Ім не зразумець, што гэта Янусь зараз назірае зверху і шпурляе раз-пораз каменьчыкі. Абуджае кісель ад спячкі. Калыхае балота – свет бязмежны і неспазнаны для іх і нікчэмны для людзей.
Прынамсі, а каб ведалі, што зменіцца? Шпурнуты камень ужо ляціць і абавязкова грымнецца.
Янусь шпурляе апошні галяш і падаецца прэч. Паверхню чорнага возера яшчэ доўга цярэбяць хвалі.
Янусь – пісьменнік. З ліку тых, хто не графаман, але і не профі. Хутчэй, аматар. Іншым словам, графаматар.
Ён марыць аб ганарарах.
Ён шукае натхненне.
Натхненне чамусьці паварочваецца да Януся зусім не прывабным месцам. Так бывае амаль з усімі, хто верыць у натхненне, а не ў цяжкую фізічную працу.
Янусь-графаматар блукае прыгожым летнім днём па лесе. Адпачывае на возеры-балоце. Разважае пра сэнс жыцця і вечнасць. Калі мы прыслухаемся да Янусевых думак, упэўнімся ў ягоных здольнасцях філосафа.
Шкада, наш філосаф яшчэ не ведае, што сёння вечнасць абрала яго напісаць нізку радкоў пра… вечнасць.
Выпадкова ці не, але Янусь заўважыў пры дарозе чырвоную цагліну, невядома кім згубленую ці пакінутую. Філосаф чамусьці падабраў яе і потым заўважыў, што непадалёку нядаўна палілі вогнішча. Прысеў побач на стары пень. У задуменні ахінуў вокам вуголле, абпаленыя шклянкі.
Натхненне так і не з’явілася.
Янусь пакалупаўся ў рэштках вогнішча, знайшоў іржавы цвік і нашкарабаў на цаглянай паверхні: “Дзе ты?” Потым размахнуўся і што стае моцы шпурнуў цагліну далей ад сябе.
Некалькі ўздыхаў, каб супакоіць нервы…
Пасля падаўся да хаты.
Лідуся адчувала хуткасць скурай, сэрцам, душой. “Дачка Шумахера”, – заўважалі калегі па бізнесу. За вачамі яе так і звалі – Лідуся-Шумахер. За прагу да аўтамабіляў і вар’яцкага спорту – аўтагонак. Сябры дарылі Лідусе новенькія машыны, якія яна шанавала больш за норкавыя футры.
Лідуся лічылася асобай “нон грата”. Аднойчы выскачыўшы замуж за шчырага тыпа па мянушцы Генерал, Лідуся не памылілася, бо хутка зрабілася ўладальніцай ультрасучаснай іншамаркі, банкаўскага рахунку і іншых атрыбутаў “новай рускасці”.
Залішняй арыгінальнасю ў жыцці Генерал не адрозніваўся. Хіба толькі меў іншую мянушку – Галаватумба. У гэтай галаве часцяком варушыліся думкі, якія аднойчы страшэнна не спадабаліся канкурэнтам па бізнесу. А час стаўся ліхі, непрадказальны, пасля перабудовы, і Галава-тумба неўзабаве скацілася з шыі Генерала. Такім чынам Лідуся зрабілася адзінай уладальніцай генеральскіх капіталаў, завяла маладых палюбоўнікаў і прыдбала калекцыю спартыўных машын. Асаблівую перавагу аддала марцы “Ягуар”, як раз той мадэлі, што на першай перадачы рухаецца не ніжэй за семдзясят кіламетраў у гадзіну.
Зразумела, жыццё панеслася разнастайнае, яшчэ больш, насычанае чым раней. Лідуся ўзбілася на алімп чалавечай славы. Золата, брыльянты, натоўпы прыхільнікаў, салоны мод – банальна і звыкла, надакучліва. Жанчына забылася, што некалі пачынала звычайнай настаўніцай японскай мовы ў прэстыжнай гімназіі, куды трапіла пасля ін’яза. Прынамсі, гэта і не трэба было ёй.
Марыла Лідуся-Шумахер пра іншае: выехаць за мяжу, пабудаваць вялікі палац на беразе акіяна, адкрыць сетку буцікаў, маркетаў, бараў. Знайсці мужа-мільярдэра. Вось тады і пачнецца сапраўднае жыццё, думала яна.
Але заўжды так бывае, што людзі не заўважаюць, як жыццё паступова ператвараецца ў бясконцы танец пекла. Ілюзорнае ім здаецца сапраўдным, сапраўднае – ілюзорным. І пакуль расплываецца розум у неабсяжных плынях бязмежных мар, усё раптам становіцца на сваё месца. Нібы падае камень на галаву.
Але гэта быў не камень.
Гэта аказалася цагліна.
Тым днём, калі небарака-графаматар Янусь вяртаўся з возера, на якім збіраўся знайсці і стрыножыць Пегаса, Лідуся-Шумахер ляцела на сваім гіпердарагім “Ягуары” ў сталіцу.
Чырвоная цагліна з надпісам “Дзе ты?” ляжала на дарозе. Яна была апошняй, што Лідуся ўбачыла пры жыцці. У жанчыны проста не хапіла часу збочыць. На хуткасці паўтары сотні кіламетраў у гадзіну “Ягуар” натыкнуўся правым колам на цагліну і ўзляцеў птушкай у паветра, хістануўся ў бок, страціў кантроль і ўлупіўся ў лясны гушчар.
Такім чынам, цагліна, вырабленая са звычайнага прыроднага матэрыяла, пра існаванне якой Лідуся не ведала на працягу жыцця, развеяла ілюзіі маладой жанчыны наконт светлай будучыні.
У аперацыйнай ішла барацьба. Бой не дзеля славы, дзеля жыцця.
– Цяжка, – заўважыў Міклуш, арудуючы скальпелем.
Малады хлопец-асістэнт моўчкі згадзіўся. Пацыентка, што ляжала на стале, шанцаў не мела. Пералом чэрапа, некалькіх рэбрын, парушэнні шыйных пазванкоў, балявы шок у прыдачу – усё сведчыла аб немінучай хуткай гібелі.
Такіх пацыентаў звычайна на стол не клалі. Карысьці ні хвораму, ні ўрачам. Раненні, несумяшчальныя з жыццём. І кропка.
Але пацыентка мела сяброў. А сябры мелі грошы і ўплывовыя сувязі. Сябры патрабавалі здзейсніць усё мажлівае і немагчымае, каб пацыентка выжыла.
– Прыгожая яна, зараза, – прамармытаў Міклуш. Асістэнт згадзіўся.
– Падай зажым… Так…
Міклуш дзівіўся, што пацыентка да гэтай пары нейкім чынам дыхае. Пасля падобных аварый людзі, як правіла, гінуць на месцы.