Міклушу было пляваць, што падумаюць людзі. Няхай думаюць, няхай гавораць. Столькіх з іх ён паспеў пералячыць, паставіць на ногі, выцягнуць з таго свету, а вось для сябе доктара не знайшоў. Душа балела ў Міклуша.

Калі карусель спынілася, ён заўважыў знаёмую постаць у дарагім чорным касцюме. Міклуш пазнаў не адразу, хто перад ім, а калі пазнаў, пасур’ёзнеў. Гэта быў чалавек з тых самых багатых сяброў пацыенткі, якую днямі ў агоніі прывезлі пасля аўтааварыі, і якую ўжо на аперацыйны стол паклалі толькі дзеля сумлення.

Міклуш спыніўся. Мужчына акінуў хірурга поглядам з ног да галавы. Здаецца, намагаўся пазнаць. Але тут з каруселі да мужчыны падбегла дзіця, і яны, ўзяўшыся за ручкі, пакрочылі да выхаду, дзе чакала шыкоўная аўтамашына.

Міклуш глядзеў услед, пакуль аўтамабіль не знік з вачэй. Потым пайшоў.

Катанне на каруселі зняло стрэс. Хтосьці з заходніх псіхолагаў у нейкім медыцынскім часопісе раіў менавіта такім чынам пазбаўляцца ад нярвовага напружання. Дзеці таму і нярвова здаровыя, што пазбаўлены шматлікіх “дарослых” комплексаў, гуляюць у свае дзіцячыя забавы, якія праганяюць смутак, шэрасць дзён і дораць радасны настрой. А імпазантным дзядзечкам з партфелямі ў руках комплекс імпазантнасці не дае паганяць мяч на двары або пагуляць у пікара, каб расслабіцца. Яны вымушаны наведваць рэстараны, паліць тытунь, ужываць алкаголь. І ў выніку такога зняцця стрэсу салідныя мужчыны зарабляюць часцей інфаркт. Дарэчы, акрамя каруселяў, заходні псіхолаг раіў спрабаваць гульню “ў класікі” і скокі са скакалкай па дажджавых лужынах.

Палёгка аказалася часовай.

Праз рукі Міклуша праходзіла шмат розных хворых. Але вось тая, што загінула ў аўтакатастрофе, не выходзіла з галавы. Маладая, прыгожая, у самым саку. Гэта і псавала настрой. Бо жыла ў душы ўпэўненасць, самі можам у любы момант памерці. Ці многа чалавеку трэба, каб зямная камандзіроўка заўчасна скончылася? Як хірург, Міклуш ведаў адказ. Ведаў і баяўся, аднойчы сабе давядзецца назаўжды пакінуць свет. Што настане тады? А гады ляцяць быццам імгненні-секунды, і нічога вартага не адбываецца ў жыцці, што не сорамна будзе паказаць на тым свеце. А ў той свет Міклуш верыў. Верыў больш, чым у гэты, і баяўся смерці, хоць змагаўся з ёй штодзень.

Міклуш крыўдаваў на жыццё, якое так кепска распараджаецца з людзьмі. Добрыя гінуць, а благія жывуць па сто гадоў і кіруюць светам. Чаму? Наіўнае пытанне. Рытарычнае. Адказ вядомы ўсім – адказу проста няма.

“Дзе Боская справядлівасць?” – ледзь не ўскрыкнуў Міклуш і раптам спыніўся.

Нібыта зверху пачуўся голас “А хто ты?”.

Міклуш патрос галавой. На галюцынацыі раней ён не пакутваў, на шызафрэнію таксама. Ён азірнуўся і вырашыў, што падалося.

Голас не знік, а ласкава-лагодным тонам пачаў пытацца, ці жыве свет па Боскіх законах? А сам Міклуш уласна кіруецца ў жыцці святымі запаведзямі?

Голас настойліва прасіў паказаць хоць адзін прыклад выканання Міклушам Боскіх запаветаў.

Міклуш з адказамі не спяшаўся. І зусім не таго, што паказаць, прывесці прыклад не было з чым. Проста ён з жахам зразумеў, што ніколі не ведаў тых самых Боскіх запаведзяў. Ды і навошта крывадушнічаць, ён столькі пражыў, а ніколі не цікавіўся законамі Творцы сусвету.

Голас здзекліва рассмяяўся над вухам і параіў адзінае выйсце. Раз не жывеш Божым Словам, шукай справядлівасць у таго, чыіх законаў трымаешся. Справядліва? Справядліва. Калі свет не жыве па законах, запаведзях Божых, няхай звяртаецца ў пекла і патрабуе справядлівасці і праўды ў д’ябла.

Голас змоўк.

Міклушу зробілася страшна.

Неўзабаве ён спыніўся перад прыгожым будынкам, выкладзеным з чырвонай цэглы. На ўваходзе быў намаляваны крыж, а на дзвярах вісела прыбітая цвікамі шыльда “Царква евангельскіх хрысціян баптыстаў”.

Міклуш зробіў некалькі глыбокіх уздыхаў. Раптоўна захацелася некуды схавацца.

І ён нясмела пагрукаўся у дзверы…

* * *

Напісаць літары Андрэю так і не ўдалося. Зацягнула багна розных спраў.

Пятнічным вечарам, калі ў баптыстскім малітоўным доме адбываюцца набажэнствы, Андрэй зазбіраўся ў царкву. Ён завітаў у малітоўны дом, зірнуў адразу на катэдру і з палёгкай усміхнуўся. На бялюткай сцяне пад самай столлю віселі літары “Бог ёсць Любоў”.

Андрэй па-мастацку ўважліва разгледзеў высокія распісныя літары, кожная памерамі з ліст ватмана, і не знайшоў ніводнага недахопу.

Наблізіўся пастар – саракагадовы мужчына ў акуратным касцюме і з лагодным тварам.

Яны павіталіся.

– Памятаеш, казаў пра дачку школьнага сябра, якая афармляе камерцыйныя вітражы? Яе рук справа.

– Здагадаўся, – адказаў Андрэй. – Рука прафесіянала бачыцца адразу.

– Таленавітая дзяўчына. Вельмі таленавітая, – запэўніў пастар. – Шкада, днямі з’язджае за мяжу, у Еўропу.

– Нічога не папішаш, – развёў рукамі Андрэй. За спінай нехта падышоў.

– А вось і яна, – усхапіўся пастар. – Андрэй, пазнаёмся. Андрэй азірнуўся і…

– Волечка, гэта наш мастак, – звярнуўся пастар да дзяўчыны. У Андрэя затахкала сэрца, і ён адчуў, што моцна пачырванеў.

Перламутравыя рукі, мармуровы твар, крыштальныя вочы і ў іх арктычны лёд. Тая самая дзяўчына з хаўтур новых рускіх.

Перейти на страницу:

Похожие книги