Як тлумачылі сябры жанчыны, машына саскочыла ў абочыну, зрэзала некалькі маладых дрэўцаў і ўпялася ў досыць аб’ёмістую сасенку. Удар пераламіў апошнюю.
Пацыентка ехала не прышпіліўшыся. Гэта ўжо мінус. Падзенне таўшчэзнага дрэва прыйшлося на вадзіцельскае месца. Яшчэ адзін мінус. Медыцына не матэматыка, мінус на мінус параджае яшчэ горшы мінус. Як не круці.
Адзінае, што мог зрабіць Міклуш, сабраць па часцінках заднюю частку чэрапа і зашыць, каб сябры пацыенткі не хваляваліся.
– Закон бутэрброда – падаць маслам уніз, – працягваў хірург. – Чаму, калі дрэва падае пад час аварыі, дык абавязкова на месца вадзіцеля?
– Сапраўды шкада маладзіцу. Жыла б, дзяцей гадавала.
– Ніколі не ведаеш, адкуль што зваліцца на галаву.
Міклуш наклаў апошні шоў. Задумліва паглядзеў на жанчыну. Эх, каб не дурная аварыя… Пры іншых абставінах ён бы абавязкова прапанаваў ёй сустрэчу.
Бландзінка. Стройная. Прыгожая. Сэрца пацыенткі ёкнула і замаўчала. Сустрэча адмяняецца.
Вечарам Міклуш вярнуўся дадому. Усеўся на канапу, уключыў тэлевізар. З галавы не выходзіла аперацыя. У Міклуша быў адзіны шанц выратаваць нябожчыцу. Ён скарыстаў мажлівасць, але… “Чаму заўжды здараецца ТАК?” – ледзь не выкрыкнуў Міклуш. І адказу не знайшоў.
Увайшоў Янусь. Павітаўся.
– Як прайшоў дзень, брат? – задаў ён пытанне, усеўшыся побач.
І тады Міклуш усё расказаў: і пра аперацыю, і пра пацыентку, і пра яе сяброў, і пра прыгажосць маладых дзяўчат, і пра тое, як цяжка, калі атрымліваецца бязглуздзіца ў жыцці – смерць надыходзіць так неспадзявана і непрыкметна, як сёння. Быццам і паратунку ад яе нідзе няма.
– Іранічная сарцавіна сітуацыі – на дарозе ляжала цагліна, – прыкра прамовіў Міклуш. – Уяўляеш, Янусь? Сябры маёй пацыенткі-нябожчыцы распісалі ў дробязях аварыю. Нейкі дурань пакінуў на дарожным палатне цагліну. Чырвоную, звычайную. Уяўляеш, брат? Хіба гэта не абсурд?
Янусь нічога не адказаў. Ён намагаўся схаваць узніклую занепакоенасць. Нейкая сіла сціснула грудзі. Раптоўна прымроілася лясное возера-балота з горкай чорнай паверхняй, якая гайдалася канцэнтраванымі коламі-хвалямі.
Ён падняўся з канапы і пасунуўся ў свой пакой, не разумеючы ўласныя душэўныя пачуцці. Мо гэта і называецца натхненнем?
Янусь уключыў камп’ютар і пасля хвілінных разваг прыняўся набіваць тэкст…
“Труна – 5000 долараў, месца на могілках – 200, жалобны стол – 1000, арэнда памяшкання – 70…” – вусны таўстуна ў шыкоўным чорным касцюме зашавяліліся ў аб’ектыве, і Андрэй пстрыкнуў “Кодакам”.
“Жывуць жа людзі”,– падумалася фатографу, спецыяльна запрошанаму здымаць пахаванне Лідусі.
Ён перавёў камеру ў бок гасцей, зафіксаваў накрыты стол і пачаў “шукаць твары”.
Кадры атрымліваюцца не штучнымі, калі ніхто не звяртае ўвагі на фотамастака. Тады ў здымках ёсць сіла, яны жывуць.
Андрэй любіў сваю справу і зарабляў ёй на жыццё. Вяселле, хрэсьбіны, хаўтуры – усё распісвалася па сюжэтах. Даўно вядомых, звыклых. Нявеста распісваецца ў ЗАГСе – пстрык! Жаніх надзяе заручальны пярсцёнак – пстрык! Госці віншуюць маладзёнаў – пстрык! Галоўны кадр – першы пацалунак… Святар хрысціць дзіцятка – пстрык! Віншуе бацькоў с хрэсьбінамі – пстрык!.. Труна з нябожчыкам стаіць на катафалку – пстрык! Ля выратай яміны – пстрык! Надмагілле з надпісамі “Шаноўнай, шаноўнаму (патрэбнае падкрэсліць)” – пстрык! Прамоўца на жалобе – “Кастлявая рука смерці вырвала з нашых радоў…” – пстрык!
Андрусёва камера няўмольна фіксавала ўсе праявы чалавечай душы: пакуты і боль, смутак і журбу, каханне і шчасце, любоў і радасць.
А паміж кадрамі Андрэй “шукаў твары”.
Яго цікавілі эмоцыі. Сапраўдныя пачуцці, не прыкрытыя маскамі абавязковасці. Звычайна пачуцці і выраз твару падрыхтоўваюць загадзя, трэніруюцца перад люстэркам, каб на вясельнай цырымоніі ўсмешка атрымалася прыгожай, а не здзеклівай, каб скрозь спачувальны выраз твару на пахаванні не праявілася знарок зларадства. Кожнай цырымоніі – свой твар. Госці загадзя ведаюць, калі будзе “пстрык”, і рыхтуюцца, каб адбітак іх твару на здымку адпавядаў атмасферы мерапрыемства.
Паміж пстрыкамі хаваюцца сапраўдныя чалавечыя твары. Іх Андрусь здымаў выключна для сябе, уласнай калекцыі. І часцяком бачыў у аб’ектыве больш за іншых людзей.
Вольга – бліжэйшая сяброўка няшчаснай Лідусі, сядзела быццам накрухмаленая. Бледная нібы фарфор, страшэнныя цені пад вачыма, яна адрознівалася ад нябожчыцы толькі тым, што зрэдку варушылася – разпораз вынімала цыгарэты з мятага пачка “Салем” на стале і паліла бясконца доўга, быццам сабралася перавесці на свеце ўвесь тытунь. Дзіўная рэч – Вольга не міргала. Ашклянелымі вачыма ўзіралася ў бясконцасць, недзе перад сабой. Падобныя перламутру хударлявыя рукі падносілі да мармуровага твару запаленую нікацыянавую амбру, і чорнага колеру вусны пускалі дым.