Карчмар з ліхтаром праводзіў гасцей за парогу. Лісліва ўсміхаўся, гнучыся ў поясе, прапанаваў начлег з ложкамі з сёлетнега, духмянага, наймякчэйшага сена ў пуні.

— Нічога, — адмахваўся Раман, — нічога, у замку пераначуем, не заблукаем.

Карчмар наўздагон пужаў балотнымі панамі, што падхопяць пьянюкоў ды будуць гойсаць па балоце да свету, патопяцца ў дрыгве, як каровы, ці павіснуць на шуле варот на смех усяе акрузе.

Але хутка яго прароцтвы занурыліся ў далечы.

Ноч шапацела, адзывалася салоўкамі, пяшчотна пахла шыпшынай, якая тут цвіце аж да верасня. Ноч, не зваджаная ліхтарамі, круціла на Зорным Коле неабсяжнае неба.

Але раптам і салоўку, і рыпенне цыкад, і шалахценне вільготнай роснай травы змянілі дзіўныя гукі, быццам у тумане, што курыўся на поплавах, бразгала і лязгатала нешта неадпаведнае.

— Цягнік? Танкі лязгочуць?

— Вусенямі, — зарагатаў Уладзімір. Адась пастукаў сябе па ілбе. Раман няўцямна перавёў позірк з аднаго на другога і прыслухаўся.

Нешта сапраўды кацілася да іх, пэўна, вялікае і варожае. Трава хрумсцела. І раптам з туманоў вылануўся вялікі мажны заяц, абцяжараны мехам, вялікай драўлянай лыжкай і пустым чорным саганом. Заяц ляцеў, ускідаючы азадак, як напужаны конь, цяжка дыхаў, і вушы віліся за ім, як харугвы.

А далей з галёканнем, са смачным чвяканнем капытоў, узрываючых траву, неслася шляхетная хеўра. Чугі, вялеісы, вырачанныя вочы вершнікаў… конскія храпы, з якіх ападала пена… Усё было дастойна пэндзля Босха ці Брэйгеля-старэйшага, а то й абодвух разам.

— Сто-ой!

Заяц схаваўся за пана Адася, той — за Ўладзіміра, а капыты стаўшых дыбарам коней узляцелі ў непасрэднай блізасці ад яго галавы.

— Стой, кажу!

Капыты апалі, ўзараўшы зямлю, разам з імі ачахлі агеньчыкі, што прабягалі па плашчох і грывах, азорвалі вершнікаў, блакітная і зялёнае балотнае святло знікла. Вочы коней перасталі палымнець чырвоным.

Жарабец галоўнага лыцара спрабаваў укусіць Уладзіміра за плячо, але атрымаў па пысе і цяжка, сарамяжліва уздыхнуў.

Вершнік ягоны — небывалай красы мужчына, у светлых валасах якога блытаўся месяц, а вочы былі сіней беларускіх азёр, — целяпнуў доўгімі веямі, нацягваючы повад. Яго бровы ўзляталі да скроняў, плечы былі шырокія, а клубы вузкія. Седзячы верхам, ён здаваўся амаль волатам, а й так аказаўся не ўломкам, ростам хіба крыху ніжэй пана Ўладзіміра.

Хеўра цягнула з похваў шаблі. Чарнявы, худы, схожы с цыганам замахнуўся.

— Іра, стой! Гэта наш заяц.

Уладзімір нахабна нахіліў галаву да пляча:

— А чым дакажаш?

— Ён нам піва варыць абяцаўся! Саган узяў, мех ячменю ды соладу ўзяў, дык яшчэ й лыжку слямзіў, крахабор!

— Твой саган?

— Анягож! На ім і клейна ёсць. Паходню, Іра!

Яны ўтрох утаропіліся ў дно сагана. Рымша прытрымаў зайца.

— Ну добра, на сагане клейна ёсць, — пагадзіўся Ўладзімір. — А на зайцы?

Падцягнуў таго за доўгія вушы. Заяц звесіў лапкі і замружыўся, прыкідаючыся нябожчыкам.

— Ну? Дзе на ім клейна?

Хеўра чухала патыліцы. Ляскат ад шаломаў несся, як ад званоў у Вільні на Вялікдзень ці яшчэ якое вялікае царкоўнае свята.

— Значыць, нічый заяц. То будзе наш. А саган ды мех з зернем забірай, мы сабе новыя справім.

Курэлі туманы, дастаючы ўжо добра да поясу пешым і коням па жывот.

— Заяц істота вольная. Сам можа выбраць, з кім ісці.

— Ён вінен мне піва, — цяжка зірнуў рыцар.

— А сярнічкі ты яму даў, Гера?

Раман рассмяяўся.

— Даў — што?.. Як ты мяне назваў? — уздыбіўся светлавусы прыгажун.

— Гервасій з Вылівах, герб «Чапля», адарвірог, бабнік, гумарыст чортаў, рагачоўскую раду з хеўрай сваёй перетварыў у статак галінастых аленяў, мог бы і сам, не на шмат болей часу б адняло… — здзекваўся Ўладзімір. — да дзевак і коней ласку маеце, а яшчэ…

Ён зрабіў эфектную паўзу.

— Са Смерцю ў шахматы згуляеш і каня ў яе… хм… пазычыш. Шахматнага, зразумела.

— Адкуль ты ведаешь ўсё? Ты чаклун?

— Бяры вышэй, — Уладзімір узняў падбародак. — Я твой бацька!

Тут Раман зарагатаў так, што заяц заенчыў і шуснуў у траву. Только вушы трымцелы, тырчучы над быльнягом. Адась штурхнуў Рымшу кулаком у бок.

— Дык ты ж памёр, — разгублена сказаў Гервасій.

Уладзімір развёў рукі:

— З кім не бывае!

— Дык цябе адпусцілі?!

— Ну…

— Ты б маніў ды не завіраўся, — страшэнным шэптам звясціў Адась, прыўстаўшы на мыскі, каб пэўна дацягнуцца да сябрава вуха.

— Чыстую праўду кажу! Я ж яго нарадзіў… некаторым чынам.

Ён паляпаў Гервасія па плячы:

— Звыкай.

— Бацька… э… мну…

Хеўра прыгаломшана маўчала.

— А як ты ўцёк?

— Мяне выгналі! І казалі, каб я цябе перавыхваў, бо як памрэш, ад цябе ў апраметнай усім млосна будзе. Па-першае, шыпшыну туды пранясеш, і яна азорыць месца, дзе толькі цемра і скрыгат зубоўны… Па-другое, не даш павесіць насы спадарожнікам, чым перавозчыка законнай ежы пазбавіш. Па-трэцяе, абразіш вялікага расейскага цара Івана, што з атручанымі жонкамі на хрыбціне там лётае, сваімі прыязнымі да слабога полу стасункамі. Ну й дзе шчасце й смех, там Смерці млосна.

— Дык ты мяне агнусекам Божым парабіць хочаш ці дэвоткай касцёльнай?

Уладзімір зароў:

— Я што, дурны?!

Палашчыў зайца па доўгіх вухах.

— Абнімемся, сыне!

Перейти на страницу:

Поиск

Книга жанров

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже