Ягадка. Якія песні?

Кічкайла. Ужо не прыпомню…

Ягадка. А вы ўспомніце, успомніце!..

Кічкайла. Гэта так важна?

Ягадка. А як жа? Адразу стане зразумела, які характар насіла ваша ігрышча.

Кічкайла (выцірае лоб). Здаецца… «Черные глаза».

Ягадка. Напэўна, вы хацелі сказаць «Очи черные»?

Кічкайла. Во-во, іменна гэту!

Ягадка. А вы што, іншых песень не ведаеце? Скажам, «Падмаскоўныя вечары» або «Карабейнікі»? «Очи черные» — гэта ж любімая песня нэпманаў і ўсялякай белагвардзейшчыны! А вы — член партыі, старшыня фабкома. Ці не памыліўся калектыў, вылучаючы вас на гэтую пасаду?

Кічкайла. Напэўна, памыліўся. Напэўна.

Ягадка. Скажыце, таварыш Кічкайла, гэта праўда, што вы там цыгана з сябе строілі?

Кічкайла. Строіў…

Ягадка. Пад Слічэнку, значыць, працавалі?

Кічкайла. Не… Я так… Сам па сабе…

Ягадка. Арыгінальны жанр, так сказаць?.. Дзе вы ўзялі цыганскі касцюм?

Кічкайла. У клубе, у самадзейнасці… Я там калісьці Алека іграў…

Ягадка. І нож у зубы бралі?

Кічкайла (выціраючы лоб). Ага, браў…

Ягадка. Навошта?

Кічкайла. Не ведаю…

Ягадка. Кіньце, так не бывае! Дарослы чалавек і раптам не разумее, што ён робіць і навошта. Вы былі п’яны?

Кічкайла. Ды не!.. У мяне ж парок… Я толькі «Гамзу» і «Рыслінг»…

Ягадка. Хм… Усё ж навошта вы пераапраналіся ў цыгана і бралі ў зубы нож?

Кічкайла (прыціскаючы рукі да сэрца). Дальбог, не ведаю! Зацямненне нейкае найшло… Пажартаваць хацеў…

Ягадка. Нішто сабе жартачкі! Вы ж сказілі вобраз савецкага цыгана і кінулі цень на ўвесь працалюбівы, таленавіты цыганскі народ! Яны што — з нажамі па вуліцах ходзяць? Людзей рэжуць?

Кічкайла (выціраючы лоб і шыю). Што вы! Не…

Ягадка. Дык навошта вы іх так паказваеце? З якой мэтай?

Кічкайла. Без мэты… Я ніколі нічога такога… Ніхто вам пра мяне благога слова не скажа. Вось вы спытайце пра мяне ў дырэктара…

Ягадка. З вашым дырэктарам у мяне будзе гутарка асобная. А цяпер я хачу высветліць, навошта вы, прафсаюзны кіраўнік, зрабілі карыкатуру на савецкага цыгана?

Кічкайла. Я не рабіў карыкатуры!

Ягадка. Значыць, не рабілі? А як вы дакажаце гэта? Вось што… Зараз вы мне пакажаце, як гэта было.

Кічкайла. Як паказаць?

Ягадка. Проста. Я зачыню дзверы, каб сюды ніхто не ўвайшоў. А вы будзеце строіць з сябе цыгана, як тады, у той вечар. Павінна ж я разабрацца, з намерам вы рабілі гэта ці без… (Ідзе да дзвярэй, зачыняе іх.) Пачынайце…

Заслона

<p>Карціна сёмая</p>

Кабінет дырэктара. Якаў Фаміч, расшпіліўшы каўнер і адпусціўшы вузел гальштука, ходзіць па пакоі. За сталом Варвара Феафілаўна Ягадка.

Якаў Фаміч. …Хочаце вы гэтага ці не, але выходзіць іменна так. З паклёпнікам вы цырымоніцеся. А дырэктар фабрыкі — свой чалавек! З ім можна і не лічыцца. Не пакрыўдзіцца. Не мае права! А паклёпнік можа не толькі пакрыўдзіцца, але і паскардзіцца! Турботаў не абярэшся! Крыўдна…

Ягадка. Юрыдычна яго паклёпнікам не назавеш. У многім яго сігналы пацвярджаюцца!..

Якаў Фаміч. У чым пацвярджаюцца? Што нашы цацкі яшчэ кепскія? Дык мы ж самі на кожным сходзе за гэта адзін аднаму горла грызём!.. Ён ніводнага сходу не прапускае. Сядзіць, слухае і ўсё — у блакноцік, у блакноцік! А потым сігналіць ва ўсе інстанцыі, і адусюль камісіі. Мяне за апошні час дванаццаць камісій правярала. Вы — трынаццатая… Ператварылі мяне ў нейкага зламысніка! Вось сяджу тут, у гэтым кабінеце, і ўвесь час думаю, як бы больш нашкодзіць сваёй роднай дзяржаве! Дык ёсць жа вельмі простае выйсце — здыміце зламысніка. Ізалюйце яго ад грамадства!

Ягадка. Я разумею вас, Якаў Фаміч… Вы нас таксама павінны зразумець. Адразу ж, з ходу не раскусіш — нягоднік напісаў пісьмо або сумленны чалавек. Сігнал ёсць сігнал. І калі ў ім хоць адзін працэнт праўды, мы абавязаны праверыць. І карысць ад гэтага будзе…

Якаў Фаміч. Карысць?! Каму? Камісіі адрываюць людзей ад работы, траўміруюць людзей, выкідаюць у трубу процьму дзяржаўных грошай. Калі падлічыць усе гэтыя матэрыяльныя страты — тры такія фабрыкі, як наша, можна пабудаваць! Вось што такое Салавейчык! А маральныя страты? Як іх падлічыць, на якіх вагах узважыць?.. Вы думаеце, як пойдзеце, я змагу працаваць? Не… Я ўжо да канца дня выбіты з каляіны. Хаця, як бачыце, стараюся трымацца спакойна. Нават усміхаюся вам…

Ягадка. Выходзіць, ніякі кантроль вам не патрэбен? Самі з вусамі?

Якаў Фаміч. Э не, Варвара Феафілаўна! Я за самы строгі кантроль! Найстражэйшы! Кантроль — гэта ў нейкім сэнсе дысцыпліна. Але разумны!..

Ягадка. Значыць…

Якаў Фаміч. Калі мяне правяраюць восем, дзесяць разоў па адной і той жа справе, то, прабачце, як гэта можна назваць?

Ягадка. Крытыка…

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги