой боль і гаворыць. Я пра пчол скажу. За сёлетняе лета ў мяне пяць калод загінула. Зараз скажу, чаму загінулі. У самы медазбор Кузьма надумаў кукурузу падкармліваць. Я тады хадзіў да яго, прасіў, каб падкормку перад дажджом пасеялі. Яно так і па інструкцыі лепей, бо падкормка хутчэй да корняў дабярэцца. Кузьма мяне тады не паслухаў. У самую гарачыню ўгнаенне высявалі. Мала таго. Я неяк ужо гаварыў у праўленні. Макуха на п’яныя вочы змяшаў угнаенне з гексахларанам. Ну і сеялі мешаніну гэту. Як зацярушылі ёю кукурузу, дык два тыдні, пакуль дажджы не пайшлі, брыдка на поле было глядзець. Быццам мукой хто абсыпаў. Вось так і ўгнаенне зглумілі і пчол атруцілі. А за ўгнаенне грошы плацілі.

— Недагляд выйшаў,— кінуў Цопа.

— Недагляд, кажаш? Калісьці гэта шкодніцтвам называлася і за такі недагляд на Калыму ссылалі. Добра, час не той, але ж нехта адказваць і цяпер павінен. Ты кажаш, недагляд? А што ўгнаенне па поплаве сеялі, таксама недагляд? Засталося тры тыдні да касавіцы, а па поплаве ўгнаенне з дустам рассыпаюць. А чаму, бо ты, Цопа, хацеў першым у калгасе правесці падкормку. Табе няважна было, дзе і што падкормліваць. Абы рассеяць угнаенне. А аграном наш калгасны ў гэты час зводкі ў раён страчыў. Каго ж мы абманваем, гражданы? Сябе абманваем.

Было вельмі ціха. Людзі настройваліся на сур’ёзную гаворку, бо ў кожнага было што сказаць пра непарадкі ў брыгадзе.

— Цяпер яшчэ пра адну справу скажу. Пра коней, гражданы. Да вайны я разам з Мікітам Батоўкіным на нарадзе быў. Як цяпер помню, Будзённы пасля нарады з намі гаварыў. Наказваў каня берагчы. А як мы яго беражом? Мы дабіваем каня, гражданы. У Русаковічах і Зарэччы калісьці было за сто коней. А цяпер дваццаць восем ваўкарэзін. Я часта думаю, каб хто-небудзь пачаў знішчаць паравозы, паравыя рухавікі толькі таму, што электраматоры лепей, дык яго палічылі б за вар’ята. А вось каня мы выводзім. Не трэба нам конь. Машыны ёсць. Па-гаспадарску гэта? Вось хоць бы старшыня наш. На трохтонцы на сход прыехаў. А бензін — тыя ж грошы. Захварэе хто, зноў у горад гані машыну. За нявестай ехаць — падавай дзве машыны. I так скрозь. Гаспадары так не робяць.

Вараніцын шаптаўся з Чукраем. Я адчуваў, што Вараніцыну не спадабалася прамова Данілы. Даніла, між тым, узяўся за Цопу і Макуху. Быў ён бязлітасны ў словах, і ўсё тое, пра што ён гаварыў, было правільна. Хто скажа, што Цопа і Макуха не п’юць? Што яны не маюць любімчыкаў? Што не абдурваюць старшыню калгаса? I ўсё ж залішне рэзка гаворыць Даніла…

Пасля выступлення Данілы пачулася некалькі галасоў: цяпер многія хацелі выступіць. Налягач развярэдзіў балючыя раны. Але Чукрай даў слова Вараніцыну. Гэта здзівіла, бо ўпаўнаважаныя звычайна выступаюць пад канец.

— Мяне вымусілі выступіць антымехзнізатарскія настроі папярэдняга прамоўцы. На кані, таварышы, у камунізм не ўедзеш. I паравозы, лакаматывы мы замяняем электравозамі. Нам не трэба чапляцца за каня. Я разумею таварыша. Ён жыве мінулым, дарагімі яму ўспамінамі. Але мы, таварышы, выступалі і будзем выступаць супраць антымеханізатарскіх настрояў. Такая крытыка не памагае нам, а цягне назад, у мінулае.

Вараніцын сеў, горды ад усведамлення выкананага ім абазязку. Наступіла тая прыкрая паўза, калі людзі пачынаюць раздумваць над сваімі намерамі: варта выступаць ці не? Паўза зацягнулася.

Дарэмна Чукрай пытаўся, хто яшчэ будзе выступаць. Людзі маўчалі, як набраўшы ў рот вады.

— Дазвольце мне,— пачуўся гучны, крыху хрыплаваты голас Загурскага.

Як толькі Загурскі пачаў гаварыць, я зразумеў, што дыпламатнічаць ён не ўмее. Так можна выступаць хіба ў арміі. У Русаковічах такі тон не падыходзіць. Людзі, праўда, слухалі яго ўважліва, але з той увагай, якая азначае толькі адно: у начальства меціш, прыціснуць думаеш, а мы яшчэ паглядзім…

— Так далей працаваць нельга,— грымеў голас Загурскага.— На работу ходзяць каму калі ўздумаецца. Многія зусім не ходзяць. А калгасным дабром карыстаюцца нароўні з другімі, сумленнымі. Агарод — пяцьдзесят сотак. Карову і авечак на калгаснай пашы пасе. Сена калгаснае косіць. Свіней калгаснай бульбай корміць. А бульбу накопвае на калгасным полі, якое сам жа стараўся дрэнна ўбіраць. Не, таварышы, так мы не хутка ў камунізм прыйдзем. Пара з гэтым канчаць. Рашуча і без аглядкі. Цяпер, таварышы, наконт несумленнасці. Я веру ў тое, што большасць нашых людзей сумленныя. Але ж ёсць і такія, што гатовы расцягнуць калгас па вінціку, па зярнятку. У каго яны крадуць? У нас, у сумленных. Дык як жа можна цярпець, калі да цябе ў кішэню злодзей залазіць? Не можам мы цярпець! Ганьба таму, хто церпіць. Вось вы, цётка,— звярнуўся Загурскі да Хведарыхі,— бачылі, як Макуха, Восіпаў Хведар і Халімон Амельнічэнка скідвалі ў рове мяхі з пшаніцай. Чаму ж вы сказалі пра гэта праз пяць дзён, а не адразу?

Перейти на страницу:

Похожие книги