Лідлу ўзняла нос да неба і панюхала дыханне зорак. Яны шапталі аб страчаным мінулым, шчаслівых днях, калі і ў паміне не існавала прыхадняў.
Пляма на ілбе муары зазіхацела касмічным бляскам. Яно паліла ўспаміны.
Няхай сабачая зорка навекі пахавае яе таямніцу.
Дзень імператара
…Імператар стомлена пазяхнуў, пашкрэбся і кісла спытаў:
– Ну што яшчэ, Флабiус? Сенатар, які стаяў побач, паважна схіліўся і вымавіў:
– Акрамя ўсяго іншага, я жадаю звярнуць увагу на прыезд егіпецкіх паслоў. – Рым не ўмешваецца ў справы сабакападобных, – раздражнёна запярэчыў імператар. – На жаль.
Ён гнеўна паглядзеў на сенатара. Быццам сівы старац вінаваты ў недахопе баявых трыер. Флабіус на імгненне апусціў вочы і збянтэжана паправіў тогу.
– Егіпцяне каланізавалі Марс. Будуюць там свае піраміды. Халдзеі яшчэ раней захапілі Месяц. Дакладней, падзялілі начное свяціла з эльфамі. А што зрабілі мы? Дагэтуль не ўціхамірылі фінікійскую калонію! – з кожным словам распальваўся імператар. – Няўжо Рыму дастанецца ў спадчыну толькі Зямля?
– Гэта не мала, найвялікшы, – трапятліва мовіў сенатар. – Прабач, але ваяваць на Зямлі прасцей, чым лётаць дзесьці… – Флабіус нявызначана развёў рукамі і ткнуў пальцам у неба, – …там. Прабач за выкліканы гнеў, але… сабакападобныя прапаноўваюць саюз у вайне з Карфагенам.
Ягамосная лютасць адразу аціхла.
– Праўда? – бровы імператара недаверліва выгнуліся дугой. – Немагчыма ўявіць сяброўства Рыма з прыхільнікамі Азірыса пасля Александрыйскага канфлікту.
З заклапочаным выглядам імператар падняўся з разьбянога зэдліка і прыняўся выкрочваць па мазаічнай падлозе. Флабіус паварочваўся ўслед за ўладаром. Імператар моўчкі пахадзіў вакол сенатара і раптам спыніўся, узіраючыся ў плексіглазавае вакно, за якім уздымаўся Капітолій.
– Усім кіруюць халдзеі, калі разабрацца, – задуменна прамармытаў імператар. – Дурныя, тупаватыя халдзеі…
Флабіус жадаў было запярэчыць наконт разумовых здольнасцей халдзеяў, але дыпламатычна стрымаўся.
– Мы перадалі нашы месяцовыя базы халдзеям наўзамен іх неўмяшання ў захоп егіпецкіх тэрыторый намі на Зямлі, – разважаў услых імператар. – Выпусцілі Галактос дзеля магутнасці тут. Зразумела, нават калі мы захопім карфагенскі зорны партал, пабудаваны атлантамі, халдзеі не дазволяць нам будаваць храмы на Месяцы і Марсе. Да таго часу ў іх будзе досыць ядзерных ракет, каб дыктаваць умовы ўсяму свету. Ні адзін народ так не імкнецца да магутнасці. І вавілонскую вежу халдзеі будавалі, на шчасце, не дабудавалі, і да Юпітара ім рукой падаць. А там глядзіш, і Зеўс пасунецца, і Алімп паваліцца. Але ж егіпцяне прапанавалі саюз не здуру, а па ўказцы Месяцовага Ура. Такім чынам распавядзі мне, Флабіус. Халдзеі дазволілі заваяваць даліну Нілу, а сабакападобныя прапаноўваюць дапамогу ў вайне з Карфагенам. Што ў нас папытаюць наўзамен?
Флабіус выцягнуў з-пад тогі цыдулку.
– У сваім пасланні, найвялікшы, егіпцяне запрашаюць цябе на Марс прыняць удзел у свяце з нагоды адкрыцця новага сфінкса.
Чорны, як ноч, карабель прыбыў з не меней цёмных глыбінь абсыпанага зоркамі Галактоса. Ледзь амартызатары зарыпалі, дакрануўшыся чырвонай паверхні Марса, расхінуўся люк, і ўніз спусціўся чалавек у касцюме тысячаначальніка «Аб'яднаных Егіпецкіх Сіл».
– Вялікі Пасланец ужо чакае вас на тэрміновым паседжанні, – сказаў яму слуга. Чалавек адмахнуўся ад яго нібы ад мухі і хуткім крокам прайшоў да купала падземнай марсіянскай базы.
На тэрміновым паседжанні прысутнічалі толькі афіцэры вышэйшага кола егіпецкіх і халдзейскіх касмічных войскаў.
– Прысаджвайся, Хамму, – звярнуўся да візітоўцы адзін з генералаў.
Хамму адшпіліў гермашлем, перадаў бліжняму халую і прысеў у пазначанае крэсла. Слуга расстаўляў на стол стравы. Хамму абвёў поглядам прысутных. Насупраць размясціліся войт халдзейскага царства і Вялікі Пасланец, дзеля якога і было задумана тэрміновае паседжанне. Халдзейскія амбасадары яшчэ перад візітам у Месяцовы Ур намякнулі Хамму, што прамова на нарадзе пойдзе аб далейшым лёсе Рыма. Ну, што ж, Хамму з радасцю выслухае Вялікага Пасланца.
– Такім чынам, пачнем, – прапанаваў халдзей, ледзь слугі пакінулі памяшканне. – Прапаноўваю выказацца кожнаму па нашай праблеме. Выслухаем Егіпет.
Вялікі Пасланец ківам пагадзіўся.