Дыга і Ліпка хапаюць Хведара за рукі, а ён стараецца дастаць мяне нагой. Я чамусьці зусім не баюся Хведара.
— Хто б там не бачыў — не важна. Але запомні, Хведар, адно — больш левых рэйсаў не будзе. А вас, дзядзька Кузьма, я папярэджваў,— звяртаюся да Цопы,— не вельмі гандлюйце спіртным. Тут не шынок, а савецкая крама. I няма чаго вам спойваць людзей, якім працаваць трэба.
Я такога эфекту не чакаў. Манументальная постаць Цопы раптам меншае ў памерах. Ён бляднее, сціскаецца ад страху.
— Хведар,— крычыць ён,— зараз жа перастань. Тут табе не вечарынка.
Хведар адразу сціхае. Цопа вытурвае ўсю кампанію з крамы.
— От жа лайдакі, п’яніцы! Збавення ад іх няма…— шэпча ён мне.
— Зараз жа гані машыну на поле,— загадваю я Хведару.
— Ладна,— бурчыць ён.
— На пару слоў,— кажа мне Дыга і адходзіць ад астатніх.
Я іду за ім. Цікава, што можа сказаць мне Хрысцінін муж?
— Дык во які ты, Сітоў Іван, дышла табе ў рот!..— кажа Дыга. Ён прыглядаецца да мяне, як мяснік да быка на бойні.
Мне непрыемна і гэтая размова і сам Дыга.
— Што вы хацелі? — пытаюся я.
— Кінь выкацца. Я на цябе злосці не маю. Што было, да таго мне… адным словам, мне на тое плюнуць і нагой расцерці. А надалей, дышла табе ў рот, асцерагайся….
Я разгублена маўчу. У галаве віхурай праносяцца трывожныя думкі. Няўжо Дыга ведае пра тую запіску, што мне прыслала Хрысціна. Калі хто і сказаў пра запіску, дык гэта Какосцікава Вера. Яна — Хведару, а Хведар — Дыгу.
3 запіскай было так. Аднаго разу я зайшоў да Какосцікавых. Дома была адна Вера.
— Танцуй,— загадала яна мне.— Пісьмо дам.
Давялося крыху патупаць. Вера падала мне незаклеены канверт, без адрасу. Я выцягнуў з яго чацвёрку ліста ў клетку. Буйным Хрысцініным почыркам без знакаў прыпынку там было напісана:
«Здрафствуй Янучок.
Пішыць табе Хрысціна. Даруй ты міне дурную што не паслухалася любві а замуж пайшла за нялюбага чорта. Думала, ён хазяйскі а ён пяніца як напецца дык ужо на міне забываецца. Люблю я цябе Яначка вельмі дужа ды відно суджана нам быць урозь. Жалаю цібе шчасця і любові харошай а я астаюся гараваць
Хрысціна».
Запіска гэтая ўзрушыла тады мяне. Мне хацелася праз ноч ехаць у леспрамгас па Хрысціну, украсці яе ў Дыгі, уцячы разам хоць на край свету. Але што я мог зрабіць? Я праклінаў сябе, як апошняга баязліўца, але нічога не рабіў, каб памагчы Хрысціне выбавіцца з ямы, у якую яна трапіла па сваёй ахвоце. Што ж, бывае, чалавек тоне і яму падаюць руку. Хрысціна танула, але ёй ніхто не збіраўся падаць руку.
Усе гэтыя думкі і ўспаміны прамільгнулі ў маёй галаве. Я чакаў, што Дыга скажа нешта такое, ад чаго хоць вый на месяц. Але ён больш не ўсчынаў гаворкі пра Хрысціну, а пачаў хваліць мяне.
— А ты, дышла табе ў рот, кажуць, свой хлопец. Ты, калі што трэба будзе, смела да мяне звяртайся. Я ўсягды выручу. Хочаш, дроў падкіну або лесу. Ажэнішся — на хату наважу. Я ўсё магу,— і раптам, нагнуўшыся, зашаптаў: — Ты от што: падкінь мне машыну бульбы. Не пакрыўджу. Хведар згодзен. За табой слова. Ну, дык па руках?
Гэтыя словы раскрылі мне вочы на дружбу гэтай кагорты зладзеяватых людзей. Мне трэба было стрымацца. Але я не ўмеў.
— Вы мяне на такое не падбівайце,— даволі гучна сказаў я.— I не думайце, што на гэты раз вам удасца тое, што ўжо ўдавалася.
— Што такое?..
— У чым дзела?..
Нас акружылі астатнія. Хтосьці пацягнуў за руку Дыгу, і ён схаваўся за сватаву спіну. Макуха скакаў, бы той завадны чорцік.
— Канстанцінавіч, слухай сюды, дарагі мой, не звяртай увагі. Ён жа, як свіння, п’яны. Ну што ты яго слухаеш?
Але я зразумеў, што Макуха ведае, пра што ішла гаворка. Адкуль?
— Вы, дзядзька, лепей скажыце, каб ён дамоў ехаў. Яму машыну далі не дзеля таго, кабу госці ездзіць. Ды і самі ідзіце на работу. Агарод вам пакуль не абрэзалі…
Я вырваўся ад іх, пайшоў. Мяне дагнаў Хведар. Ён ухапіўся за плячо, сціснуў яго з усяе сілы.
— Нешта ты, сука, дурэць пачаў. Глядзі, каб часам не пашкадаваў. I раю язык за зубамі трымаць…
— Ідзі ты, я не з палахлівых.
— Ну-ну!..— працягнуў Хведар і здзіўлена свіснуў.
Увечары, калі я даканчваў абмер палетка, падышоў Сцяпан Макуха. Стаяў на ўзмежку, заклаўшы рукі за спіну. Я разумеў, што прыйшоў ён не так сабе. Мусіць, хоча закончыць тую размову, што пачалася яшчэ ў краме. Таму я знарок не спяшаўся. Мне было чамусьці сорамна сваёй нястрыманасці там, у краме. Думаў, што на маім месцы сказаў бы Даніла Налягач. Мабыць, ён так не гарачыўся б. Падыходзіў я да Сцяпана з бояззю. Вось ён зараз пачне ўшчуваць мяне… Што я скажу яму?
— Ну, што, Канстанцінавіч,— пачаў Макуха,— не лёгкі гэты хлеб? Я, слухай сюды, пакаштаваў гэтага хлеба. Дасюль у роце горка. Нашым людзям ніяк не дагодзіш.
Мы пайшлі напрасткі да вёскі. Мяне ўсё яшчэ трывожыла думка, чаго Макуха паявіўся на палетку.
— Ты, Канстанцінавіч, слухай сюды, не гарачыся. Яно, канечне, справядліва, што ты шуміш, праўды шукаеш. А толькі, слухай сюды, чорт яе знойдзе…
— Калі ж у самую гарачую пару Цопа п’янкі наладжвае,— не стрываў я.