Але, магчыма, ён ўсё-ткі дазволіць пану доктару выйсці супраць сябе на шляхецкі двубой.

<p>РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ</p><p>ЯК ЛЁДНІК І ПРАНЦІШ З НЯПТУНАМ ЗНАЁМІЛІСЯ</p>

Мора пахне не рыбай, не ёдам, не гнілымі водарасцямі і новымі манетамі, як сцвярджаюць купцы, якія прыязджаюць у вольнае партовае места.

Мора пахне невядомасцю. Ад якой салодка і трывожна шчыміць у грудзях, і апаноўвае туга па далёкіх краінах і жах перад халоднай зялёна-шэрай безданню, у якой жывуць сваім неверагодным жыццём гіганцкія пачвары, халодныя і склізкія.

Гэта ўлетку, калі аблокі падобныя да бяскрыўдных беленькіх авечачак, марская глыбіня сіняя, блакітная, празрыстая… А ў лістападзе, калі хмары нагадваюць прывідных цмокаў, і не кожны карабель наважыцца падставіць ветразі мокраму салёнаму ветру, смерць выглядае зялёна-шэрай, а часам яна і колеру атраманту…

Цяпер хвалі былі сталёвага, сярдзітага, адцення.

Гданьскія караблі з аголенымі мачтамі ціснуліся да прычалу, іх ветразі, здавалася, скурчыліся ад холаду, як пялёсткі, велізарны грузавы кран па мянушцы Журавель на ўзбярэжнай прастойваў без працы, нават чаіцы перасталі гарлаць… Мора білася аб камень, як угневанае сэрца.

Пан Гервасій і панна Паланэя з гэтай нагоды не дужа нерваваліся, бо лепей было ім зараз не выпраўляцца ў шлях — абодва перхалі, як рагачоўскія бабы ў царкве, калі жадаюць вылечыць ад кашлю авечак, насы нешляхетна пачырванелі, вочы слязіліся… Тое, што Лёднік прымушаў кожную гадзіну піць карысны лекавы адвар, не бяда — кепска, што доктар пры гэтым гаворыць і што напісана на ягоным твары.

А напісана няўхвальнае: паны — дзеці горкія. Разбэшчаныя і неразумныя. Ладна, каб застудзіліся, на зямлі начуючы, у непагадзь блукаючы… А то — дарваліся палацавыя пестуны да італьянскіх лёдаў! І адзін перад адным налягалі срэбнымі лыжачкамі… Модная страва! Што за баль без лёдаў… З фісташкамі, цытрынай, цынамонам… У выніку — у горле болькі, у носе — вада…

Дом на Длугім Таргу, дзе паны пасяліліся, быў варты магнатаў. Лёкаі ў напудраных парыках, парцаляна, італьянскія карціны — ясна, у мясцовых банкіраў і для Багінскіх, і для Радзівілаў меліся рахункі. Пранціш зноў адчуваў сябе не на сваім шастку. Лёднік бурчэў, што нічога-не-рабленне для мыслячага чалавека горш за іржу ў механізме. Сам пабег па мясцовых навукоўцах — і ад дыспутаў, у якіх вучоныя мужы з дапамогай вытанчаных дэфініцый раскатвалі адзін аднаго таненька, як цеста на наліснік, ажно расцвітаў, як гішпанская ружа. Выкупіў для чагосьці на апошнія грошы атлас знакамітага гданьскага астранома Яна Гевелія з сузор’ямі — прыгожы, вядома… Але куды такую таміну валачы за мора? Вырвіч аддаваў перавагу іншаму вынаходніцтву пана Гевелія — цудоўнаму моцнаму піву, якое называлася ў гонар вучонага пана. Так і мусіць дасведчаны чалавек жыць — зарабляць на жыццё, варачы піва, а ў вольны час назіраць зоры! Сам Вырвіч па дажджліва-ветранай дарозе ў карчомку толькі са зласлівай радасцю паглядаў на каменныя выявы, якія ўпрыгожвалі фрыз суседняга дома, называнага Ільвіным Замкам: фігурыстыя дамы Граматыка, Арыфметыка, Рыторыка і Геаметрыя болей не схопяць за вуха і не пацягнуць на асліную лаўку. Хай сабе мокнуць пад восеньскай залевай.

Пан Гервасій на дзіва не лекаваўся гарэліцай. Напачатку, вядома, заваліўся ў рэстарацыю «Пад ласосем», пакаштаваў знакамітай «залатой вады» — гарэлкі з дадаткам сусальнага золата, трохі посуду пабіў… Але як застудзіўся, валяўся сабе на канапе, нешта запісваў у зялёны нататнічак ды паўтараў пану Палонію Бжастоўскаму наконт таго, што той павінен выхоўваць у сабе мужнасць, і надта падобны да дзеўкі.

Каб быў гэта хто іншы, а не Амерыканец, Вырвіч западозрыў бы, што пан раскрыў сапраўдную сутнасць хлапчыскі Бжастоўскага. Панна Багінская нават стамілася аджартоўвацца, а часам проста счаплялася з панам Агалінскім, як Лёднік на дыспуце з менш прагрэсіўнымі калегамі, і іхнія сваркі Пранціша дужа радавалі. Бо на яго самога панна Багінская асабліва ўвагі не звяртала, хоць Пранціш і так, і гэтак намагаўся завязаць размову, намякнуць, што не можа забыцца на абдоймы ў тамашоўскай вязніцы ды пацалункі ў доме за Дамініканскім касцёлам, няхай і з прысмакам атруты. Але князёўна ўсім выглядам паказвала, што для яе гэта не значыла нічога. Гэтак каралевы ад нудоты дапускаюць да інтымных жартаў блазнаў ды лёкаяў. Панна знайшла іншую цацку: чаплялася да доктара, як дзядоўнік за крысо, з просьбай паказаць яшчэ што-небудзь… Гэткае… А прадметы пан доктар можа рухаць? А рабіцца нябачным? Майстэрствам адводзіць вочы авалодваюць жа нават вясковыя ведзьмакі! А як выглядае філасофскі камень? Ці праўда, што пан Лёднік яго знайшоў? А як наконт сувязі з сільфідай?

Калі ж гаворка заходзіла пра прадказанні і гараскопы — ну не будзе гэта вялікім грахом, дарагі пан Баўтрамей, скласці мале-енечкі такі гараскопчык для адной добрай высакароднай асобы — Лёднік сціскаў зубы і рэтыраваўся, як Генрых Валуа з польскага трону. Моўчкі і раптоўна.

Перейти на страницу:

Похожие книги