Салавейчык. Ды ну? А што вы казалі на таварыскім судзе, Рагнеда Іванаўна? Хвілінку!.. (
Божашуткава. Паслухайце, грамадзянін Салавейчык!..
Салавейчык. Ну вось бачыце… Я ўжо стаў грамадзянінам Салавейчыкам. А яшчэ зусім нядаўна я быў для вас проста Грыша…
Божашуткава. Так, я гэта гаварыла, не адмаўляюся. Вы правільна запісалі, Салавейчык. Не наблыталі. Я гаварыла толькі для таго, каб выратаваць вас! Выратаваць ад турмы! Але ж вы на таварыскім судзе публічна ва ўсім прызналіся! Прызналіся і шчыра раскаяліся! Хіба не было гэтага?
Салавейчык. Фантазія!
Божашуткава. Як?.. Гэта ж усе чулі!
Салавейчык. Што чулі? Што я чытаў? Дык я ж чытаў тую прамову, якую вы для мяне напісалі! Не гаварыў, а чытаў. Чаму я павінен адказваць за тое, што хтосьці штосьці напісаў? Хто напісаў, той няхай і адказвае!
Божашуткава. Гэта ж подла, грамадзянін Салавейчык!
Салавейчык. Нядобра так лаяцца, Рагнеда Іванаўна. Непрыгожа. Узяліся мяне выхоўваць, а самі нядобрымі словамі лаецеся, вучыце мяне подласці. Пісьмовую хлусню падмацоўваеце гербавай пячаткай. І выказваеце нездавальненне маім маральным воблікам.
Божашуткава. Так… Цяпер я раскайваюся.
Салавейчык. У чым? Ну, дапусцім, вы манілі міліцыі, пракуратуры з высакароднай мэтай. Дапусцім… Хаця, вядома, гэта вас не ўпрыгожвае… Дапускаю, што на таварыскім судзе вы таксама пакрывілі душой з высакародным намерам. Гэта зноў-такі не ў вашу карысць. Не ўпрыгожвае ваш маральны воблік…
Божашуткава. Грамадзянін Салавейчык! Я вас папрашу не забывацца!
Салавейчык. Не, паважаная Рагнеда Іванаўна, забываецеся вы, а не я. Хто вас цягнуў за язык у мяне на імянінах? Хвілінку! (
Якаў Фаміч (
Божашуткава. Пачынаю…
Якаў Фаміч. Дакаціліся! Тосты за сталом на сяброўскай вечарынцы пачалі па паперках гаварыць! Ведаеце, што сказаў пра гэта таварыш Пётр Першы?
Божашуткава. Я ж хацела, каб лепш… Арганізавана.
Якаў Фаміч. «Арганізавана»! Хутка ў сям’і будзем арганізаваныя папяровыя прамовы гаварыць, каб перад дзецьмі глупства не ляпнуць!.. Кічкайла! Узніміце на ногі ўсіх юрыстаў у горадзе. Знайдзіце любы артыкул, любую прычыну, каб неадкладна, зараз жа выгнаць яго з фабрыкі!
Кічкайла. Якаў Фаміч! Ён жа нас па судах зацягае!
Якаў Фаміч. У суд пойдзеце вы і… таварыш Божашуткава!
Кічкайла. У такім разе хачу зрабіць адну заяву. Прыміце да ведама… Калі мяне ўпякуць у турму за наўмыснае забойства, прашу не пакінуць маіх дзяцей.
Якаў Фаміч. Добра. Дзяцей не пакінем. Гэта я вам гарантую.
Карціна шостая
Ягадка. Чым вы яго хацелі ўдарыць?
Зойка. Бутэлькай…
Ягадка. Пустой ці поўнай? Калі пустой, гэта яшчэ паўбяды. А вось калі поўнай — гэта ўжо замах на жыццё чалавека!
Зойка. Здаецца, поўнай… Але ж я не ўдарыла яго, а толькі замахнулася.
Ягадка. Не хапала яшчэ, каб вы яму чэрап праламалі! У такім разе вы сядзелі б не перада мной, а перад следчым па крымінальных справах. (
Зойка. Я?
Ягадка. І вы, і іншыя.